Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Бэнэдыкт XVI: Няхай сыйдзе Дух Твой і адновіць аблічча зямлі
Святы Айцец
01.06.2009 16:02

«Няхай сыйдзе Дух Твой і адновіць аблічча зямлі, гэтай зямлі! — узгадаў Святы Айцец Бэнэдыкт XVI словы свайго папярэдніка Яна Паўла ІІ. — Мы з’яўляемся сведкамі зменаў, якія адбываюцца ў свеце. Аднаўленне аблічча зямлі, аднак, немагчыма без перамены людскіх сэрцаў. Таму мы просім: няхай сыйдзе дух Твой і адновіць нашыя сэрцы ў Хрысце. Жадаю ўсім такога аднаўлення!».

Урачыстасць Спаслання Духа Святога, а таксама наступствы і выклікі, звязаныя з прысутнасцю Трэцяй Божай Асобы ў жыцці вернікаў, сталі прадметам разважанняў Бэнэдыкта XVI перад малітвай «Regina coeli» 31 мая 2009 г. Пантыфік звярнуў увагу на тое, што гістарычная падзея, якая адбылася ў ерузалемскім Вячэрніку, аб’яднала вучняў Хрыста ў сапраўдную місійную супольнасць.

«Дух Святы — гэта душа Касцёла, — працягваў Папа. — Чым бы быў Касцёл без Яго? Безумоўна, Ён бы з’яўляўся вялікім гістарычным рухам, складаным і трывалым грамадскім інстытутам, а можа — родам гуманітарнага таварыства. І такім яго сапраўды бачаць тыя, хто глядзіць на яго не ў перспектыве веры. На самой жа справе Касцёл у сваёй сапраўднай прыродзе і найбольш аўтэнтычных гістарычных праяўленнях створаны і кіруецца Духам свайго Пана. Гэта — жывое Цела, жыццёвасць якога з’яўляецца нябачным плёнам Божага Духа».

Бэнэдыкт XVI нагадаў, што ў апошні дзень мая Касцёл узгадвае Адведзіны Паннай Марыяй святой Альжбеты. «Марыя, ва ўлонні якой быў Езус, і якая спяшалася на дапамогу цяжарнай сваячцы, з’яўляецца цудоўным вобразам місійнага Касцёла, асабліва зацікаўленага ў справах міласэрнасці», — падкрэсліў Святы Айцец, а таксама пажадаў суцяшэння Духа Святога асабліва тым касцёльным супольнасцям, якія церпяць пераследы ў імя Хрыста.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.