Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Каментарый арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча да Паслання папы Бэнэдыкта XVI на 43-і Сусветны дзень міру. 1 студзеня 2010 г.
30.12.2009 17:40

Калі хочаш умацоўваць мір, ахоўвай усё стварэнне

1. Сёння, у першы дзень Новага года, Каталіцкі Касцёл адзначае ўрачыстасць святой Багародзіцы Марыі. Логіка тут даволі простая. Новы час збаўлення распачаўся дзякуючы згодзе Марыі з воляй Божай. Новы год мы таксама распачынаем з Марыяй — Каралевай супакою, якую выбіраем сабе за прыклад на гэтым новым шляху нашага жыцця, каб кожны дзень на Божую прапанову казаць нашае «так», згаджацца з Божай воляй, бо гэта адзіны, выпрабаваны і гарантаваны шлях да вырашэння ўсіх праблем і будавання шчаслівага жыцця.

З нагоды Новага года віншую ўсіх вас і жадаю, каб гэты час новай надзеі з Божай дапамогай сапраўды стаў часам яе ажыццяўлення. Шчаслівага, багатага на Божыя ласкі і плённага Новага 2010 года ўсім вам!

2. Традыцыйна, ужо ў 43-і раз, Каталіцкі Касцёл адзначае Сусветны дзень міру. Ініцыятыва яго правядзення належала папу Паўлу VI, потым была падтрымана Янам Паўлам II і цяпер працягваецца Бэнэдыктам XVI.

Сёлетні Сусветны дзень міру праходзіць пад дэвізам: «Калі хочаш умацоўваць мір, ахоўвай усё стварэнне».

3. Напачатку свайго Паслання Папа падкрэслівае, што шанаванне створанага свету мае вялікае значэнне, бо стварэнне з’яўляецца пачаткам і падмуркам усіх Божых спраў. Таму яго ахова мае вялікі ўплыў на мірнае жыццё чалавецтва. Папа падкрэслівае, што ў наш час неразважлівага і амаральнага выкарыстання прыроды патрэбна аднаўленне і ўмацаванне запавету паміж чалавекам і асяроддзем. Гэта зразумела, бо парушэнне ўстаноўленага Богам парадку вядзе да ўзнікнення канфліктаў, як паміж прыродай і чалавекам, так і паміж людзьмі, бо несправядлівае выкарыстанне прыродных багаццяў вядзе да абагачэння адных і абяднення іншых. Таму прыняцце стварэння як Божага дару ўсяго чалавецтва дапамагае лепш зразумець пакліканне і годнасць чалавека.

4. Бэнэдыкт XVI у сваім Пасланні ўзгадвае навучанне сваіх папярэднікаў Паўла VI і Яна Паўла II аб сувязі міру з належнай аховай прыроды. Папа нагадвае аб тым, што Ян Павел II увёў паняцце «экалагічнай свядомасці» і «экалагічнага крызісу».

Касцёл хоць і не прапануе тэхнічных рашэнняў праблемаў сучаснасці, аднак імкнецца звярнуць увагу на сувязь паміж Створцам, чалавекам і стварэннем. Відавочна, што ў сучасным свеце павялічваецца экалагічны крызіс, праяўленнем якога з’яўляюцца кліматычныя змены, пашырэнне пустынь, зніжэнне ўрадлівасці зямлі, забруджванне рэк і вадасховішчаў, шматлікія прыродныя катаклізмы і іншыя з’явы. У апошнія часы нават з’явіўся новы тэрмін — экалагічная міграцыя, калі людзі па экалагічных прычынах вымушаны змяніць месца жыхарства.

5. У Пасланні Святы Айцец падкрэслівае, што, гаворачы пра экалагічны крызіс, трэба браць пад увагу як канцэпцыю развіцця, так і бачанне чалавека ў яго адносінах да іншых і да стварэння, бо сучасны чалавек таксама перажывае культурны і маральны крызіс. Чалавецтва патрабуе культурнага і духоўнага аднаўлення, каб будаваць лепшую будучыню. А кожны крызіс мае свой пачатак у маральным крызісе чалавека.

Свет не ўзнік як нейкая абавязковасць і здарэнне. Ён быў свабодна створаны Богам, які хацеў даць магчымасць стварэнню прымаць удзел у Яго быцці. Таму Бог стварыў чалавека на свой вобраз і падабенства. Ён загадаў яму, каб насяліў зямлю і валодаў ёю ад імя Бога.

Створаную гармонію парушыў грэх Адама і Евы, якія хацелі заняць месца Стварыцеля. Усё гэта прывяло да канфлікту паміж чалавекам і стварэннем. Чалавек дазволіў, каб ім апанаваў эгаізм, ён загубіў сэнс Божага наказу. Чалавек, прагнучы абсалютна панаваць над стварэннем, замест таго, каб быць адказным уладальнікам, стаў безадказным карыстальнікам.

Замест таго, каб быць супрацоўнікам Бога, чалавек займае яго месца. У выніку прырода бунтуецца, бо чалавек не карыстаецца ёю паводле задумы Стварыцеля, а тэрарызуе яе. Абавязкам жа чалавека ёсць адказнае карыстанне прыродай.

6. Папа звяртае ўвагу і на такую фундаментальную праблему сучаснага свету, як нераўнамернае размеркаванне натуральных багаццяў паміж людзьмі, нягледзячы на тое, што спадчына стварэння належыць усяму чалавецтву. Хуткасць выкарыстання гэтых багаццяў нясе ў сабе новыя пагрозы, так, што некаторых з іх хутка можа не хапіць. Таму гаспадарчая дзейнасць павінна шанаваць асяроддзе і ахоўваць яго.

У гэтай галіне паміж сабой павінны цесна супрацоўнічаць міжнародныя арганізацыі, выказваючы сваю салідарнасць у прасторы і часе. Да такой адказнасці пакліканы як індустрыяльныя краіны, так і менш развітыя, каб у сваёй дзейнасці праводзіць палітыку аховы асяроддзя. Для рэалізацыі гэтых пастулатаў неабходны новыя спосабы і стратэгіі ў галіне пошуку новых і ў той жа час менш шкодных крыніц энергіі, і пры гэтым у цэнтры ўсіх зацікаўленасцяў заўсёды павінен быць чалавек. Трэба адмовіцца ад логікі чыстага спажывання з мэтай падтрымкі такіх форм вытворчасці, у якіх будзе шанавацца парадак стварэння і якія забяспечаць патрэбы ўсіх людзей.

7. Праблема дэградацыі асяроддзя звязана таксама з неабходнасцю змены нашых паводзін, спажывальніцкага стылю жыцця, часта неўраўнаважанай з грамадскага і эканамічнага пункту гледжання вытворчасці і нават эканомікі. Таму прыйшоў час змяніць наш менталітэт у адносінах да прыняцця новага стылю жыцця, у якім пошук праўды, прыгажосці і дабра, а таксама супольнасць людзей, якія імкнуцца да агульнага развіцця, былі б рашучымі элементамі ў выбары спосабаў спажывання, ашчаднасці і інвестыцыі. Вялікае значэнне мае выхаванне ў чалавеку ўмення прымаць адпаведныя рашэнні, якія б перамаглі асабістыя тэндэнцыі і справядліва служылі ўсім. Папа нездарма падкрэслівае, што вялікае значэнне і адказнасць у такім выхаванні нясуць сродкі масавай камунікацыі, каб прапанаваць пазітыўныя мадэлі развіцця, з якіх можна браць прыклад.

8. Фундаментальным з’яўляецца сцвярджэнне Бэнэдыкта XVI, што ахова асяроддзя патрабуе глабальнага бачання свету, супольнага і адказнага намагання, патрэбы адысці ад логікі, паводле якой у цэнтры знаходзіцца эгаістычны нацыянальны інтарэс, і распрацаваць такое бачане, якое прымае пад увагу патрэбы ўсіх людзей.

Касцёл нясе адказнасць за створаны свет і таму дзейнічае ў напрамку аховы асяроддзя, як Божага дару ўсім людзям, а перш за ўсё за абарону чалавека перад небяспекаю знішчэння самога сябе. Дэградацыя прыроды моцна звязана з культурай, якая фарміруе жыццё грамадства. Таму калі «чалавечая экалогія» ¬— захаванне Божага закону — шануецца ў грамадстве, то і «экалогія асяроддзя» атрымлівае з гэтага карысць.

Нам усім трэба памятаць, што калі мы гаворым пра асяроддзе, асабістую, сямейную і грамадскую этыку, то кніга прыроды заўсёды застаецца адной і той жа для ўсіх. Нельга патрабаваць ад дзяцей і моладзі, каб шанавалі асяроддзе, калі бацькі і грамадства гэтага не робяць і не шануюць сябе саміх. Абавязкі чалавека ў адносінах да асяроддзя вынікаюць з абавязкаў асобы ў адносінах да іншых. Таму трэба падтрымліваць выхаванне экалагічнай адказнасці, якая мае свой падмурак у «чалавечай экалогіі» — у жыцці паводле Божага закону.

9. З навучання Папы вынікае ясна і недвухсэнсоўна, што многія людзі знаходзяць супакой праз блізкі кантакт з прыгажосцю і гармоніяй прыроды. Тут існуе пэўная ўзаемаабумоўленасць: калі мы апякуемся створаным светам, то Бог праз яго апякуецца намі.

Гэта не азначае абсалютызаванне прыроды і прызнанне яе важнейшай за чалавека. Тут трэба ўшаноўваць тую граматыку, якую Стварыцель упісаў у справу стварэння, давяраючы чалавеку ролю вартаўніка і распарадчыка створанага Ім свету, ролі якога ён не можа выконваць неналежным чынам, і адначасова не можа ад яе адмовіцца. Падобна гэтаму абсалютызацыя тэхнікі і чалавечай улады з’яўляецца пагрозай як для прыроды, так і для годнасці чалавечай асобы.

10. Напрыканцы свайго Паслання папа Бэнэдыкт XVI кажа, што імкненню ўсіх людзей добрай волі да супакою будзе спрыяць прызнанне непарушнай сувязі, якая існуе паміж Богам, чалавекам і ўсім створаным светам. Таму кожны чалавек павінен ахоўваць натуральнае асяроддзе, каб будаваць супакой.

11. Удзячныя папу Бэнэдыкту XVI за яго клопат у такой актуальнай справе, як захаванне міру ва ўсім свеце, праз  заступніцтва Багародзіцы Марыі просім Бога на пачатку Новага года аб ласцы, каб сучасны, заклапочаны справамі спажывальніцтва, эгаістычны чалавек праз ахову асяроддзя і яго належнае выкарыстанне сапраўды ўмацоўваў мір і каб у свеце панаваў супакой, які прынёс у яго Збаўца Езус Хрыстус.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі

Мінск, 25 снежня 2009 г.
ва ўрачыстасць Нараджэння Пана

Адноўлена 01.01.2010 15:57
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Пастырскія лісты біскупаў

03.05 06:19Пастырскае пасланне арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на Дзень малітваў аб пакліканнях
17.09 14:52Прывітальны ліст біскупа Аляксандра Кашкевіча да арганізатараў і ўдзельнікаў ХІІ Нацыянальнага турніру па міні-футболе памяці св. Яна Паўла ІІ
02.07 00:27Прывітальнае слова Яго Эксцэленцыі арцыбіскупа д-ра Габара Пінтэра, тытулярнага біскупа Вэлебусдо, Апостальскага Нунцыя ў Беларусі
04.04 18:05Паведамленне біскупа Аляксандра Кашкевіча аб зборы ахвяраванняў для жыхароў Украіны
25.03 12:39Велікоднае пасланне біскупа Алега Буткевіча
25.03 00:31 Пажаданні біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB на Вялікдзень 2016 г.
25.03 00:00Пажаданні біскупа Аляксандра Кашкевіча з нагоды ўрачыстасці Уваскрасення Пана 2016 г.
24.03 13:21Віншаванні біскупа Антонія Дзям’янкі на Вялікдзень 2016 г.
21.03 18:02Пастырскае пасланне Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на Вялікдзень 2016 г.
02.02 11:00Пастырскі ліст біскупа Аляксандра Кашкевіча з нагоды святкавання 25-годдзя Гродзенскай дыяцэзіі