Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Апостальская Сталіца пра неабходнасць прадухілення небяспекі ядзернага тэрарызму |
Святы Айцец |
26.05.2009 20:51 |
Міжнароднае абурэнне выклікала новае ядзернае выпрабаванне, здзейсненае Паўночнай Карэяй 24 мая 2009 г. Ядзерны выбух, праўдападобна, больш моцны за папярэдні (2006 г.), ЗША і многія іншыя краіны прызналі небяспечным для міру ў свеце. Абмеркаваннем дадзенага пытання таксама займаецца Рада бяспекі ААН. На тэму ядзернай энергіі ў ХХІ стагоддзі 21 красавіка гг., падчас міністэрскай канферэнцыі ў Пекіне, выказаўся прадстаўнік Апостальскай Сталіцы кс. прэлат Міхаэль В. Банах. Ён падкрэсліў неабходнасць большай згуртаванасці міжнароднай палітыкі ў галіне развіцця і раззбраення. На думку пастаяннага прадстаўніка Ватыкана пры Міжнародным агенцтве па атамнай энергіі, гэтая справа датычыць ядзерных тэхналогій, якія могуць і павінны выкарыстоўвацца для дабра чалавека. Ксёндз Міхаэль Банах звярнуў увагу на пытанне прадухілення патэнцыяльнага ядзернага тэрарызму. Па словах ватыканскага дыпламата, абавязковымі з’яўляюцца комплексныя дзеянні ў гэтай галіне, дзе тэхнічнае і юрыдычнае забеспячэнні павінны суправаджацца кампаніяй на карысць «культуры бяспекі і непарушнасці». Яна павінна ахапіць і сферу маральнай свядомасці грамадства. Такую згуртаваную палітыку, па словах ксяндза прэлата, трэба каардынаваць на міжнародным узроўні, а асноўнай яе мэтай павінна стаць поўнае адмаўленне ад ядзернага арсенала. Паводле матэрыялаў Ватыканскага радыё |
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.