Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Праграма візіту Бэнэдыкта XVI у Святую Зямлю
Святы Айцец
25.03.2009 18:42

У межах пілігрымкі ў Святую Зямлю з 8 па 15 мая 2009 г. Бэнэдыкт XVI наведае дзве краіны: Іарданію і Ізраіль. У якасці запрашаючых бакоў у дакуменце пазначаны кароль Іарданіі, Прэзідэнт Ізраіля, улады Палесцінскай аўтаноміі і епіскапаты абедзвюх краінаў.

Як адзначана ў камюніке Апостальскай Сталіцы, падарожжа Пантыфіка аб’ядноўвае тры аспекты: паломніцкі, пастырскі і экуменічны. Святы Айцец здзейсніць пілігрымкі ў агульнахрысціянскія святыні, наведае з пастырскім візітам католікаў і стане ўдзельнікам экуменічнага дыялога з хрысціянамі іншых канфесіяў і міжрэлігійнага дыялога з юдэямі.

Плануецца, што Бэнэдыкт XVI наведае месца хросту Езуса Хрыста, гару Нева ў Іарданіі (месца Апошняй Вячэры), Гетсіманскі сад, храм Гробу Пана, грот Нараджэння Хрыста ў Бэтлееме і храм Звеставання ў Назарэце.

Праграма візіту прадугледжвае таксама сустрэчу з пілігрымамі і вернікамі 12 мая ў Іерусаліме, 13 мая — у Бэтлееме і 14 мая — у Назарэце, а таксама сустрэчы з лідэрамі Іарданіі, Ізраіля і рэлігійных арганізацый гэтых краінаў.

Пантыфік наведае мемарыял «Яд Вашэм», прысвечаны ахвярам халакосту, Сцяну плачу, мячэць на святой гары і лагер для палесцінскіх бежанцаў недалёка ад Бэтлеема.

Дадзены візіт стане ўжо трэцяй апостальскай пілігрымкай у Святую Зямлю: упершыню тут пабываў папа Павел VI (4–6 студзеня 1964 г.), а другі візіт здзейсніў папа Ян Павел ІІ (20–26 сакавіка 2000 г.).

Паводле матэрыялаў інфармацыйных агенцтваў 

 

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.