Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
27 снежня — свята св. Яна, апостала і евангеліста
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ
1 Ян 1, 1–4

Тое, што мы бачылі і чулі, абвяшчаем і вам

Пачатак Першага паслання святога апостала Яна.

Умілаваныя:

Тое, што было ад пачатку, што мы чулі, што бачылі сваімі вачыма, на што глядзелі і да чаго дакраналіся нашыя рукі, пра Слова жыцця, — бо жыццё аб’явілася, і мы бачылі, і сведчым, і абвяшчаем вам гэтае вечнае жыццё, якое было ў Айца і аб’явілася нам, — тое, што мы бачылі і чулі, абвяшчаем і вам, каб і вы мелі еднасць з намі. А нашая еднасць ёсць з Айцом і Сынам Ягоным, Езусам Хрыстом. І гэта пішам мы, каб радасць нашая была поўнай.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

          Пс 97 (96), 1–2. 5–6. 11–12 (Р.: 12а)

Рэфрэн: Радуйцеся ў Пану справядлівыя.

1. Пан валадарыць, няхай радуецца зямля, *
няхай весяляцца шматлікія выспы.
2. Воблака і цемра вакол Яго, *
справядлівасць і права — аснова Ягонага трону.

Рэфрэн:

5. Горы, як воск, растопяцца перад абліччам Пана, *
перад абліччам Пана ўсёй зямлі.
6. Нябёсы абвяшчаюць Яго справядлівасць, *
і ўсе народы бачаць Ягоную славу.

Рэфрэн:

11. Святло ззяе для справядлівага, *
і радасць — для праведных сэрцам.
12. Радуйцеся справядлівыя ў Пану *
і дзякуйце Яму на ўспамін Ягонай святасці.

Рэфрэна СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ


Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Цябе, Божа, праслаўляем; вызнаём Цябе, Пане,
слаўны хор апосталаў Цябе ўсхваляе.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Ян 20, 2–8

Другі вучань пабег наперадзе хутчэй за Пятра і прыбыў да магілы першы

+ Чытанне святога Евангелля паводле Яна.

У першы дзень тыдня Марыя Магдалена пабегла і прыбыла да Сымона Пятра і да другога вучня, якога любіў Езус, і сказала ім: Забралі Пана з магілы, і не ведаем, дзе паклалі Яго.

Тады выйшаў Пётр і другі вучань, і пайшлі да магілы. Пабеглі абодва разам. І другі вучань пабег наперадзе хутчэй за Пятра і прыбыў да магілы першы. Заглянуўшы, убачыў, што ляжаць палотны, аднак не ўвайшоў. Тады прыйшоў за ім Сымон Пётр і ўвайшоў у грабніцу, і ўбачыў палотны, якія там ляжалі, і хусту, якая была на галаве Ягонай, не з палотнамі яна ляжала, а асобна, скручаная на іншым месцы. Тады ўвайшоў і той другі вучань, што прыбег першы да магілы, і ўбачыў, і паверыў.

Гэта слова Пана.



Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ

Адноўлена 25.01.2010 18:30
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.