Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Бэнэдыкт XVI: Ян Павел ІІ — непахісны абаронца Хрыста
Святы Айцец
03.04.2009 16:03

«Ян Павел ІІ — непахісны абаронца Хрыста і айцец у веры для новых пакаленняў», — сцвердзіў Бэнэдыкт XVI у сваёй гаміліі падчас святой Імшы за Папу Яна Паўла ІІ у Ватыканскай базыліцы 2 красавіка 2009 г.

У святой Імшы ўдзельнічала шмат вернікаў, у тым ліку палякаў, да якіх Святы Айцец звярнуўся па-польску: «У чацвёртую гадавіну смерці Яна Паўла ІІ прыміце яго заклік „Не бойцеся даверыцца Хрысту. Ён правядзе вас, дасць сілы, каб кожны дзень і ў кожнай сітуацыі вы ішлі за Ім“».

Звяртаючыся да тэкстаў літургіі слова, Бэнэдыкт XVI адзначыў: «Я мімаволі ўзгадваю Караля Вайтылу, які ўжо з маладых гадоў быў адважным і старанным абаронцам Хрыста; не згаджаўся на кампрамісы, калі справа датычала абвяшчэння ці абароны Яго праўды. З пачатку пантыфікату аж да 2 красавіка 2005 г. ён не баяўся абвяшчаць усім і заўсёды, што толькі Езус — сапраўдны Збаўца чалавека».

Бэнэдыкт XVI заўважыў, што «чалавека, які сустракае перашкоды ў абвяшчэнні Евангелля, можа ўмацаваць перакананасць у тым, што Бог паклапаціцца пра плёны яго апостальскай працы. Пацвярджае гэта і духоўны вопыт Яна Паўла ІІ, які стаў айцом у веры для вялікай колькасці сыноў і дачок».

«Вы, прысутныя тут маладыя людзі, з’яўляецеся відавочным знакам гэтага, — адзначыў Святы Айцец. — Як шмат пакліканняў да святарскага і манаскага жыцця, як шмат рашэнняў, прынятых маладымі сем’ямі жыць паводле Евангелля, звязаны са сведчаннем і навучаннем майго папярэдніка! Як шмат маладых людзей навярнулася ці вытрывала на хрысціянскай дарозе дзякуючы яго малітвам і заахвочванням, дзякуючы яго дапамозе і прыкладу!» — адзначыў Бэнэдыкт XVI.

 
 
 
 
 
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.