Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Ватыкан заклікае шанаваць права на свабоду рэлігіі
Святы Айцец
19.03.2009 20:28

«Апостальская Сталіца заклікае ўсе краіны прадпрымаць неабходныя меры, якія б гарантавалі свабоду веравызнання і ахову ад дыскрымінацыі на глебе рэлігіі», — аб гэтым паведаміў прадстаўнік Ватыкана пры Радзе ААН арцыбіскуп Сільвано Тамазі.

Арцыбіскуп у сваёй прамове спаслаўся на два дакументы. Першы з іх — даклад, падрыхтаваны Радай па правах чалавека, у якім падкрэсліваецца, што ў шматлікіх рэгіёнах свету рэлігійныя меншасці па-ранейшаму пераследуюцца.

Другі даклад прадстаўлены Арганізацыяй бяспекі і супрацоўніцтва ў Еўропе (АБСЕ) з нагоды сустрэчы на тэму антыхрысціянскай дыскрымінацыі і неталерантнасці. Дакумент указвае на тое, што адмаўленне хрысціянам у праве на рэлігійную свабоду — гэта праблема не толькі краінаў, дзе яны з’яўляюцца меншасцю, але і тых краінаў, дзе яны складаюць большасць.

Як заўважыў арцыбіскуп Сільвано, у шматлікіх краінах, дзе яшчэ нядаўна існавалі добрыя адносіны паміж дзяржавай і Касцёлам, цяпер усё часцей перамагае секулярызм, які імкнецца абмежаваць ролю рэлігіі ў грамадскім жыцці.

Прадстаўнік Ватыкана перасцерагаў ад выпадкаў, калі гарантаванне пашаны рэлігійных пачуццяў забяспечваецца дзяржаваю коштам свабоды слова.

Паводле матэрыялаў інфармацыйных агенцтваў   

 

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.