Бэнэдыкт XVI: Біблію можна зразумець толькі ў кантэксце Касцёла |
Святы Айцец |
24.04.2009 16:19 |
«Толькі ў кантэксце Касцёла Святое Пісанне можна зразумець як сапраўднае Божае слова, — пра гэта казаў Святы Айцец Бэнэдыкт XVI падчас аўдыенцыі для ўдзельнікаў пленарнага пасяджэння Папскай біблійнай камісіі. Тэма пасяджэння — «Натхнёнасць і праўда Бібліі», як адзначыў Пантыфік, вельмі блізкая таму, што «ляжыць у яго на сэрцы, бо інтэрпрэтацыя Святога Пісання мае надзвычайнае значэнне для хрысціянскай веры і жыцця Касцёла». Святы Айцец падкрэсліў, што заданнем экзэгетаў з’яўляецца «тлумачэнне Святога Пісання», але і дадаў, што толькі даследчай працы тут недастаткова. Тым больш, што экзэгеза не можа быць ні звычайным інтэлектуальным практыкаваннем, ні «індывідуальным навуковым намаганнем», але заўсёды павінна быць «супастаўлена з жывою традыцыяй Касцёла, уключана ў яе і ёю пацверджана». «Каталіцкі экзэгет не рэалізоўвае індывідуалісцкіх ілюзій, заснаваных на тым, што нібыта па-за межамі супольнасці вернікаў можна лепш зразумець біблійныя тэксты. Усё з дакладнасцю наадварот, бо гэтыя тэксты не былі дадзены асобным даследчыкам „для задавальнення іх цікавасці ці для таго, каб дадаць ім аргументаў для вывучэння і даследванняў“. Тэксты, натхнёныя Богам, былі даручаны супольнасці вернікаў, Касцёлу Хрыста для таго, каб вернікі маглі ажыўляць веру і кіравацца ў жыцці любоўю», — адзначыў Бэнэдыкт XVI. Пантыфік таксама выказаў упэўненасць у тым, што «ў свеце, дзе навуковыя даследаванні з кожным разам атрымліваюць усё большае значэнне, неабходна, каб экзэгетычная навука выйшла на належны ўзровень». |