Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Кардынал Жан-Луі Таран: праз сведчанне веры неабходна ствараць «прастору супакою»
Святы Айцец
19.05.2009 16:56

«Папская пілігрымка ў Святую Зямлю паказала, што міжрэлігійны дыялог стаў адным з прыярытэтаў Пантыфікату Бэнэдыкта XVI», — такое меркаванне выказаў кардынал Жан-Луі Таран, старшыня Папскай рады па міжрэлігійным дыялогу.

У інтэрв’ю парыжскай газеце  «La Croix» кардынал Таран адзначыў, што найбольш яго ўзрушыў момант, калі Святы Айцец маліўся ў пустой магіле Хрыста — гэтая постаць пілігрыма на каленах, які дасягнуў мэты свайго падарожжа.

Старшыня Папскай рады па міжрэлігійным дыялогу таксама падкрэсліў: «Нягледзячы на тое, што Святы Айцец прыбыў, каб весці дыялог з юдаізмам, насамрэч ён садзейнічаў паляпшэнню адносінаў паміж трыма рэлігіямі: юдаізмам, хрысціянствам і ісламам».

«Святы Айцец звярнуў увагу на дзве сферы, у якіх дадзеныя рэлігіі могуць сустрэцца: адносіны паміж верай і розумам, а таксама культурная прастора, дзе на першы погляд усе яны вельмі адрозніваюцца адна ад адной, аднак падзяляюць адзіную ацэнку абсалюта і праўды», — падкрэсліў кардынал Таран.

Старшыня Папскай рады па міжрэлігійным дыялогу таксама дадае, што на думку Бэнэдыкта XVI дадзены дыялог паміж трыма рэлігіямі можа грунтавацца на супольным вызнанні не толькі існавання Бога, але і магчымасці Яго пазнання.

«Даючы сведчанне, вызнаўцы трох монатэістычных рэлігій сцвярджаюць, што з’яўляюцца братамі і паважаюць адно аднаго. Тады яны могуць ствараць „прастору супакою“, дзе Бог можа шукаць нас», — адзначыў кардынал Таран і дадаў, што менавіта такім чынам мы ўсе становімся «пілігрымамі праўды».

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.