Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Бэнэдыкт XVI падвёў вынікі свайго візіту ў Афрыку
Святы Айцец
24.03.2009 15:02

23 сакавіка 2009 г. завяршылася 11 замежная пілігрымка Святога Айца Бэнэдыкта XVI. На борце самалёта, які вяртаў Пантыфіка ў Рым, адбылася сустрэча з журналістамі.

«Дарагія сябры, бачу, што вы яшчэ працуеце, — звярнуўся Святы Айцец да прадстаўнікоў СМІ. — Мая праца ўжо скончылася, аднак вашая пачынаецца ізноў. Дзякую вам за гэтую працу. У маёй памяці захаваліся перадусім два ўспаміны. З аднаго боку —  гэта натуральная, прыроджаная сардэчнасць, радасць, святочная Афрыка. Як мне здаецца, у асобе Пантыфіка было адкрыта, можна сказаць, увасабленне таго факту, што ўсе мы з’яўляемся дзецьмі і сям’ёй Бога. Існуе гэтая сям’я, а мы са сваімі абмежаваннямі да яе належым, і Бог — з намі. Такім чынам можна сказаць, што гэтая прысутнасць Папы дапамагла адчуць сапраўдную радасць. А з другога боку вялікае ўражанне на мяне зрабіў дух пакаяння падчас літургіі, моцнае пачуццё „sacrum“. (...) Ачувалася прысутнасць самога Бога. Нават рухі людзей былі заўсёды напоўнены павагай, усведамленнем Божай прысутнасці. І гэта мяне вельмі ўразіла».

Святы Айцец дадаў таксама, што вялікае ўражанне на яго зрабіла сустрэча з хворымі ў Цэнтры імя кардынала Поля Эміля Лежэ ў Камеруне, якая дазволіла ўбачыць супрацоўніцтва дзяржавы і Касцёла ў справе дапамогі церпячым асобам.

Падчас сустрэчы з журналістамі Пантыфік звярнуў увагу на тое, што дадзеная пілігрымка стала для яго таксама магчымасцю прыняць удзел у падрыхтоўцы асенняга Сіноду Біскупаў.

Паводле матэрыялаў Ватыканскага радыё

 

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.