Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Бэнэдыкт XVI: плёнам сацыяльнай камунікацыі павінна стаць пашырэнне веры
Святы Айцец
21.09.2009 15:43
20 верасня 2009 г. Святы Айцец Бэнэдыкт XVI абвясціў пасланне на 43-і Сусветны дзень сродкаў сацыяльнай камунікацыі, у якім выказаў пажаданне аб тым, каб яны служылі праўдзе, дыялогу і прыязні паміж людзьмі. Папа звярнуў увагу на тое, што новыя тэхналогіі вызначаюць галоўныя змены ў міжчалавечых адносінах.

Далейшае развіццё гэтых тэхналогій залежыць у першую чаргу ад маладых людзей, якія раслі ў час існавання новай тэхнікі. Моладзь, на думку Пантыфіка, таксама навучылася ацэньваць тыя магчымасці, якія прынеслі новыя сродкі камунікацыі ў вобласць зносін і ўзаемаразумення паміж людзьмі.

Дакумент падкрэслівае, што сучасныя сродкі камунікацыі з’яўляюцца вынікам імкнення людзей да больш інтэнсіўнага дыялога. Па словах Папы, для католікаў усяго свету такая сітуацыя з’яўляецца дарам, які павінен паспрыяць евангелізацыі так званага «лічбавага кантынента». У сваю чаргу яна не павінна выклікаць праявы нянавісці і неталерантнасці, таксама як і прыніжэнне асоб, якія знаходзяцца ў горшых матэрыяльных абставінах.

У пасланні Бэнэдыкт XVI звяртаецца да моладзі з просьбай несці сведчанне сваёй веры ў свет, як было на пачатку дзейнасці Касцёла, і не забываць, што евангелізацыя патрабуе ўвагі да культуры і звычаяў тых народаў, якім яна прапануецца. Са свайго боку Святы Айцец абяцаў падтрымліваць маладых людзей малітвай і благаслаўленнем.

Святкаванне ў Касцёле Сусветнага дня сродкаў сацыяльнай камунікацыі ўстанавіў у 1967 г. папа Павел VI, адказваючы такім чынам на прапанову ІІ Ватыканскага Сабора прысвяціць адзін дзень у годзе гэтым сродкам. З таго часу ў гэты дзень Папа публікуе сваё традыцыйнае пасланне.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.