Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Завяршылася рэстаўрацыя Паўлінскай капэлы Ватыкана
Святы Айцец
25.03.2009 16:24

Пасля чатырох гадоў з дня свайго абрання на Пасад св. Пятра папа Бэнэдыкт XVI урэшце зможа ўзначаліць літургію ў адрэстаўраванай Паўлінскай капэле Апостальскага палаца. Капэла, названая ў гонар папы Паўла ІІІ, вядомая дзвюма фрэскамі Мікеланджэла.

Па словах дырэктара Ватыканскіх музеяў Антоніа Паолуччы, Бэнэдыкт XVI асвяціць Паўлінскую капэлу 29 чэрвеня 2009 г. ва ўрачыстасць святых Пятра і Паўла. На фрэсках Мікеланджэла прадстаўлены выявы гэтых двух Апосталаў: Паўла — у момант навяртання да Хрыста, і Пятра — у час яго мучаніцкай смерці на крыжы.

Паолуччы паведамляе, што пасля рэстаўрацыйных працаў фрэскі Мікеланджэла сталі больш яскравымі. Гэтыя дзве фрэскі — апошнія, створаныя вялікім мастаком Адраджэння. Мікеланджэла меў 76 гадоў, калі скончыў працу над імі.

Асвячэнне капэлы завяршыць Год святога Паўла, прымеркаваны да 2000-годдзя з дня нараджэння Апостала.

Паўлінская капэла выкарыстоўвалася Папамі для адасобленай малітвы і цэлебрацыі святой Імшы. Пасля ІІ Ватыканскага Сабору Павел VI загадаў перааформіць інтэр’ер капэлы. Па словах дырэктара Ватыканскіх музеяў, цяпер уся мэбля вернецца на свае месцы, акрамя алтара, які не будзе прыстаўлены да сцяны. Такім чынам, цэлебрацыя святой Імшы будзе магчыма як «тварам да Хрыста», як гэта рабілася ў старажытныя часы, так і «тварам да народу», як рэкамендаваў ІІ Ватыканскі Сабор.

Па традыцыі Каталіцкага Касцёла, менавіта ў Паўлінскай капэле кардыналы, якія прыбываюць на канклаў, прысягаюць у захаванні таямніцы таго, што адбываецца падчас абрання новага Папы, перш чым перайсці ў Сікстынскую капэлу для галасавання. Падчас абрання Бэнэдыкта XVI гэтае правіла не было захавана, паколькі ў капэле ішлі рэстаўрацыйныя працы.

Растаўрацыя Паўлінскай капэлы заняла прыкладна шэсць гадоў.

Паводле матэрыялаў інфармацыйных агенцтваў

 
 
{mosimage}
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.