«Візіт Бэнэдыкта XVI у Ізраіль надасць новыя імпульсы хрысціянска-габрэйскім адносінам», — адзначыў старшыня Папскай рады садзейнічання хрысціянскаму адзінству кардынал Вальтэр Каспер, які будзе суправаджаць Пантыфіка падчас пілігрымкі ў Святую Зямлю з 8 па 15 мая 2009 г.
Адной з важных мэтаў папскага візіту, як адзначыў старшыня ватыканскага ведамства, з’яўляецца паглыбленне дыялога з мусульманамі, а таксама ўмацаванне пазіцыі мясцовых хрысціянаў. На думку кардынала Вальтэра Каспера, іх сітуацыя ў Ізраілі і на тэрыторыі Палесцінскай аўтаноміі нялёгкая. «Візіт Папы ў Бэтлеем прыцягне ўвагу свету да сітуацыі хрысціянаў, пра якую даўно забыліся, пра якую не пішуць мас-медыя», — падкрэсліў іерарх.
Кардынал Вальтэр Каспер нагадаў, што вызнаўцы Хрыста на палесцінскіх абшарах, асабліва ў Сектары Газа, не да канца прызнаныя радыкальнымі ісламскімі сіламі. Таму ў пануючай сітуацыі небяспекі многія маладыя хрысціяне выязджаюць, бо не бачаць для сябе будучыні. «Для нас усіх гэта вялікая страта. Калі мы будзем прыязджаць у Святую Зямлю, нам не хацелася б аглядаць толькі мёртвыя камяні, але хацелася б сустракаць жывыя супольнасці», — адзначыў старшыня Папскай рады садзейнічання хрысціянскаму адзінству.
Ватыканскі іерарх падкрэсліў, што для Пантыфіка гэтая пілігрымка будзе мець важнае значэнне ў духоўна-асабістым плане, бо «Святая Зямля для ўсіх хрысціянаў з’яўляецца айчынай і месцам іх першаснага паходжання».
«Таксама ў палітычных адносінах гэтае падарожжа будзе мець вялікае значэнне, бо канфлікт на Блізкім Усходзе сёння з’яўляецца маці многіх ішных канфліктаў ва ўсім свеце», — адзначыў кардынал Вальтэр Каспер.
|