Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Слова Жыцця на лiпень 2017

«Прыйдзіце да Мяне, усе спрацаваныя і абцяжараныя, і Я супакою вас» (Мц 11: 28)

Спрацаваныя і абцяжараныя – гэтыя словы выклікаюць у памяці вобраз людзей, мужчын і жанчын, маленькіх дзяцей і пажылых людзей, якія па-рознаму нясуць нягоды па дарозе жыцця і спадзяюцца, што прыйдзе дзень, калі яны будуць ў стане пазбавіцца ад іх.
У гэтым урыўку з Евангелля ад св. Мацея мы чуем запрашэнне Езуса: «Прыйдзіце да мяне ...» і Яго акружае натоўп людзей, якія прыйшлі, каб убачыць яго і паслухаць.

Многія з іх – гэта простыя, бедныя людзі, малаадукаваныя, няздольныя пазнаваць і захоўваць усе складаныя рэлігійныя законы свайго часу. Апроч таго, iх абцяжарвалі падаткі і рымская адміністрацыя – і часта гэта было непасільнай ношай. Яны былі спрацаваныя і шукалi лепшага жыцця.

Ён прагнуў, каб кожны мог зразумець і прыняць найважнейшы закон, той, што адкрывае дзверы ў дом Айца: закон любові. Таму што Бог паказвае свае цуды тым, хто мае адкрытае і простае сэрца.

Езус запрашае сёння i нас да таго, каб мы наблізіліся да Яго. Ён аб’явiўся як бачнае аблiчча Бога, Які ёсць любоў, Бога, Якi любіць нас бязмерна, такіх, якiмi мы ёсць, з нашымі талентамі і нашымi абмежаваннямі, нашымi памкненнямі і нашымі падзеннямi. Ён запрашае нас давяраць Ягонаму «закону», які з'яўляецца не прыгнятаючым цяжарам, але лёгкаю ношай, якая можа напоўнiць радасцю сэрцы тых, хто iм – гэтым законам, жыве. Ён вымагае, каб мы не засяроджваліся на сабе, але наадварот: каб дзень за днём рабілi са свайго жыцця ўсё больш поўны дар для іншых.

«Прыйдзіце да Мяне, усе спрацаваныя і абцяжараныя, і Я супакою вас»

Езус абяцае: «Я супакою вас».

Але як? Перш за ўсё, сваёй прысутнасцю, якая – калі мы выбіраем Яго як пастаянную кропку адліку для нашага існавання – становіцца ўсё глыбейшаю у нас, асвятляючы нашыя штодзённыя крокi асаблiвым святлом і дазваляючы нам адкрываць сэнс жыцця, нават тады, калі знешнія абставіны застаюцца цяжкiмi.

Больш за тое, калі мы пачнем любіць гэтак жа, як і сам Езус, то ў любовi знойдзем сілу, каб ісці наперад, знойдзем і паўнату свабоды, калi жыццё Бога будзе пракладваць у нас свой шлях.

К'яра Любіч пісала так: «... хрысціянін, які не мае заўсёды намеру любiць, не заслугоўвае называцца хрысціянінам. Таму што ўсе запаведзі Езуса сумуюцца ў адным: у запаведзі любові да Бога і бліжняга, у якiм мы павінны бачыць і любіць Езуса. Любоў пры гэтым не ёсць чыстай сентыментальнасцю, але прыкладаецца да канкрэтнага жыцця, да служэння братам, асабліва тым, хто побач з намі, пачынаючы ад дробных рэчаў, ад найпрасцейшых паслугаў. Чарльз дэ Фуко казаў: «Калі мы любім кагосьці, то цалкам рэальна, што мы прысутнiчаем у ім, прысутнічаем з любоўю, жывем у iм праз любоў, больш не жывем для сябе, але "адарваныя ад сябе","па-за сабою" ».

1. Менавіта праз гэтую любоў пракладвае ў нас свой шлях Ягонае святло, святло Езуса, згодна з Яго абяцаннем: «Я аб’яўлюся таму, хто любіць мяне» (пар. Ян 14:21) Любоў ёсць крыніцай святла: той, хто любiць, хутчэй зразумее Бога, Які ёсць Любоў» 2.
Давайце прымем запрашэнне Езуса ісці да Яго, і прызнаем, што Ён ёсць нашай надзеяй і нашым супакоем. Прымем Ягоную «запаведзь», пастараемся любіць гэтак жа, як Ён, выкарыстоўваючы тысячу магчымасцяў, якія мы маем як у сям'і, так i ў парафіі, на працы, адказваючы прабачэннем на абразы, давайце будзем будаваць больш мастоў, чым муроў, і пачнем служыць тым, хто прыгнечаны цяжарам праблем.

Адкрыем у гэтым не цяжар, але крылы, якія дазволяць нам узнецiся ў вышыню.

Летыцыя Магры

1. Па матэрыялах C. de Foucauld, Scritti Spirituali, VII, Citta’ Nuova, Roma 1975.
2. Гл. К. Любіч. Слова жыцця – май 1998 г.

Адноўлена 04.07.2017 11:37
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.