Слова Жыцця на красавiк 2017 |
«Застанься з намі, бо ўжо вечарэе, і дзень мінае» (Лк 24, 29) Гэтыя словы звернуты да Незнаёмца, які спадарожнiчаў двум вучням на шляху з Ерузалема ў паселішча Эмаўс. У дарозе «яны размаўлялі і апавядалі» адзін аднаму пра тое, што адбылося ў апошнія дні ў горадзе. Здавалася, што Ён быў адзіным, хто не ведаў пра гэта, і таму яны абодва, прыняўшы Яго за таварыша, распавядалi яму пра «прарока, моцнага ў справе і ў слове перад Богам і ўсімі людзьмі», якому яны давяралi. Ён быў выданы рымлянам першасвятарамі і габрэйскімi кіраўнiкамi, а потым асуджаны на смерць і ўкрыжаваны. Страшная трагедыя, значэння якой яны не маглi зразумець. У дарозе Незнаёмец, абапiраючыся на словы Пісання, дапамагае ім зразумець значэнне гэтых падзей і ўзбуджае надзею ў іх сэрцах. Прыбыўшы ў Эмаўс яны запрашаюць Яго на вячэру: «Застанься з намі, бо ўжо вечарэе». Калі ж яны селі разам за стол, Незнаёмец блаславiў хлеб і падзяліўся з імі. Гэты жэст дазволіў iм пазнаць Яго: Укрыжаваны памёр, але ўваскрос! І адразу ж абодва вучні змяняюць свае планы: вяртаюцца ў Ерузалем i шукаюць іншых вучняў, каб перадаць ім гэтую вялiкую навіну. Мы таксама можам быць расчараванымi, злымi, знеахвочанымi трагічным пачуццём бездапаможнасці перад аблiччам несправядлівасці, якая закранае нявінных і безабаронных людзей. Гэтаксама i ў нашым жыцці хапае болю, няўпэўненасці, цемры... А як бы хацелася нам пераўтварыць іх у супакой, надзею, святло, для сябе і для іншых. О, як бы мы хацелі сустрэць кагосьцi, хто зразумее нас да канца і асвеціць нам дарогу жыцця! Езус, Богачалавек, дзеля ўпэўненасцi, што Ён дасягне глыбіні кожнага з нас, у кожнай сітуацыі, добраахвотна пагадзіўся на тое, каб перажыць гэтак жа, як і мы, цемру цярпення. Цярпення не толькi фізічнага, але і ўнутранага: ад здрады сваіх сяброў да пачуцця пакінутасці Богам, якога Ён заўсёды называў Айцом. Дзякуючы непахіснаму даверу Божай любовi, Ён пераадолеў гэты вялiкi боль, iзноў даручыў сябе Айцу і атрымаў ад Яго новае жыццё. На гэтую ж дарогу Ён ставіць таксама i нас, людзей, і прагне спадарожнiчаць нам на ёй: «...Ён прысутнічае ва ўсім, што мае адценне цярпення... Паспрабуем распазнаць Езуса ў кожнай цяжкой сітуацыі, у жыццёвых цяжкасцях, нават у кожнай цемры ці асабістай трагедыі, сваёй ці бліжняга, у пакутах чалавецтва, якое нас акружае. Бо гэта Ён, менавіта Ён усё гэта ўзяў на сябе... Дастаткова было б зрабіць нешта канкрэтнае, каб палегчыць “Ягоныя” пакуты ў церпячых, …каб знайсці новую паўнату жыцця». Распавядае сямігадовая дзяўчынка: «Я моцна цярпела, калі мой бацька трапіў у турму. Любіла Езуса ў iм. Таму падчас адведзінаў я не плакала пры ім». Маладая жонка: «З таго моманту, як майму мужу Роберту паставiлi безнадзейны дыягназ, я суправаджала яго ў апошнія месяцы яго жыцця. Не аддалялася ад яго нават на імгненне. Гледзячы на яго, я бачыла Езуса... Роберт быў на крыжы, сапраўды на крыжы». Іх узаемнае каханне стала святлом для сяброў, і гэта прывяло да стварэння сеткi салідарнасці, якая не парвалася, але пашырылася і стала пачаткам стварэння асацыяцыі сацыяльнай падтрымкі Abbraccio Planetario («Планетарныя абдымкi»). «Перажыванне з Робертам, — кажа адзін з яго сяброў, — заахвоціла нас крочыць за iм і ісці сапраўдным і ўласным шляхам да Бога. Часта мы пытаемся ў сябе: якое значэнне маюць цярпенне, хвароба, смерць. Я думаю, што тыя, хто меў шчасце прайсці гэты шлях побач з Робертам, ужо знайшлі ясны адказ». У гэтым месяцы ўсе хрысціяне будуць святкаваць таямніцу смерці і ўваскрасення Езуса. Гэта магчымасць адрадзіць нашу веру ў любоў Бога, якая дазваляе нам ператварыць боль у любоў; кожны разлом, падзел, упадак і нават сама смерць таксама могуць стаць для нас крыніцай святла і супакою. Перакананыя ў блізкасцi Бога ў любой сітуацыі, будзем упэўнена паўтараць малітву вучняў з Эмаўса: «Застанься з намі, бо ўжо вечарэе». Летыцыя Магры |
Адноўлена 03.04.2017 17:16 |