Пастырскае пасланне арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на Адвэнт 2009 года |
23.11.2009 18:37 |
ДАЙ НАМ, ПАНЕ, СВАЁ ЗБАЎЛЕННЕ «Пакажы нам, Пане, сваю міласэрнасць і дай нам сваё збаўленне» (Пс 85 (84), 8) Глыбокапаважаныя браты і сёстры! Менавіта таму сёння Касцёл моліцца словамі псальма: «Пакажы нам, Пане, сваю міласэрнасць і дай нам сваё збаўленне» (Пс 85(84), 8).
Разам з Псальмістам мы просім аб Божай міласэрнасці і збаўленні. Мы
добра ведаем, што ласка збаўлення — гэта ласка бязмежнай Божай
міласэрнасці. Чалавек сам не змог бы збавіць сябе, бо збавіць — азначае
вызваліць з грахоўнай няволі. Ніхто іншы, акрамя самога Бога, не можа
гэтага ўчыніць. Менавіта таму Бог пасылае свайго Адзінароднага Сына,
каб той праз сваю крыжовую смерць і ўваскрасенне збавіў чалавека. З
любові да чалавека Хрыстус узыходзіць на крыж. Ягоная смерць на гэтым
дрэве ганьбы, як лічылася ў тыя часы, — гэта найвышэйшая мера любові і
дзеянне Бога супраць самога сябе, як навучае Папа Бэнэдыкт XVI у
энцыкліцы «Бог ёсць любоў» (пар. DCE 12). 2. Гэта вядомая ўсім нам гісторыя збаўлення, за якое чалавек
заўсёды павінен быць удзячны Богу. Аднак, з іншага боку, адкуплены
чалавек, які стаў абраным дзіцем Божым, усё часцей жыве, асабліва ў наш
секулярны час, так, як быццам Бога зусім няма. Ён страціў пачуццё граху
і імкнецца да абсалютнай свабоды рабіць усё, што яму хочацца. Ён не
верыць у існаванне абсалютнай праўды. Для яго ўсё адносна. Сваю надзею
ён ускладае на развіццё навукі і тэхналогіі, а таксама на матэрыяльныя
каштоўнасці. Аднак штодзённае жыццё паказвае, што гэтага далёка не
дастаткова. Нават самы паспяховы і вельмі багаты чалавек не заўсёды
шчаслівы. Сёння мы жывем лепш, нашыя гарады прыгажэюць, развіваецца
інфраструктура, мы карыстаемся значна лепшымі аўтамабілямі і ездзім па
значна лепшых дарогах, чым 20–30 гадоў таму. Але ці больш шчаслівыя мы
ад гэтага, калі, напрыклад, да працы трэба дабірацца не 20 хвілін, а
цэлую гадзіну, калі на кожным кроку здараюцца стрэсы і ўсё больш людзей
павінны лячыцца ад іх, калі свет паглынуты вырашэннем праблемаў
фінансавага крызісу, а сучасны чалавек упадае ў глыбокую дэпрэсію і
душэўны неспакой? Да таго ж усё часцей назіраюцца далёкія ад духу
Евангелля адносіны паміж людзьмі, праявы сацыяльнай несправядлівасці,
распаўсюджванне, асабліва сярод моладзі, розных псеўдарэлігійных рухаў,
магіі і чараў, а таксама эскалацыя тэрарызму, агрэсіўнай ксенафобіі і
неталерантнасці, сужэнская нявернасць, разбэшчанасць і дашлюбнае
сексуальнае жыццё, імкненне да абсалютнай свабоды рабіць усё, што
пажадаецца і іншыя негатыўныя з’явы. Сёння перавага аддаецца тым ці іншым каштоўнасцям паводле
прынцыпу carpe diem — хапай дзень, карыстайся жыццём напоўніцу, які, са
свайго боку, выключае пытанні пра будучыню. «Homo ludens» —
«чалавек, які бавіцца» — бессэнсоўна трапляе ў вір жыцця. Гоман
сучаснага свету ўкараняецца ў яго нутро, напаўняючы яго ажно па берагі.
Яго ўжо не дасягае рэха мінулага часу, які ён ацэньвае адным словам:
старое! Жыццё ён успрымае як кабарэ. Пакуль іскрыцца каляровае святло,
забава працягваецца, і ніхто не пытаецца, што будзе пасля. Такое
пытанне можа сапсаваць настрой. Акрамя таго, яно прагучала б як выклік
будучыні, і таму на яго найчасцей адказваюць словамі самазаспакойвання:
паглядзім, час пакажа, не будзем думаць пра гэта сёння, важна тое, што
ёсць цяпер... Таму калі задаюцца пытанні пра тое, куды ідзе сучасны свет, у
якім кірунку ён развіваецца, што яго чакае ў будучыні і падобныя, то
чалавека ажно жах бярэ. Гледзячы на сучасны свет і ягоныя праблемы, мы
заўважаем, што чалавецтва перажывае не столькі фінансавы крызіс, колькі
маральны, які вядзе да краю бездані. У такой сітуацыі мы пытаемся ў
саміх сябе: што рабіць, хто нам можа дапамагчы, да каго ўцякаць? 3. Найперш гэтая
міласэрнасць павінна праявіцца ў нашым навяртанні. А каб навярнуцца,
трэба адвярнуцца. Ад чаго? Ад нашага эгаізму, ад нянавісці, злосці і
неталерантнасці, ад звычкі не заўважаць Бога над сабою і людзей побач з
намі, ад неўпарадкаванага пазасужэнскага карыстання Божым дарам
сексуальнасці і іншых псеўдакаштоўнасцяў. Каб гэтага дасягнуць, трэба
скіраваць свой позірк на тое, што трывае заўсёды і ніколі не змяняецца,
а менавіта на адзіна сапраўдныя духоўныя каштоўнасці. На
авансцэне Адвэнту з’яўляецца святы Ян Хрысціцель, заданнем якога было
падрыхтаваць дарогу прыходзячаму Збаўцы. Вучэнне, якое ён абвяшчаў,
паходзіла не ад яго. Гэта не была ягоная мудрасць, але мудрасць таго,
хто яго паслаў, мудрасць самога Бога. Гэтая мудрасць заключаецца ў тым,
што, як навучаў святы Ян, трэба імкнуцца рабіць толькі дабро,
навяртацца і такім чынам рыхтаваць шлях Пану, які прыходзіць (Пар Мц 3, 2–3). Трэба таксама з пакорай і надзеяй адкрыцца на прыходзячага
Збаўцу. Святы Ян Хрысціцель кажа, што за ім ідзе мацнейшы за яго. Як жа
гэты Ян адрозніваецца ад папулярных «ідалаў» сучаснага свету! Яны
абвяшчаюць саміх сябе непараўнальнымі зоркамі, а Ян, за якім ішлі
натоўпы людзей, кажа, што за ім ідзе мацнейшы за яго, якому ён не варты
развязаць раменьчык на сандалях (Пар. Ян 1, 27). Ідзе, сапраўды ідзе, ідзе ўжо больш за 2000 гадоў і будзе ісці ажно да канца вякоў! 5. Умілаваныя браты і сёстры! У асабістай малітве трэба адкрыць у сабе Духа Святога, якога мы
прынялі ў сакрамэнце хросту, і жыць паводле Яго наказаў, кіравацца Яго
натхненнямі і не паддавацца згубным амаральным тэндэнцыям сучаснасці.
Задумваючыся над сваім жыццём, трэба таксама адказаць на пытанне: які
плён мы прыносім? Ці мы як хрысціяне даем добры прыклад іншым? З пакораю святога Яна Хрысціцеля трэба верыць у тое, што Езус мае моц ачысціць таго, хто гэтага шчырым сэрцам жадае (Мк 1, 40–42).
Трэба верыць у тое, што Ён можа адбудаваць усё знішчанае і выправіць
папсаванае. Трэба таксама верыць у тое, што ў сакрамэнце пакаяння Ён
хоча нам дапамагчы адшукаць тую частку духоўнага багацця, якую мы
страцілі. Каб перажыць навяртанне, трэба па прыкладзе блуднага сына ўстаць і пайсці насустрач прыходзячаму Езусу (пар. Лк 15, 18),
які, бязмежны ў сваёй міласэрнасці, у сакрамэнце пакаяння можа ўчыніць
нашае жыццё сапраўды годным сыноў і дачок Божых, учыніць яго скарбам. Давяраючы ўсіх вас Божай міласэрнасці, у Год святарства,
дзякуючы якому Езус асабліва праяўляе сваю міласэрнасць, праз
заступніцтва Марыі — Маці Адвэнту — ад усяго сэрца на гэты час Божай
ласкі і навяртання благаслаўляю ў імя Айца, + і Сына, і Духа Святога. Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі Мінск, 21 лістапада 2009 г. |
Адноўлена 24.11.2009 14:24 |