Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Пальмовая нядзеля ў Ватыкане: Бэнэдыкт XVI падкрэслівае неабходнасць самаадрачэння |
Святы Айцец |
06.04.2009 19:32 |
«Жыццё не будзе паспяховым без ахвяры», — падкрэсліў 5 красавіка 2009 г. Бэнэдыкт XVI падчас цэлебрацыі літургіі Пальмовай нядзелі на плошчы Святога Пятра ў Рыме. Святы Айцец заўважыў, што, гледзячы на ўласнае жыццё ў перспектыве часу, разумее: менавіта тыя хвіліны, у якія ён згадзіўся на самаадрачэнне, былі сапраўды вялікімі і важнымі. Святая Імша распачалася працэсіяй з пальмовымі галінкамі. Старанна падрыхтаваная літургія з’яўлялася таксама цэнтральным пунктам святкавання Сусветнага дня моладзі ў межах Рымскай дыяцэзіі. Бэнэдыкт XVI узняў пытанне: чым з’яўляецца Божае Валадарства, і што гэта азначае, што яно «не з гэтага свету»? Пры гэтым Пантыфік указаў на дзве асноўныя рысы Божага Валадарства, якое прыходзіць праз крыж і з’яўляецца паўсюдным. «Мне здаецца, што ўвесь час мы павінны нанава вучыцца абедзвюм гэтым рэчам, а перадусім паўсюднасці, каталіцкасці, — казаў Святы Айцец. — У паўсюднасць уключана таямніца крыжа — пераадоленне сябе самога, паслухмянасць слову Езуса ў супольным Касцёле». Папа заклікаў да поўнай адкрытасці на Бога і Яго волю: «Чым больш — з пункту гледжання любові да праўды і Бога — мы гатовы на самаадрачэнне, тым больш вялікім і багатым становіцца нашае жыццё». Паводле матэрыялаў Ватыканскага радыё Фота wiadomosci.wp.pl |
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.