Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Бэнэдыкт XVI пра значэнне місіі святых Кірыла і Мяфодзія
Святы Айцец
18.06.2009 17:29

На гістарычную ролю святых Кірыла і Мяфодзія ў распаўсюджанні  хрысціянства на землях славянскіх народаў, а таксама на іх першаснасць ва ўкараненні Евангелля ў культуры гэтых народаў звярнуў увагу Святы Айцец Бэнэдыкт XVI падчас агульнай аўдыенцыі ў Рыме 17 чэрвеня 2009 г. Па словах Пантыфіка, славяне з’яўляюцца «мастом паміж Усходам і Захадам».

«Святыя Кірыл і Мяфодзій добра разумелі значэнне слова ў сведчанні Аб’яўлення. Яны жадалі, каб праз іх Хрыстус прамовіў да славянаў», — адзначыў Пантыфік. Працягваючы цыкл катэхезаў пра значных асобаў Касцёла, Святы Айцец нагадаў пра лёсы абодвух братоў і іх пачынальніцкую місію ў Вялікай Маравіі.

«Місія абвяшчэння братамі Божага слова мела вялікі поспех. Яе спецыфіка заключалася перш за ўсё ў дапасаванні вучэння Касцёла да мясцовай культуры, ментальнасці і мовы славянаў, — менавіта тым, што мы сёння называем інкультурацыяй. Два браты былі ініцыятарамі перакладу Бібліі, літургічных тэкстаў і дакументаў Касцёла на мову, зразумелую славянам», — падкрэсліў Бэнэдыкт XVI.

Папа Пій XI назваў Кірыла і Мяфодзія сынамі Усходу, грамадзянамі Візантыі, па паходжанні — грэкамі, а паводле апостальскіх плёнаў — славянамі. Слуга Божы Ян Павел ІІ устанавіў іх, разам са святым Бэнэдыктам, заступнікамі Еўропы. Святыя Кірыл і Мяфодзій з’яўляюцца прыкладам адкрытасці на багацце культур народаў, іх спадчыну і разнастайнасць традыцый.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.