Святая гадзіна адбываецца ў касцёле перад выстаўленым Найсвяцейшым Сакрамэнтам альбо асабіста – на ўспамін малітвы Хрыста ў садзе Аліўным. Ахвяруецца ў інтэнцыі суцяшэння Божага Сэрца, якое вельмі цярпела ў садзе Аліўным за нашыя грахі.
Вызнанне веры
С.: Верым, Пане Езу Хрыстэ, што з бясконцай любові да нас Ты ўстанавіў Найсвяцейшы Сакрамэнт. Н.: О Езу, умацуй веру нашу! С.: Верым, што ў кожнай Імшы святой праз святарскае служэнне перамяняеш сваёю ўсемагутнасцю хлеб і віно ў Цела і Кроў сваю! Н.: О Езу, умацуй веру нашу! С.: Верым, што ў гэтай Найсвяцейшай Гостыі прысутнічаеш з Целам і Крывёю, Душою і Боствам як наш Бог і Збаўца! Н.: О Езу, умацуй веру нашу! С.: Верым, бо Ты сам гэта аб’явіў, бо так вучыць Твой святы Каталіцкі Касцёл! Н.: О Езу, умацуй веру нашу! С.: Верым больш, чым калі б бачылі Цябе вочы нашыя і рукі дакраналіся да ранаў Тваіх, бо пачуцці падмануць нас могуць, а вера – ніколі. Н.: О Езу, умацуй веру нашу! С.: О Езу, умацуй веру нашу, каб бачылі мы Цябе не толькі вачыма веры, але і вачыма любові, і былі заўсёды мілымі Сэрцу Твайму. Н.: Амэн.
Ушанаванне
С.: З найглыбейшаю вераю, пакораю і любоўю схіляемся да ног Тваіх, Божа ўсемагутны, і аддаем Табе пашану. Ушаноўваем Боства і Уцелаўленне Тваё, укрытае ў постаці хлеба. Н.: Прымі, Езу, нашу глыбокую пашану! С.: Ушаноўваем цела Тваё, за нас укрыжаванае, і кроў Тваю, за нас пралітую. Н.: Прымі, Езу, нашу глыбокую пашану! С.: Ушаноўваем Сэрца Тваё, для нас заўсёды адкрытае. Н.: Прымі, Езу, нашу глыбокую пашану! С.: Ушаноўваем Цябе за сябе і за тых, хто Цябе не ведае альбо, яшчэ горш, – словам і жыццём зневажае Цябе. Н.: Прымі, Езу, нашу глыбокую пашану! С.: Ушаноўваем Цябе з усімі душамі на зямлі і ў чыстцы, разам са святымі і анёламі ў небе, разам з Каралевай нашай Багародзіцай Марыяй. Н.: Прымі, Езу, нашу глыбокую пашану! С.: Ушаноўваем Цябе, Сыне Бога жывога, з Айцом і Духам Святым. Н.: Няхай будзе праслаўлёны Найсвяцейшы Сакрамэнт, цяпер і заўсёды, і на векі вечныя. Амэн.
Удзячнасць
С.: Прымі, о Езу, нашу ўдзячнасць за ўсе ласкі, асабліва за гэты бясцэнны дар Тваёй любові, за тое, што ўстанавіў Найсвяцейшы Сакрамэнт. Н.: Дзякуем Табе, Пане Езу! С.: За тое, што дваццаць вякоў ахвяруешся штодзённа на кожным алтары. Н.: Дзякуем Табе, Пане Езу! С.: За тое, што прысутнічаеш няспынна ў кожным касцёле ва ўсім свеце. Н.: Дзякуем Табе, Пане Езу! С.: За тое, што нас паклікаў да свайго Вячэрніка, якім з’яўляецца Твой святы Касцёл, і дазваляеш нам удзельнічаць у Вячэры нябеснай. Н.: Дзякуем Табе, Пане Езу! С.: За тое, што прымаеш нашыя пакланенні, слухаеш нашыя просьбы і благаслаўляеш Твой люд. Н.: Дзякуем Табе, Пане Езу!
Перапрашэнне
С.: Пане Езу, Божа ўсемагутны, з глыбіні сэрцаў нашых перапрашаем Цябе за ўсе знявагі, якія ад пачатку аж дагэтуль церпіш, за ўсе грахі, блюзнерствы і святатацтвы. Н.: Перапрашаем Цябе, Божа! С.: За ўсе занядбанні нядзельнай святой Імшы. Н.: Перапрашаем Цябе, Божа! С.: За занядбанне Велікоднай святой Камуніі, а таксама за недастойнае альбо непабожнае прыманне Цела і Крыві Тваёй. Н.: Перапрашаем Цябе, Божа! С.: За ўсялякія знявагі, учыненыя ў святынях Тваіх. Н.: Перапрашаем Цябе, Божа! С.: За ўсе грахі і нявернасць нашу. Н.: Перапрашаем Цябе, Божа! С.: За ўсялякую няўдзячнасць людскую. Н.: Перапрашаем Цябе, Божа!
Ахвяраванне
С.: Ахвяруем Твайму Божаму Сэрцу сябе саміх і ўсё, што маем, як і Ты аддаў нам сябе самога. Ахвяруем розум, каб Цябе ўсё лепш спасцігаў, і сэрца, каб Цябе ўсё мацней любіла, і волю, каб Тваёй волі усё больш верна служыла, і ўсё жыццё нашае, каб на хвалу Тваю палымнела, і ўсю вечнасць нашу, каб вечна шанаваць і любіць Цябе бясконца. Нашу шчырую волю ахвяры выказваем словамі: «У рукі Твае аддаю, Божа, сябе самога, жыццё і смерць маю». Н.: У рукі Твае аддаю, о Пане Божа! С.: Усе мае імкненні, намеры і працу. Н.: У рукі Твае аддаю, о Пане Божа! С.: Усе мае радасці і смуткі. Н.: У рукі Твае аддаю, о Пане Божа! С.: Удачы і няўдачы мае. Н.: У рукі Твае аддаю, о Пане Божа! С.: Усіх, каго люблю і хто мяне любіць. Н.: У рукі Твае аддаю, о Пане Божа! С.: Прыяцеляў, іх дабро і пасвячэнне, ворагаў і паяднанне нашае. Н.: У рукі Твае аддаю, о Пане Божа! С.: Сем’і нашы і ўсё грамадства. Н.: У рукі Твае аддаю, о Пане Божа! С.: Касцёл Твой і Святога Айца. Н.: У рукі Твае аддаю, о Пане Божа! С.: Галодных, прагнучых, асірацелых і бяздомных. Н.: У рукі Твае аддаю, о Пане Божа! Ойча наш...
Суплікацыя
Святы Божа, Святы Моцны, Святы Несмяротны, змілуйся над намі! (Паўтараецца тройчы.) Ад пажару, голаду, вайны і заразы, – барані нас, Божа! Ад раптоўнай і неспадзяванай смерці, – сцеражы нас, Божа! Каб Касцёл свой святы каталіцкі бараніць і ўзвышаць меў ласку, – Цябе просім, Божа! Каб Айца Святога і ўсе духоўныя станы ў пабожнай еднасці захаваць меў ласку, – Цябе просім, Божа! Каб нас у святой службе Тваёй умацаваць меў ласку, – Цябе просім, Божа! Каб нас да шчырага пакаяння давесці меў ласку, – Цябе просім, Божа! Каб ураджай даць і захаваць яго меў ласку, – Цябе просім, Божа! Мы, грэшныя, Цябе, Бога, просім, – выслухай нас, Божа! О, Езу, Езу, Езу, – змілуйся над намі! О, Марыя, Панна і Маці Божая, – заступіся за нас!
Малітва праслаўлення
Хай будзе Бог праслаўлёны. Хай славіцца імя Яго святое. Хай будзе праслаўлёны Езус Хрыстус, сапраўдны Бог і Чалавек сапраўдны. Хай будзе ўзвялічана імя Хрыстова. Хай будзе праслаўлена Найсвяцейшае Сэрца Езуса. Хай будзе праслаўлена Найдаражэйшая Кроў Езуса. Хай будзе ўзвялічаны Езус Хрыстус у Найсвяцейшым Сакрамэнце. Хай будзе праслаўлены Дух Святы Суцяшыцель. Хай будзе ўшанавана Найсвяцейшая Панна Марыя. Хай будзе ўшанавана Яе святое і беззаганнае зачацце. Хай будзе ўшанавана поўнае хвалы Яе ўнебаўзяцце. Хай будзе ўшанавана імя Марыі, Панны і Маці. Хай будзе ўшанаваны святы Юзаф, Яе прачысты абраннік. Хай славіцца Бог у сваіх анёлах і ўсіх святых. Амэн.
|