Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падвёў вынікі свайго візіту ў Італію і Ватыкан
Святы Айцец
30.04.2009 18:51

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 26–28 красавіка 2009 г. наведаў з візітам Італьянскую Рэспубліку і Горад Дзяржаву Ватыкан. 27 красавіка, падчас сустрэчы ў Ватыкане кіраўніка нашай краіны са Святым Айцом Бэнэдыктам XVI, была пацверджана зацікаўленасць абодвух бакоў у развіцці далейшых адносінаў.

У першай палове таго ж дня Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з Дзяржаўным сакратаром Яго Cвятасці Папы Бэнэдыкта XVI кардыналам Тарчызіо Бэртонэ.

Як вядома, падчас сустрэчы з Папам Прэзідэнт Беларусі запрасіў Яго Святасць наведаць Беларусь. Былі абмеркаваны і падрабязнасці падпісання пагаднення аб супрацоўніцтве паміж Беларуссю і Ватыканам.

У аўторак 28 красавіка адбылося афіцыйнае снеданне ў гонар Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад імя Князя і Вялікага Магістра Сувярэннага Мальтыйскага ордэна фра Мэцью Фэсцінга.

Перад вылетам у Мінск, 28 красавіка, Аляксандр Лукашэнка падчас сустрэчы з беларускімі і італьянскімі журналістамі падвёў вынікі свайго візіту ў Італію і Ватыкан.

Аляксандр Лукашэнка выказаў гатоўнасць правесці ў Беларусі сустрэчу Святога Айца Бэнэдыкта XVI і Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла. Пра гэта, па словах Прэзідэнта, ішла размова падчас яго сустрэчы з Пантыфікам.

«Я казаў, што сёння ёсць унікальны шанс зблізіць пазіцыі, каб Патрыярх і Святы Айцец маглі сустрэцца і абмеркаваць агульныя праблемы. Калі такая сустрэча адбудзецца, няхай яна будзе ў Беларусі, таму што гэта не толькі цэнтр Еўропы, але і краіна, дзе мяжуюць дзве канфесіі — праваслаўе і каталіцызм», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Па словах кіраўніка Беларусі, Святы Айцец ведае пра гэту ідэю. «Я бачыў яго зацікаўленасць, — казаў Прэзідэнт, — і ён адказаў мне: „Магчыма, Бог адчыніць гэтыя дзверы, і мы ў хуткім часе сустрэнемся“».

Прэзідэнт Беларусі падкрэсліў, што і папа Бэнэдыкт XVI, і кардынал Тарчызіо Бэртонэ цалкам валодаюць сітуацыяй і гатовы садзейнічаць правядзенню дадзенай сустрэчы. Прэзідэнт таксама дадаў, што ён не схільны лічыць візіт у Ватыкан «прарывам у пэўным кірунку». «У дадзеным выпадку мы не думаем ваеннымі катэгорыямі, — патлумачыў Аляксандр Лукашэнка. — Мы ажыццяўляем тое, што было запланавана даўно: яшчэ папа Ян Павел ІІ двойчы запрашаў мяне прыехаць у Ватыкан. Я з вялікім шкадаваннем узгадваю той шанс, які ўпусціў».

Прэзідэнт Беларусі адзначыў, што падчас яго размовы з папам Бэнэдыктам XVI былі абмеркаваны таксама і пытанні ўзаемаадносінаў Праваслаўнай Царквы і Каталіцкага Касцёла, становішча Беларусі ў свеце. Прэзідэнт распавёў Бэнэдыкту XVI і пра сваю сустрэчу з Патрыярхам Кірылам.

«Час праляцеў імгненна. Папа — цудоўны, добры і прыстойны чалавек, з ім прыемна гутарыць», — дадаў Прэзідэнт.

Кажучы пра сацыяльны аспект супрацоўніцтва з кіраўніцтвам Італіі, у прыватнасці пра ўсынаўленне беларускіх дзяцей-сіротаў італьянскімі грамадзянамі, Аляксандр Лукашэнка адзначыў: «Кардынал Тарчызіо Бэртонэ гарантаваў аўтарытэтам усяго Каталіцкага Касцёла, што пра дзяцей будуць клапаціцца належным чынам».

Перад вылетам у Мінск Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка выказаў задавальненне вынікамі свайго візіту ў абедзве дзяржавы.

Паводле матэрыялаў БелТА


 
 
 
Фота news.belta.by
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.