Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Бэнэдыкт XVI пра распазнаванне Бога ў свеце і мастацтве
Святы Айцец
30.04.2009 19:37
«Бог дазваляе ўбачыць Сябе ў свеце і ў Касцёле. Мы толькі павінны навучыцца Яго бачыць», — адзначыў Бэнэдыкт XVI падчас агульнай аўдыенцыі 29 красавіка 2009 г. У катэхезе Святы Айцец прадставіў постаць св. Германа, Патрыярха Канстанцінопальскага (VIII ст.), які адыграў значную ролю ў барацьбе з ерассю іканаборства.

Калі Цэзар Леон III і яго паплечнікі спрабавалі правесці дзяржаўную рэформу і распачыналі яе з забароны хрысціянскага культу ўшанавання абразоў, што на іх думку з’яўлялася ідалапаклонствам, Герман рашуча гэтаму супрацьстаяў.

За сваю вернасць Традыцыі Касцёла св. Герман трапіў у няміласць да Цэзара і быў вымушаны пакінуць пасаду Патрыярха. Ён быў асуджаны на выгнанне і памёр у адным з кляштараў, забыты ўсімі.

Бэнэдыкт XVI нагадаў пра значны ўклад св. Германа ў галіне марыялогіі і эклезіялогіі. У яго гаміліях мы знаходзім шмат важных думак адносна Марыі, на якія спасылаўся папа Пій XII, калі ў 1950 г. абвяшчаў догмат Унебаўзяцця.

Па словах Папы, сёння св. Герман навучае нас таму, што «існуе пэўная бачнасць Бога ў свеце, у Касцёле. І мы павінны навучыцца яе заўважаць». Пантыфік падкрэсліў, што Бог стварыў чалавека на свой вобраз, але гэты вобраз настолькі забруджаны нашымі грахамі, што яго ўжо практычна не відаць. Таму Сын Божы стаў чалавекам, дасканалым вобразам Бога, і менавіта ў Хрысце мы можам сузіраць сапраўднае аблічча Бога і вучыцца быць сапраўднымі людзьмі, «вобразамі» Бога.

Святы Айцец нагадаў, што Бог у сваіх запаведзях забараніў чыніць ідалапаклонства. Аднак Ён стаў бачны ў Хрысце, і ва ўсіх святых праяўляецца Яго аблічча. Святыя ж вобразы вучаць нас заўважаць Бога ў абліччы Хрыста, у абліччы святых і ўсіх людзей.

Акрамя таго, «Герман вучыць нас прыгажосці і годнасці літургіі, цэлебраванню літургіі з усведамленнем прысутнасці Бога, бо ў яе годнасці і прыгажосці ў пэўнай меры праяўляецца хараство самога Бога», — заўважыў Бэнэдыкт XVI.

Паводле матэрыялаў Ватыканскага радыё

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.