Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Бэнэдыкт XVI разважае пра крыніцу велікоднай радасці Касцёла
Святы Айцец
14.04.2009 20:25

13 сакавіка 2009 г., у Вялікі панядзелак, Святы Айцец Бэнэдыкт XVI перад малітвай «Regina Coeli» прамовіў разважанне, якое прысвяціў велікоднай радасці Касцёла. У Кастэль Гандольфа (прыгарад Рыма), дзе Папа ў гэтыя дні знаходзіцца на святочным адпачынку, адбылася сустрэча Пантыфіка з вернікамі.

«Езуса ўваскрасіў Бог, чаму ўсе мы сведкі» (пар. Дз 2, 32). «Няхай нашае сведчанне пра ўваскрослага Хрыста будзе для света крыніцаю надзеі», — пажадаў Святы Айцец.

Крыніца гэтай надзеі, як адзначыў Бэнэдыкт XVI, — у веры ў тое, што Сын Чалавечы, адкінуты і ўкрыжаваны, праз сваё ўваскрасенне стаў фундаментам новага духоўнага будаўніцтва. Ім з’яўляецца Касцёл, які ў Божай справе збаўлення атуляе праз Хрыста ўсё чалавецтва ў надзеі на далучэнне да вечнай Пасхі ў небе. Мы ведаем, што аддзяліць нас ад любові Хрыста не ў стане ніякія цяжкасці і цярпенні, нават смерць.

«„Я ўваскрос і заўсёды з табою“. Гэтае запэўненне Езуса рэалізуецца перш за ўсё ў Эўхарыстыі. Падчас кожнай яе цэлебрацыі Касцёл і кожны вернік спазнаюць Яго жывую прысутнасць і карыстаюцца ўсім багаццем Яго любові, — сказаў Пантыфік. — У сакрамэнце Эўхарыстыі ўваскрослы Пан ачышчае нас ад грахоў, корміць нас духоўна і абуджае сілы, неабходныя, каб перажыць цяжкія жыццёвыя выпрабаванні, а таксама змаганні з грахом і злом. Ён з’яўляецца надзейнай дапамогаю ў нашым пілігрымаванні да вечнай айчыны ў небе».

Паводле матэрыялаў Ватыканскага радыё

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.