Бэнэдыкт XVI да іспанскай моладзі: «Адкрыйце новае жыццё, якое дае Бог» |
Святы Айцец |
07.04.2009 21:00 |
«Сённяшняя моладзь павінна адкрыць новае жыццё, якое дае Бог, павінна насыціцца праўдай Хрыста, якую атрымаў Касцёл, каб несці яе ўсім людзям», — пра гэта казаў Святы Айцец Бэнэдыкт XVI 6 красавіка 2009 г. падчас сустрэчы з іспанскай моладдзю ў зале Паўла VI. Маладыя людзі прыбылі з Мадрыда і іншых гарадоў Іспаніі са сваімі біскупамі за крыжом і абразом Маці Божай, якія звычайна суправаджаюць Сусветныя дні моладзі. «Час падрыхтоўкі да Дня моладзі ў Мадрыдзе з’яўляецца асаблівай падставай для таго, каб пазнаць ласку прыналежнасці да Касцёла, які з’яўляецца Целам Хрыста», — адзначыў Бэнэдыкт XVI. Пантыфік таксама дадаў, што Дні моладзі сведчаць пра дынамізм Касцёла і яго вечную маладосць. «Хто любіць Хрыста, з такім жа самым энтузіязмам любіць Касцёл, бо ён дазваляе нам жыць у непасрэднай сувязі з Хрыстом. Таму развівайце ініцыятывы, якія дазваляюць моладзі адчуць сябе членам Касцёла ў поўным адзінстве з яго пастырамі і наступнікам святога Пятра. Маліцеся разам, адчыняйце дзверы сваіх парафій, супольнасцяў і рухаў, каб усе маглі адчуваць сябе ў Касцёле, як у сваім доме, дзе іх любяць так жа, як Хрыстус», — заахвочваў маладых іспанцаў Бэнэдыкт XVI. Пантыфік звярнуў увагу на тое, што ў Вялікім тыдні мы сустракаемся з Божай любоўю, аб’яўленай у Хрысце, які прыйшоў, каб служыць і даць жыццё. Сваю любоў Ён аб’явіў на крыжы, і пра гэтую мудрасць неабходна памятаць у працэсе падрыхтоўкі да Сусветнага дня моладзі. |