Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Пастырскае пасланне арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на 2010 г.
06.01.2010 10:36

Быць святаром паводле Сэрца Езуса


Глыбокапаважаныя браты і сёстры!
1. 19 чэрвеня 2009 г. паводле рашэння Святого Айца Бэнэдыкта XVI мы распачалі Год святарства. Сёння з удзячнасцю Езусу Хрысту — Першасвятару — мы ўспамінаем Першую ўсебеларускую малітоўную сустрэчу святароў, якая адбылася ў касцёле св. Сымона і св. Алены ў Мінску 4 жніўня мінулага года. Падчас гэтай сустрэчы слугі алтара дзякавалі за ласку паклікання да святарства, разважалі над гэтым вялікім дарам, асэнсоўвалі, як выконваюць сваё служэнне і ці адказвае яно на выклікі сучаснага секулярнага свету.

Сёння, на пачатку Новага года, заахвочваю ізноў звярнуцца да тэмы паклікання да асаблівага служэння, бо Год святарства працягваецца і завершыцца 19 чэрвеня 2010 года Сусветнаю сустрэчаю святароў на плошчы Святога Пятра ў Апостальскай Сталіцы.

Для святароў Год святарства — гэта час аднаўлення ў сабе Божага дару святарства і служэння Богу і людзям. Святарскае жыццё залежыць ад асабістых адносін прэзбітэра з Хрыстом. Таму кожнаму святару трэба найперш аднавіць і ажывіць гэтыя адносіны, бо менавіта з іх выплывае любоў да людзей і жаданне служыць ім з радасцю.

Для вернікаў гэты час з’яўляецца нагодай, каб выказаць сваю асаблівую ўдзячнасць Езусу Хрысту за дар службовага святарства, за сакрамэнт пасвячэння. Вернікі павінны маліцца за святароў, каб яны былі гонарам нашага Касцёла і яго праслаўленнем; павінны любіць іх за ахвярную працу і служэнне людзям на шляху да збаўлення; павінны падтрымліваць іх і прасіць Пана, каб паслаў працаўнікоў на сваё жніво.

2. Год святарства распачаўся ў свята Найсвяцейшага Сэрца Езуса, якое нагадвае нам пра таямніцу Хрыста, пра сутнасць гэтай таямніцы, нагадвае пра асобу Езуса. Набажэнства да Сэрца Езуса з’яўляецца найлепшым праяўленнем нашай любові да Пана. Знак і сімвал Найсвяцейшага Сэрца падкрэслівае тую любоў, якою Хрыстус любіць свайго Айца і кожнага з нас, — навучае Катэхізіс Каталіцкага Касцёла (пар. ККЦ 478). Гэта поўнае самаадданне Хрыста ў любові, да якой мы, святары, павінны імкнуцца ў нашым жыцці.

З прабітага боку Хрыста выцяклі кроў і вада — сімвалы сакрамэнтаў. Найсвяцейшая кроў яўляецца знакам адпушчэння грахоў і дару новага жыцця ў Хрысце. Вада — гэта сімвал дзеяння Духа Святога, які нас ачышчае ў сакрамэнце хросту і пакаяння.

Кроў і вада, якія выцеклі з прабітага боку Езуса, — гэта тыя сродкі, якімі Бог праз Духа Святога вядзе нас да сябе з дня ў дзень, прыпадабняючы паводле свайго вобразу.

Святы Айцец Бэнэдыкт XVI, распачынаючы Год святарства, сказаў, што ў Найсвяцейшым Сэрцы Езуса выражана сутнасць хрысціянства. У Хрысце была адкрыта і прадстаўлена рэвалюцыйная навіна Евангелля — любоў, якая збаўляе і дае магчымасць жыць Божай вечнасцю. Святы Ян Евангеліст піша, што «так палюбіў Бог свет, што аддаў Сына свайго Адзінароднага, каб кожны, хто верыць у Яго, меў жыццё вечнае» (Ян 3, 16). Яго Боскае Сэрца звяртаецца да нашага сэрца, заклікае нас выйсці з саміх сябе, даверыцца Яму, і, па Яго прыкладу, з саміх сябе зрабіць дар любові. Калі заклік Хрыста «застацца ў Яго любові» (пар. Ян 15, 9) актуальны для ўсіх хрысціянаў, то яшчэ мацней ён павінен гучаць у сэрцах святароў. Невыпадкова Катэхізіс Каталіцкага Касцёла паўтарае словы св. Яна Віянэя, што «святарства — гэта любоў Сэрца Езуса» (ККЦ 1589).

3. Многа можна казаць аб ролі святара ў жыцці Касцёла і вернікаў. Ён — лідэр, які павінен быць для людзей прыкладам у малітве і добрым сведчанні. Ён дапамагае людзям жыць дарамі Духа Святога. Ён — настаўнік, які навучае праўдзе Евангелля. Ён — інструмент у Божых руках, аловак, якім Хрыстус можа пісаць усё тое, што кажа нябесны Айцец. І тое, што Хрыстус піша ў нашых сэрцах — калі мы дазваляем Яму — гэта гісторыя бязмежнай любові і міласэрнасці Бога да чалавека.

Таму святар заўсёды павінен быць у распараджэнні Хрыста, каб Ён мог выкарыстоўваць яго волю, рукі, голас. Гэта найбольш бачна падчас цэлебрацыі св. Імшы, калі святар кажа: «Гэта ёсць Цела Маё» і «гэта ёсць Кроў Мая». На самой справе, ужо не святар кажа гэтыя словы, але сам Езус, выкарыстоўваючы вусны і волю слугі алтара. Такім чынам словы Езуса, сказаныя ў Вячэрніку больш чым 2 тысячы гадоў таму, паўтараюцца і сёння і будуць паўтарацца да канца часоў, робячы рэальнай ахвяру Хрыста на дрэве крыжа, якая дае нам вечнае жыццё.

Падобным чынам голас і воля святара выкарыстоўваюцца, каб сказаць грэшніку, які каецца: «Я адпускаю табе грахі. Ідзі ў супакоі». Гэта вялікае багацце і прывілей мае толькі святар. Ніхто іншы не можа гэтага здзейсніць.

У Пасланні на Год Святарства папа Бэнэдыкт XVI узгадвае словы св. Яна Марыі Віянэя. Калі б мы добра зразумелі, кім ёсць святар на зямлі, то памерлі б не ад пачуцця страху, а ад любові. Без святара смерць і мука Езуса не змаглі б служыць нам праз усе вякі. Менавіта святар працягвае справу збаўлення. Навошта быў бы патрэбны дом з золата, калі ў ім не было б каму адчыніць нам дзверы? Святар мае ключы ад нябесных скарбаў. Ён ёсць святаром не для сябе, але для людзей.

4. Нам, святарам, трэба заўсёды памятаць, што нашыя словы і дзеянні маюць вялікі рэзананс. Словы, якія мы прамаўляем, і справы, якія чынім, могуць прынесці многа дабра нават тады, калі мы і не маем такога намеру. Але ў той жа час нашы неабдуманыя і неадпаведныя словы ці памылковыя дзеянні могуць стаць дрэнным прыкладам, прычынай спакусы або нават няшчасцем іншых. Нездарма Святы Айцец Павел VI казаў, што сучасны чалавек хутчэй слухае сведкаў, чым настаўнікаў, а калі слухае настаўнікаў, то таму, што яны з’яўляюцца сведкамі (пар. EN 41). Каб у нас не нарадзілася экзістэнцыяльная пустата і не была парушана эфектыўнасць нашага служэння, трэба, каб мы заўсёды пыталіся ў сябе: ці сапраўды мы прасякнуты Божым словам, ці з’яўляецца яно нашай духоўнай ежай, важнейшай за хлеб і штодзённыя справы, ці ведаем мы Божае слова, ці любім яго, ці фарміруе яно нашае мысленне? Езус найперш паклікаў Дванаццаць, каб былі з Ім (пар. Мк 3, 14), і толькі потым паслаў іх абвяшчаць Евангелле. Так і ў наш час святары пакліканы «прысвоіць» сабе «новы стыль жыцця», распачаты Езусам Хрыстом, які ажыццяўлялі апосталы.

Таму мы павінны перажываць і рэалізоўваць нашае пакліканне з вялікай пакорай і адказнасцю.

5. Маючы на ўвазе вышэйсказанае, заклікаю вернікаў нашай архідыяцэзіі прысвяціць больш часу малітве за святароў і аб пакліканнях да святарства. Для гэтага ва ўсіх парафіях кожны чацвер або кожную нядзелю, у залежнасці ад рашэння пробашча, да канца Года святарства загадваю праводзіць гадзінную адарацыю Найсвяцейшага Сакрамэнту. Такая малітва падтрымае нас, святароў, і  яшчэ больш з’яднае з вернікамі. Яна таксама дапаможа выразіць шчырую падзяку Богу за дар святарства і святарскае служэнне. Спадзяюся, што гэта малітва таксама стане крыніцай новых пакліканняў да святарства.

6. Год святарства — гэта і добрая магчымасць для ўсіх ахрышчаных аднавіць у сабе разуменне прыналежнасці да святарства Езуса Хрыста, у якім прымаюць удзел усе члены Касцёла. Мы ўсе з’яўляемся святарскім народам. Тыя ж, хто прыняў сакрамэнт пасвячэння, з’яўляюцца святарамі Новага Запавету. Іх святарства — гэта службовае святарства.

Святарства вернікаў — гэта агульнае святарства. На практыцы гэта азначае, што ахрышчаныя праз пастаянную малітву павінны ахвяроўваць Пану кожны дзень свайго жыцця, каб імкнуцца да святасці. Мэта святарства ўсіх ахрышчаных — праз малітву, ахвяру Богу і дабрачыннасць ўчыніць наш свет святым.

7. Год святарства мае свайго апекуна — св. Яна Марыю Віянэя, пробашча з Арс. Гэты святар добра вядомы сваім простым і пакорным стылем жыцця, глыбокай малітвай, асабліва перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам, служэннем у сакрамэнце пакаяння (ён нават атрымаў прозвішча «вязень канфесіяналу»). Заахвочваю ўсіх святароў браць прыклад са св. Яна Віянэя, каб сярод нас не было людзей, якія б не маглі паспавядацца з-за таго, што гэта немагчыма.

У Год святарства трэба ўзгадаць і нашага земляка благаслаўлёнага кс. Міхала Сапоцьку, спаведніка візіянеркі Езуса Міласэрнага св. Фаустыны Кавальскай, які ўзрастаў да святасці на нашай зямлі і яе праславіў.

Трэба ўспомніць многіх іншых святароў, якія верна служылі Богу і Касцёлу на нашай зямлі падчас пераследу. Іх самаадданае служэнне ў цяжкіх абставінах таго часу — гэта прыклад усім нам, як мы павінны служыць.

8. Дарагія святары, прэзбітэрый Мінска-Магілёўскага Касцёла, Хрыстус спадзяецца на вас. Спадзяецца на вас ваш біскуп. Спадзяюцца вернікі. Ідучы за прыкладам св. Яна Віянэя, бл. Міхала Сапоцькі і іншых нашых святароў-землякоў, многія з якіх безумоўна святыя, дазвольце, каб Езус здабыў вас яшчэ мацней, каб у сучасным свеце вы сапраўды былі пасланцамі надзеі, паяднання і супакою.

Давяраючы ўсіх вас апецы Марыі, Маці святароў, гэтыя пажаданні ўмацоўваю сваім благаслаўленнем у імя Айца, + і Сына і Духа Святога. Амэн.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі

Мінск, 6 студзеня 2010 г.
Ва ўрачыстасць Аб’яўлення Пана.

Адноўлена 05.01.2010 14:57
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме

Пастырскія лісты біскупаў

03.05 06:19Пастырскае пасланне арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на Дзень малітваў аб пакліканнях
17.09 14:52Прывітальны ліст біскупа Аляксандра Кашкевіча да арганізатараў і ўдзельнікаў ХІІ Нацыянальнага турніру па міні-футболе памяці св. Яна Паўла ІІ
02.07 00:27Прывітальнае слова Яго Эксцэленцыі арцыбіскупа д-ра Габара Пінтэра, тытулярнага біскупа Вэлебусдо, Апостальскага Нунцыя ў Беларусі
04.04 18:05Паведамленне біскупа Аляксандра Кашкевіча аб зборы ахвяраванняў для жыхароў Украіны
25.03 12:39Велікоднае пасланне біскупа Алега Буткевіча
25.03 00:31 Пажаданні біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB на Вялікдзень 2016 г.
25.03 00:00Пажаданні біскупа Аляксандра Кашкевіча з нагоды ўрачыстасці Уваскрасення Пана 2016 г.
24.03 13:21Віншаванні біскупа Антонія Дзям’янкі на Вялікдзень 2016 г.
21.03 18:02Пастырскае пасланне Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на Вялікдзень 2016 г.
02.02 11:00Пастырскі ліст біскупа Аляксандра Кашкевіча з нагоды святкавання 25-годдзя Гродзенскай дыяцэзіі