Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
27 красавіка Аляксандр Лукашэнка сустрэнецца ў Ватыкане з Бэнэдыктам XVI
Святы Айцец
24.04.2009 21:04

27 красавіка 2009 г. Святы Айцец Бэнэдыкт XVI дасць аўдыенцыю Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь Аляксандру Лукашэнку. Між іншым, падчас аўдыенцыі будзе закранацца пытанне міжрэлігійнага дыялога.

Акрамя аўдыенцыі са Святым Айцом запланавана таксама сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з Дзяржаўным сакратаром Яго Святасці папы Бэнэдыкта XVI кардыналам Тарчызіо Бэртонэ.

Паводле паведамлення Ватыканскага радыё, Пантыфік прыме Прэзідэнта Беларусі ў Апостальскім палацы ў 11.00 (у 12.00 — па мінскім часе).

Нагадаем, што ў чэрвені 2008 г. з пастырскім візітам Беларусь наведаў кардынал Тарчызіо Бэртонэ. У лютым гг. з візітам у Італіі і Ватыкане пабываў міністр замежных спраў Беларусі Сяргей Мартынаў.

Звяртаючыся 23 красавіка гг. з Пасланнем да беларускага народа і Нацыянальнага сходу, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што яго сустрэча з Папам Рымскім сведчыць аб прызнанні кіраўніцтвам Каталіцкага Касцёла канфесійнай палітыкі беларускіх уладаў.

«І мой візіт у госці да Папы Рымскага якраз зыходзіць з таго, што вышэйшая іерархія Каталіцкага Касцёла вышэйшым чынам ацэньвае палітыку, якую мы праводзім, у тым ліку ў адносінах да католікаў», — заявіў Прэзідэнт Беларусі.

Паводле матэрыялаў БелаПАН

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.