Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Святая гадзіна

Святая гадзіна адбываецца ў касцёле перад выстаўленым Найсвяцейшым Сакрамэнтам альбо асабіста – на ўспамін малітвы Хрыста ў садзе Аліўным. Ахвяруецца ў інтэнцыі суцяшэння Божага Сэрца, якое вельмі цярпела ў садзе Аліўным за нашыя грахі.

Вызнанне веры

С.: Верым, Пане Езу Хрыстэ, што
з бясконцай любові да нас Ты ўстанавіў Найсвяцейшы Сакрамэнт.
Н.: О Езу, умацуй веру нашу!
С.: Верым, што ў кожнай Імшы святой праз святарскае служэнне перамяняеш сваёю ўсемагутнасцю хлеб і віно ў Цела і Кроў сваю!
Н.: О Езу, умацуй веру нашу!
С.: Верым, што ў гэтай Найсвяцейшай Гостыі прысутнічаеш з Целам і Крывёю, Душою і Боствам як наш Бог і Збаўца!
Н.: О Езу, умацуй веру нашу!
С.: Верым, бо Ты сам гэта аб’явіў,
бо так вучыць Твой святы Каталіцкі Касцёл!
Н.: О Езу, умацуй веру нашу!
С.: Верым больш, чым калі б бачылі Цябе вочы нашыя і рукі дакраналіся да ранаў Тваіх, бо пачуцці падмануць нас могуць, а вера – ніколі.
Н.: О Езу, умацуй веру нашу!
С.: О Езу, умацуй веру нашу, каб бачылі мы Цябе не толькі вачыма веры, але і вачыма любові, і былі заўсёды мілымі Сэрцу Твайму.
Н.: Амэн.

Ушанаванне

С.: З найглыбейшаю вераю, пакораю і любоўю схіляемся да ног Тваіх, Божа ўсемагутны, і аддаем Табе пашану. Ушаноўваем Боства і Уцелаўленне Тваё, укрытае ў постаці хлеба.
Н.: Прымі, Езу, нашу глыбокую пашану!
С.: Ушаноўваем цела Тваё, за нас укрыжаванае, і кроў Тваю, за нас пралітую.
Н.: Прымі, Езу, нашу глыбокую пашану!
С.: Ушаноўваем Сэрца Тваё, для нас заўсёды адкрытае.
Н.: Прымі, Езу, нашу глыбокую пашану!
С.: Ушаноўваем Цябе за сябе і за тых, хто Цябе не ведае альбо, яшчэ горш, – словам і жыццём зневажае Цябе.
Н.: Прымі, Езу, нашу глыбокую пашану!
С.: Ушаноўваем Цябе з усімі душамі на зямлі і ў чыстцы, разам са святымі і анёламі ў небе, разам з Каралевай нашай Багародзіцай Марыяй.
Н.: Прымі, Езу, нашу глыбокую пашану!
С.: Ушаноўваем Цябе, Сыне Бога жывога, з Айцом і Духам Святым.
Н.: Няхай будзе праслаўлёны Найсвяцейшы Сакрамэнт, цяпер і заўсёды, і на векі вечныя. Амэн.

Удзячнасць

С.: Прымі, о Езу, нашу ўдзячнасць
за ўсе ласкі, асабліва за гэты бясцэнны дар Тваёй любові, за тое, што ўстанавіў Найсвяцейшы Сакрамэнт.
Н.: Дзякуем Табе, Пане Езу!
С.: За тое, што дваццаць вякоў ахвяруешся штодзённа на кожным алтары.
Н.: Дзякуем Табе, Пане Езу!
С.: За тое, што прысутнічаеш няспынна ў кожным касцёле ва ўсім свеце.
Н.: Дзякуем Табе, Пане Езу!
С.: За тое, што нас паклікаў да свайго Вячэрніка, якім з’яўляецца Твой святы Касцёл, і дазваляеш нам удзельнічаць у Вячэры нябеснай.
Н.: Дзякуем Табе, Пане Езу!
С.: За тое, што прымаеш нашыя пакланенні, слухаеш нашыя просьбы і благаслаўляеш Твой люд.
Н.: Дзякуем Табе, Пане Езу!

Перапрашэнне

С.: Пане Езу, Божа ўсемагутны, з глыбіні сэрцаў нашых перапрашаем Цябе за ўсе знявагі, якія ад пачатку аж дагэтуль церпіш, за ўсе грахі, блюзнерствы і святатацтвы.
Н.: Перапрашаем Цябе, Божа!
С.: За ўсе занядбанні нядзельнай святой Імшы.
Н.: Перапрашаем Цябе, Божа!
С.: За занядбанне Велікоднай святой Камуніі, а таксама за недастойнае альбо непабожнае прыманне Цела і Крыві Тваёй.
Н.: Перапрашаем Цябе, Божа!
С.: За ўсялякія знявагі, учыненыя ў святынях Тваіх.
Н.: Перапрашаем Цябе, Божа!
С.: За ўсе грахі і нявернасць нашу.
Н.: Перапрашаем Цябе, Божа!
С.: За ўсялякую няўдзячнасць людскую.
Н.: Перапрашаем Цябе, Божа!

Ахвяраванне

С.: Ахвяруем Твайму Божаму Сэрцу сябе саміх і ўсё, што маем, як і Ты аддаў нам сябе самога. Ахвяруем розум, каб Цябе ўсё лепш спасцігаў, і сэрца, каб Цябе ўсё мацней любіла, і волю, каб Тваёй волі усё больш верна служыла, і ўсё жыццё нашае, каб на хвалу Тваю палымнела, і ўсю вечнасць нашу, каб вечна шанаваць і любіць Цябе бясконца. Нашу шчырую волю ахвяры выказваем словамі: «У рукі Твае аддаю, Божа, сябе самога, жыццё і смерць маю».
Н.: У рукі Твае аддаю, о Пане Божа!
С.: Усе мае імкненні, намеры і працу.
Н.: У рукі Твае аддаю, о Пане Божа!
С.: Усе мае радасці і смуткі.
Н.: У рукі Твае аддаю, о Пане Божа!
С.: Удачы і няўдачы мае.
Н.: У рукі Твае аддаю, о Пане Божа!
С.: Усіх, каго люблю і хто мяне любіць.
Н.: У рукі Твае аддаю, о Пане Божа!
С.: Прыяцеляў, іх дабро і пасвячэнне, ворагаў і паяднанне нашае.
Н.: У рукі Твае аддаю, о Пане Божа!
С.: Сем’і нашы і ўсё грамадства.
Н.: У рукі Твае аддаю, о Пане Божа!
С.: Касцёл Твой і Святога Айца.
Н.: У рукі Твае аддаю, о Пане Божа!
С.: Галодных, прагнучых, асірацелых і бяздомных.
Н.: У рукі Твае аддаю, о Пане Божа!
Ойча наш...

Суплікацыя

Святы Божа, Святы Моцны, Святы Несмяротны, змілуйся над намі! (Паўтараецца тройчы.)
Ад пажару, голаду, вайны і заразы,
       – барані нас, Божа!
Ад раптоўнай і неспадзяванай смерці,
       – сцеражы нас, Божа!
Каб Касцёл свой святы каталіцкі
бараніць і ўзвышаць меў ласку,
       – Цябе просім, Божа!
Каб Айца Святога і ўсе духоўныя станы
ў пабожнай еднасці захаваць меў ласку,  
       – Цябе просім, Божа!
Каб нас у святой службе Тваёй
умацаваць меў ласку,
       – Цябе просім, Божа!
Каб нас да шчырага пакаяння
давесці меў ласку,
       – Цябе просім, Божа!
Каб ураджай даць
і захаваць яго меў ласку,
       – Цябе просім, Божа!
Мы, грэшныя, Цябе, Бога, просім,
       – выслухай нас, Божа!
О, Езу, Езу, Езу,
       – змілуйся над намі!
О, Марыя, Панна і Маці Божая,
       – заступіся за нас!

Малітва праслаўлення

Хай будзе Бог праслаўлёны.
Хай славіцца імя Яго святое.
Хай будзе праслаўлёны Езус Хрыстус,
       сапраўдны Бог і Чалавек сапраўдны.
Хай будзе ўзвялічана імя Хрыстова.
Хай будзе праслаўлена
       Найсвяцейшае Сэрца Езуса.
Хай будзе праслаўлена
       Найдаражэйшая Кроў Езуса.
Хай будзе ўзвялічаны Езус Хрыстус
       у Найсвяцейшым Сакрамэнце.
Хай будзе праслаўлены
       Дух Святы Суцяшыцель.
Хай будзе ўшанавана
       Найсвяцейшая Панна Марыя.
Хай будзе ўшанавана
       Яе святое і беззаганнае зачацце.
Хай будзе ўшанавана
       поўнае хвалы Яе ўнебаўзяцце.
Хай будзе ўшанавана
       імя Марыі, Панны і Маці.
Хай будзе ўшанаваны святы Юзаф,
       Яе прачысты абраннік.
Хай славіцца Бог у сваіх анёлах
       і ўсіх святых. Амэн.

Адноўлена 18.08.2010 14:33
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.