Ватыкан: прысяга новых швейцарскіх гвардзейцаў |
Святы Айцец |
07.05.2009 16:10 |
Сярод удзельнікаў агульнай аўдыенцыі 6 мая 2009 г. папа Бэнэдыкт XVI прывітаў таксама прысутных на плошчы Святога Пятра 32-х швейцарскіх гвардзейцаў, якія ў гэты дзень склалі прысягу. Прысяганне Швейцарскай гвардыі адбываецца штогод 6 мая. Гэта дата звязана з 1527 г., калі 147 гвардзейцаў коштам уласнага жыцця абаранілі папу Клімента VII падчас асады Рыма войскамі імператара. Дзень сваёй прысягі гвардзейцы распачалі ўдзелам у Эўхарыстыі, цэлебрацыю якой узначаліў Дзяржаўны сакратар Яго Cвятасці папы Бэнэдыкта XVI кардынал Тарчызіо Бэртонэ. Разам з гвардзейцамі на святой Імшы прысутнічалі іх сем’і і госці, у тым ліку прадстаўнікі епіскапату і ўладаў Швейцарскай Канфедэрацыі і паасобных кантонаў. У сваёй гаміліі падчас урачыстай літургіі кардынал Бэртонэ нагадаў пра тое асаблівае заданне, якое з даверам ускладаецца на швейцарскі корпус. Гэта ахова асобы Святога Айца, догляд плошчы перад Апостальскім палацам, дзе знаходзяцца апартаменты Папы, і ўсіх уваходаў у Дзяржаву Ватыкан, а таксама ганаровая варта падчас публічных папскіх цырымоній. Прысягу склалі 32 новых гвардзейца, якія распачалі службу на працягу апошніх дванаццаці месяцаў. Умовай службы ў дадзенай гвардыі з’яўляецца швейцарскае грамадзянства і каталіцкае веравызнанне. У цяперашні час да Швейцарскай гвардыі належаць 110 мужчын. |