Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Ватыкан: адпусты ў Год святарства
Святы Айцец
17.06.2009 17:38

19 чэрвеня 2009 г., ва ўрачыстасць Найсвяцейшага Сэрца Езуса, у Каталіцкім Касцёле распачынаецца Год святарства. З гэтай нагоды Апостальская Пэнітэнцыярыя абвясціла спецыяльны дэкрэт пра адпусты.

У першую чаргу адпуст датычыць святароў, якія памоляцца прынамсі Ютрань і Нешпары перад выстаўленым Найсвяцейшым Сакрамэнтам, а таксама будуць удзяляць сакрамэнты, асабліва сакрамэнт пакаяння і паяднання.

Поўны адпуст, які можна ахвяраваць за памерлых святароў, атрымае і той, хто прыступіць да сакрамэнту споведзі, прыме святую Камунію і памоліцца ў інтэнцыях Святога Айца. Частковы адпуст атрымаюць усе, хто памоліцца вызначаныя малітвы ў інтэнцыі асвячэння жыцця святароў і іх працы.

Адпусты, звязаныя з Годам святарства, змогуць атрымаць і іншыя вернікі: праз удзел у святой Імшы, малітву ў інтэнцыі святароў і добрыя ўчынкі, акрамя таго неабходна быць у стане асвячальнай ласкі, гэта значыць прыступіць да споведзі, а таксама памаліцца ў інтэнцыях Святога Айца.

Днямі, калі можна атрымаць адпуст, з’яўляюцца: дзень інаугурацыі і заканчэння Года святарства (19 чэрвеня 2009 г. і 19 чэрвеня 2010 г.), 150-я гадавіна смерці святога Яна Віянэя (4 жніўня 2009 г.), кожны першы чацвер месяца, а таксама дні, вызначаныя паасобнымі ардынарыямі.

Людзі пажылога ўзросту, а таксама хворыя, якія не могуць пакідаць дом, у пералічаныя дні, молячыся ў інтэнцыі асвячэння святароў і ахвяруючы праз заступніцтва Марыі Каралевы Апосталаў свае цярпенні, таксама атрымаюць поўны адпуст. А частковы — праз малітвы «Ойча наш», «Вітай, Марыя» і «Хвала Айцу» або іншыя малітвы да Найсвяцейшага Сэрца Езуса ў інтэнцыі святароў.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.