Бэнэдыкт XVI заахвочвае да барацьбы з гандлем людзьмі |
Святы Айцец |
16.06.2009 19:35 |
Святы Айцец заахвочвае да барацьбы з гандлем людзьмі. Пра гэта ад імя Пантыфіка паведамляе Дзяржаўны сакратар Яго Святасці папы Бэнэдыкта XVI кардынал Тарчызіо Бэртонэ ў тэлеграме да ўдзельніц кангрэса пад дэвізам «Сёстры законныя супраць гандлю людзьмі», які распачаўся 15 чэрвеня 2009 г. у Рыме і працягнецца да 18 чэрвеня. Арганізатарамі дадзенага кангрэса з’яўляюцца Міжнародны саюз генеральных настаяцельніц жаночых законных супольнасцяў і Міжнародная арганізацыя па справах міграцыі. Пантыфік выказвае надзею, што «кангрэс паспрыяе аднаўленню свядомасці вялікай каштоўнасці жыцця, а таксама абудзіць большую зацікаўленасць у справе абароны правоў чалавека». Падчас адкрыцця пасяджэння старшыня Папскай рады пастырства эмігрантаў і падарожнікаў арцыбіскуп Антоніо Марыя Вэльё заахвоціў сясцёр законных актыўна прычыніцца да барацьбы з гэтым злачынствам, якое «разбурае асноўныя правы чалавека, а таксама знішчае духоўнае і матэрыяльнае жыццё асобы». Старшыня ватыканскага ведамства падкрэсліў, што Касцёл у вырашэнні гэтага пытання адыгрывае « важную ролю, нават прароцкую», а таксама крытычна выказаўся пра доўгатэрміновае маўчанне адносна дадзенай тэмы. На сённяшні дзень ва ўсім свеце налічваецца каля 12,5 млн. ахвяраў «гандлю жывым таварам», галоўная мэта якога заключаецца ў сексуальнай эксплуатацыі, з іх — каля 500 тысяч у Еўропе. |