Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Ліст з віншаваннямі, дасланы папу Бэнэдыкту XVI ад імя моладзі

Мінск, 12 снежня 2011 г.
Яго Святасці
Папу Бэнэдыкту XVI
Ватыкан

Ваша Святасць,

Мы, моладзь Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Беларусі, кожны год у Адвэнце збіраемся на малітоўным чуванні ў мінскай архікатэдры Імя Марыі, каб супольна дзяліцца радасцю чакання Збаўцы і разважаць над цудоўнаю  таямніцаю Яго прыйсця ў свет. Быць «соллю» і «святлом» сучаснага свету — вось тэма нашага сёлетняга чування, якое адбылося 10 снежня. Мы прагнем, як соль, прынесці смак хрысціянства і Хрыстовай любові туды, дзе жывем, быць промнямі Яго святла паўсюль, дзе знаходзімся.

Падчас чування, апроч Эўхарыстыі, духоўных разважанняў, адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту, малітвы і спеваў, мы маем асаблівую традыцыю, якая здаўна існуе на нашай зямлі, — дзяленне аплаткай. Гэты белы хлеб, які складаецца з многіх зёрнаў, — чысціня і радасць нашых сэрцаў, ламаць яго — значыць дзяліцца імі з бліжнімі, адорваць іх сваёю любоўю на ўспамін той бязмежнай Любові і той бясцэннай Ахвяры, якую Хрыстус прынёс для свету, каб быць адзінствам паміж сабой і з Богам.

Дзелячыся аплаткай, мы дзелімся таксама і пажаданнямі, не толькі адно з адным, але і з нашымі пастырамі: святарамі і біскупамі, якія заўжды прысутнічаюць на чуванні. Сёлета да нас далучыўся і Ваш пасланнік, Яго Эксцэленцыя арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці.

Дзякуючы яго ініцыятыве ў нас упершыню з’явілася магчымасць падзяліцца з Вашай Святасцю гэтай аплаткай, якую Вам дасылаем, і нашымі пажаданнямі.

Мы хочам падзяліцца з Вамі сваёю маладосцю, каб Вам ніколі не бракавала сілаў у кіраванні сусветным Касцёлам, хочам падзяліцца ўсмешкамі і радасцю сваіх сэрцаў, каб праз Вас яны трапілі туды, дзе яны патрэбныя, хочам падзяліцца сваімі рукамі — гатоўнасцю працаваць на чале з Вамі, каб Божае Валадарства прыйшло на зямлю.

Шчыра жадаем, каб Бог Айцец благаслаўляў Вас, каб Дух Святы шчодра напаўняў сваімі дарамі, каб нованароджаны Хрыстус, наш прамяністы Усход, асвятляў кожную хвіліну Вашага жыцця, даў моц ва ўсіх выпрабаваннях і цяжкасцях, а Багародзіца падтрымлівала Вас сваёю матчынаю рукою.

Мы ж, у сваю чаргу, молімся за Вас і ва ўсіх Вашых інтэнцыях!

Шчаслівага Божага Нараджэння і Новага году!

Ad multos annos!

З удзячнасцю за Ваш клопат пра нас, з просьбаю аб Вашым благаслаўленні,

ад імя моладзі —

Юлія Шэдзько
Адноўлена 13.12.2011 13:47
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.