Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Мітрапаліт Кандрусевіч прыняў удзел у пленарным пасяджэнні Кангрэгацыі па справах Духавенства
Святы Айцец
18.03.2009 20:54

З 16 па 18 сакавіка 2009 г. у Ватыкане адбывалася пленарнае пасяджэнне Кангрэгацыі па справах Духавенства на тэму «Місійная самасвядомасць святара ў аспекце выконвання трох яго абавязкаў: навучаць, асвячаць і кіраваць», у якім таксама прымаў удзел Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

У сустрэчы прынялі ўдзел каля 30 кардыналаў, арцыбіскупаў і біскупаў. У першы дзень удзельнікаў пасяджэння прыняў Святы Айцец Бэнэдыкт XVI. Падчас гэтай аўдыенцыі Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі перадаў Папу першае выданне Дакументаў ІІ Ватыканскага Сабору на беларускай мове.

Ва ўступнай прамове старшыня Кангрэгацыі па справах Духавенства кардынал Клаўдзіу Хумэс падкрэсліў, што «ў сучасным свеце існуе вялікая патрэба місій як „ad gentes“ (там, дзе Евангелле яшчэ не абвяшчалася), так і сярод народаў, дзе Касцёл ужо даўно існуе».

Святы Айцец падчас пасяджэння, асаблівым чынам падкрэсліў, што «місія святара рэалізуецца ў Касцёле, таму яна павінна мець касцёльны, супольны, іерархічны і дактрынальны характар: касцёльны — бо святар абвяшчае не сябе, але Бога; супольны — бо рэалізуецца ў касцёльнай супольнасці; іерархічны і дактрынальны — бо заклікае да захоўвання касцёльнай дысцыпліны, а таксама да дактрынальнай, тэалагічнай, пачатковай і сталай фармацыі святара».

Каб дапамагчы святарам у фармацыі да місійнай самасвядомасці, Пантыфік і абвясціў наступны год Годам святарства.

Удзельнікі пасяджэння звярнулі асаблівую ўвагу на сітуацыю пакліканняў у розных краінах і кантынентах: колькасць іх павялічваецца, але не паспявае за ростам колькасці насельніцтва, таму святароў усё больш не хапае.

Пытанне цэлібату таксама абмяркоўвалася дастаткова актыўна, пры гэтым адзначалася, што яго захаванне дазваляе святару цалкам прысвяціць сябе служэнню людзям. Бяспрэчным застаецца і захаванне літургічных нормаў святарамі, бо літургія з’яўляецца праявай місійнай дзейнасці Касцёла.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч у сваім выступленні адзначыў асноўныя рысы і асаблівасці душпастырскай працы на Беларусі, акрэсліў праблемныя пытанні, якія датычаць святарства ў краіне.

«Афіцыйна Беларусь не з’яўляецца місійнай краінай. Хрысціянства існуе тут на працягу многіх стагоддзяў, мае багатую і ў той жа час трагічную гісторыю: 70 гадоў пераследаванняў разбуралі і знішчалі  Касцёл, веру і хрысціянскія традыцыі», — адзначыў Мітрапаліт напачатку сваёй прамовы.

Кажучы пра некаторыя складанасці, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч адзначыў: «Адной з галоўных  праблемаў святарства ў Беларусі з’яўляецца невялікая колькасць саміх пастыраў. Другая — іх малады ўзрост (...). Адсюль — выпадкі, калі святарства становіцца выключна прафесіяй, працай, а не пакліканнем».

Арцыбіскуп расказаў членам Кангрэгацыі пра пэўную частку працы, здзейсненую Каталіцкім Касцёлам у Беларусі за апошнія гады. Так, цяпер штомесяц арганізуюцца сустрэчы для святароў з мэтай развіцця пастырскіх праграмаў, наладжваюцца сустрэчы для новапрэзбітэраў. Аднак, паколькі галоўная роля ў духоўным выхаванні дзяцей, як адзначае Мітрапаліт, належыць усё ж сям’і, душпастырству сем’яў таксама надаецца асаблівая ўвага.

«Нашыя вернікі, якія захавалі традыцыйную веру, жадаюць бачыць святара чалавекам Бога, святым чалавекам. Яны хочуць мець святароў, якія б наследвалі прыклад Хрыста», — падкрэсліў Мітрапаліт Тадэвуш.

«Мы імкнёмся фармаваць святароў згодна з жаданнем Хрыста і Касцёла, з яго місіянерскім духам, ад чаго ў многім залежыць будучыня нашай веры», — такімі словамі скончыў сваю прамову арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч на пленарным пасяджэнні Кангрэгацыі па справах Духавенства ў Ватыкане.

Напрыканцы пасяджэння яго ўдзельнікі выказалі спадзяванне на тое, што абвешчаны Год святарства дасць новы імпульс для развіцця і ўмацавання місійнай самасвядомасці прэзбітэра. Гэты год павінен стаць крыніцай ласкі, радасці і новых магчымасцяў для аднаўлення святарства, а таксама дапамагчы ў адраджэнні веры ў сучасным секулярызаваным свеце.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.