Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
З Паслання Бэнэдыкта XVI на 46-ы Сусветны дзень малітваў аб пакліканнях
Святы Айцец
30.04.2009 16:12
«Малітва аб пакліканнях павінна быць нястомнаю і поўнаю даверу», — чытаем у Пасланні Святога Айца Бэнэдыкта XVI на 46-ы Сусветны дзень малітваў аб пакліканнях да святарства і кансэкраванага жыцця, які будзе адзначацца 3 мая 2009 г., у IV Велікодную нядзелю.

«Пакліканне да святарства і сакрамэнтальнага жыцця — гэта незвычайны Божы дар, які з’яўляецца праявай вялікага плану любові і збаўлення, прызначанага Богам для кожнага чалавека і для ўсяго чалавецтва, — нагадвае Святы Айцец. — У паўсюдным пакліканні да святасці мы заўважаем асаблівую ініцыятыву Бога, які выбірае некаторых людзей, каб былі пабач з Яго Сынам Езусам Хрыстом, каб былі Яго прывілеяванымі слугамі, а таксама Яго сведкамі».

Бэнэдыкт XVI падкрэслівае, што «наш першы абавязак — падтрымліваць жывую і бесперапынную малітву ў інтэнцыі пакліканняў. (...) Нашая малітва неабходна дзеля таго, каб увесь Божы народ узрастаў у даверы Богу, упэўнены ў тым, што „Пан жніва“ ніколі не перастане прапаноўваць некаторым людзям дабравольна прысвяціць сваё жыццё блізкаму супрацоўніцтву з Ім у межах справы збаўлення. (...) Кожны пазітыўны адказ чалавека заўсёды прадугледжвае акцэптацыю і прыняцце плану, які Бог мае для кожнага з нас».

«Калі мы ўнікаем у таямніцу Эўхарыстыі, (...) тады лепш разумеем, што „давер ініцыятыве Бога“ мадэліруе і надае каштоўнасць „адказу чалавека“, — працягвае свае разважанні Святы Айцец. — Менавіта святары пакліканы да таго, каб працягваць гэтую таямніцу збаўлення ў прасторы вякоў ажно да паўторнага прыйсця Пана ў хвале. У Хрысце Эўхарыстычным яны могуць сузіраць узнёслую мадэль „дыялога паклікання“ паміж свабоднай ініцыятывай Айца і поўным даверу адказам Сына. У эўхарыстычнай цэлебрацыі дзейнічае сам Хрыстус у тых, каго выбраў сваімі слугамі. Ён аказвае ім падтрымку, каб іх адказ узрастаў у кірунку даверу і такой удзячнасці, якая вызваляе ад усялякага страху».

У сваім Пасланні Пантыфік нагадвае пра «плённы дыялог», які пачынаецца паміж чалавекам і Богам у выніку станоўчага адказу пакліканага на тую місію, якую прапануе яму Найвышэйшы: «Хто верыць у Пана і хто прымае Яго дар, той аддаецца Яму з удзячнасцю і стараецца прыпасці да Яго плану збаўлення. Калі так адбываецца, пакліканы ахвотна пакідае ўсё і далучаецца да школы Боскага Настаўніка. Такім чынам пачынаецца плённы дыялог паміж Богам і чалавекам, таямнічая сустрэча паміж любячым Панам і свабодным чалавекам, які адказвае ў духу любові і чуе ў сваім сэрцы словы Езуса: „Не вы Мяне выбралі, але Я выбраў вас і прызначыў, каб вы ішлі і прыносілі плён, і каб плён ваш трываў“ (пар. Ян 15, 16)».

На заканчэнне Паслання на Сусветны дзень малітваў аб пакліканнях Святы Айцец Бэнэдыкт XVI скіраваў свой заклік да ўсіх хрысціянаў: «Дарагія сябры, не паддайцеся стаху, стоячы перад выклікамі цяжкасцяў або сумненняў! Давярайце Богу, верна ідзіце за Езусам — і станеце сведкамі радасці, якая вынікае з блізкай сувязі са Збаўцам».

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.