Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Крыжовы шлях Пакліканых


У імя Айца і Сына, і Духа Святога. Амэн.

Уступная малітва

Пане, так шмат залежыць ад людзей, якіх Ты паклікаў да святарства, да законнага жыцця, да таго, каб яны ішлі шляхам Евангелля. Гэтыя людзі нібыта агеньчыкі на цёмных вуліцах грэшнага свету. Гэты Крыжовы шлях мы хочам прысвяціць малітве за пакліканых, каб яны вытрывалі на сваім шляху да канца, а таксама просім аб новых і святых пакліканнях.

С.: Які за нас цярпеў ад ранаў,
Усе: Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!


Стацыя 1

Сустрэча двух уладароў

С.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Усе: Бо праз Крыж і Муку сваю свет адкупіў Ты!

Пане Езу, у прэторыі рымскага намесніка перакрыжоўваюцца два шляхі. Шлях рымскага намесніка — уладара гэтага свету, і Твой шлях — шлях Пана Нябеснага Валадарства. Кожны пакліканы аказваецца на гэтым скрыжаванні дарог. Пілат, каб уратаваць сябе, знішчае Цябе; ён умывае рукі ад адказнасці за Тваю смерць і заклікае іншых рабіць тое самае. А Ты, Пане, ратуючы Пілата, прыносіш Сябе ў ахвяру.

Учыні, Божа, каб людзі, якіх Ты паклікаў, мелі адвагу ісці Тваім шляхам да канца і ніколі не паддаваліся спакусе стаць на шлях Пілата.

Аб святасці для пакліканых — просім Цябе, Пане.

С.: Які за нас цярпеў ад ранаў,
Усе: Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!

aСтацыя 2

Толькі крыж

С.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Усе: Бо праз Крыж і Муку сваю свет адкупіў Ты!

Вось найлепшы доказ убоства. Крыж паклікання даволі цяжкі, каб разам з ім насіць яшчэ нешта іншае. Нельга ўжо нічога дадаць да яго. Неабходна выбраць паміж крыжам адказнасці і тым, што чалавек хацеў бы яшчэ мець для сябе. Чалавек пакліканы раней ці пазней апынаецца ў такой сітуацыі, калі захоча захаваць хаця б частку ўласнага свету і пагадзіць яго з адказнасцю за сваё пакліканне. Але гэта немагчыма. Такі чалавек згубіць і адно, і другое.

Учыні, Пане, каб пакліканыя не паддаваліся жаданню адстойваць права на асабістае жыццё, кіруючыся лозунгам: «Я таксама маю права на нешта».

Аб тым, каб людзі, якіх Ты паклікаў, палюбілі ўбоства, — просім Цябе, Пане.

С.: Які за нас цярпеў ад ранаў,
Усе: Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!

aСтацыя 3

Езус падае першы раз

С.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Усе: Бо праз Крыж і Муку сваю свет адкупіў Ты!

Кожнае незвычайнае пакліканне здаецца занадта цяжкім. Яно прыгнятае. Бо разлічана на цеснае супрацоўніцтва з Богам.

А гэтаму якраз і трэба вучыцца. Спачатку чалавек спрабуе рэалізаваць сваё пакліканне, спадзеючыся на ўласныя сілы. Аднак надыходзіць момант, калі ён адкрывае, што гэта немагчыма. Патрэбны некалькі гадоў жыцця для таго, каб навучыцца супрацоўнічаць з Богам. Гэта вельмі стваральны час.

Першыя гады паклікання — гэта вялікая школа малітвы. Учыні, Пане, каб усе пакліканыя навучыліся маліцца і адначасова былі сапраўднымі настаўнікамі малітвы.

Аб ласцы малітвы для пакліканых — просім Цябе, Пане.

С.: Які за нас цярпеў ад ранаў,
Усе: Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!

aСтацыя 4

Бацькоўскі дом

С.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Усе: Бо праз Крыж і Муку сваю свет адкупіў Ты!

Карані паклікання — у сям’і. Там фармуецца сэрца, здольнае любіць бацьку, маці, братоў і сясцёр. Гэтае любячае сэрца адказвае на заклік Езуса. Пане, пры гэтай чацвёртай стацыі мы адкрываем для сябе Твае сямейныя карані. Любові да чалавека Ты вучыўся ў Тваёй Маці.

Пакідаючы бацьку і маці, пакліканы прагне паяднацца з Табою, Пане. Калі адносіны ў бацькоўскім доме былі напоўнены любоўю, то чалавеку будзе  лёгка ўсталяваць сувязь з Тваім Сэрцам, і гэтая лучнасць будзе поўнай. Праз Тваё Сэрца пакліканы ўваходзіць у вялікую сям’ю людзей, заўсёды злучаных з Тваім Сэрцам.

Пане, благаславі ўсе сем’і, з якіх Ты паклікаў дзяцей да святарства і да жыцця ў законных супольнасцях.

Аб благаславенні для гэтых сем’яў — просім Цябе, Пане.

С.: Які за нас цярпеў ад ранаў,
Усе: Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!

aСтацыя 5

Памочнік

С.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Усе: Бо праз Крыж і Муку сваю свет адкупіў Ты!

Яго прымусілі. Ён зрабіў гэта насуперак сваёй волі. Яму не хапіла радасці, ахвоты, ініцыятывы. Пане, якое ж цяжкае жыццё чалавека пакліканага, што ідзе за Табою па прымусу. Як жа цяжка яму вытрываць. Ён ва ўсім шукае карысці,  падлічвае ўсё да апошняй дробязі.

Запалі, Пане, у людзях, якіх Ты адарыў пакліканнем, прагу старанна клапаціцца аб Тваёй хвале. Няхай іх адданасць Тваёй справе пераменіцца ў запалены светач, а не ў марную лучыну, якая дыміцца і дае больш сажы, чым святла.

Аб рэлігійнай руплівасці для пакліканых — просім Цябе, Пане.

С.: Які за нас цярпеў ад ранаў,
Усе: Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!
aСтацыя 6

Хуста Веранікі

С.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Усе: Бо праз Крыж і Муку сваю свет адкупіў Ты!

Пакліканне — гэта запрашэнне ўвайсці ў свет духоўнай прыгажосці. Свет хоча яе знішчыць, але так глыбока ён не можа пранікнуць. Свет знішчае чалавека, які мае прыгожую душу, але не знішчае гэтай прыгажосці ў ім. Вераніка гэта ведала.  Дастаткова было выцерці хустаю Тваё святое Аблічча, каб яно зноў заззяла сваёй прыгажосцю.

Учыні, Пане, каб людзі, якіх ты паклікаў, адкрылі прыгажосць свету рэлігійных каштоўнасцяў і ўмелі данесці яе да людзей, што сустрэнуць на сваім шляху.

Аб вялікай культуры духа для пакліканых — просім Цябе, Пане.

С.: Які за нас цярпеў ад ранаў,
Усе: Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!

aСтацыя 7

Езус падае другі раз

С.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Усе: Бо праз Крыж і Муку сваю свет адкупіў Ты!

Пры гэтай стацыі мы сустракаем людзей пакліканых, якія падаюць дрэнны прыклад іншым. Яны носяць на сабе знакі паклікання, асаблівае адзенне духоўных асобаў, а самі ходзяць сцежкамі граху. Гэта адна з найбольш цяжкіх спакусаў на зямлі. Асаблівае адзенне духоўных асобаў з’яўляецца знакам, які абуджае давер. Той, хто падыходзіць да чалавека, апранутага ў такую вопратку, упэўнены, што атрымае хлеб. А калі той падае яму атручаны хлеб, праяўляе сваю двурушнасць? Нават аднойчы падаўшы чалавеку дрэнны прыклад, можна загубіць усё ягонае жыццё.

За тых пакліканых, якія зводзяць іншых людзей на шлях падману, насілля, нячыстасці і крыўды, — перапрашаем Цябе, Пане.

С.: Які за нас цярпеў ад ранаў,
Усе: Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!

aСтацыя 8

Напамін ерузалемскім жанчынам

С.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Усе: Бо праз Крыж і Муку сваю свет адкупіў Ты!

Цяжка, усё баліць, кожны крок амаль невыносны. Здаецца, у гэты момант можна думаць толькі пра сябе. Так могуць рабіць многія людзі, але не пакліканы. Побач з ім стаяць іншыя. Ён — пасрэднік паміж Богам і людзьмі. Ён служыць мастом. Неабходна, каб ён нёс людзям праўду пра магчымасць выкарыстаць цудоўны шанc, каб заслужыць неба. І не бяда, што гэты мост нібы сцякае крывёю. Менавіта таму ён такі грунтоўны, упэўнены ў сабе, надзейны. Бо гэта ёсць кроў любові Бога да чалавека і любові людзей да Бога.

Навучы, Пане, людзей пакліканых, каб яны сваімі паводзінамі абвяшчалі Евангелле ўсюды, дзе б яны ні былі: на вуліцы, у транспарце, у зале чакання. Усюды.

Аб мудрасці для пакліканых — просім Цябе, Пане.

С.: Які за нас цярпеў ад ранаў,
Усе: Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!

aСтацыя 9

Езус падае трэці раз

С.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Усе: Бо праз Крыж і Муку сваю свет адкупіў Ты!

Паслухмянасць Айцу можа быць вельмі цяжкім выпрабаваннем. Айцец выбірае шлях, людзей і месца. Паслухмянасць — гэта вернасць рашэнню Айца, якое датычыць дарогі, працы, адносін паміж людзьмі. Ты падаеш, Пане, і ўстаеш, бо трэба ісці далей.

Паслухмянасць — гэта таямніца людзей, якіх Ты паклікаў. І як жа доўга трэба вучыцца гэтай цноце, каб без слова пратэсту прыняць гэты шлях і асвяціць яго. Прыняць месца, дзе жывеш, працуеш, прыняць людзей, якіх пасылае табе Бог, прыняць усе тыя ўмовы, у якіх праходзіць тваё жыццё.

Каб пакліканыя жадалі заўсёды быць паслухмянымі Богу, — просім Цябе, Пане.

С.: Які за нас цярпеў ад ранаў,
Усе: Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!

aСтацыя 10

З Езуса здзіраюць адзенне

С.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Усе: Бо праз Крыж і Муку сваю свет адкупіў Ты!

Трэба вельмі моцна любіць людзей, каб быць здольным стаць сярод натоўпу ў непрыкрытым выглядзе. Ты, Пане, прыкрыты сваёй годнасцю. Твая стрыманасць, Твая веліч выклікаюць павагу.

Чалавек, якія складае шлюб чысціні, павінен мець пачуццё адказнасці за сябе, за сваю годнасць; ён нясе адказнасць таксама за кожнага чалавека, з якім сустракаецца. Доўгі шлях вядзе да такой сталасці, якая нават у непрыкрытым выглядзе ззяе сонцам і бляскам духоўнай велічы чалавека.

Аб чыстай любові, якая ёсць адказнасцю за сябе і за іншых, — для клерыкаў, святароў, законнікаў, сясцёр законных і ўсіх, хто складае шлюб чысціні, — просім Цябе, Пане.

С.: Які за нас цярпеў ад ранаў,
Усе: Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!

aСтацыя 11

Укрыжаванне Езуса

С.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Усе: Бо праз Крыж і Муку сваю свет адкупіў Ты!

«Ойча, прабач ім, бо не ведаюць, што робяць». Прабачэнне — гэта любоў, якая змяняе свет, робіць яго больш чалавечным. Пакліканы сам павінен быць прабачэннем, а таксама вучыць прабачэнню.

Свет быў збаўлены дзякуючы любові Бога, якая ўсё даруе. Прабачэнне — гэта шлях да збаўлення свету. Шлях чалавецтва да сталасці — гэта дарастанне да любові, якая ўмее прабачаць. Пакліканыя павінны быць яе сведкамі заўсёды і ўсюды.

Аб тым, каб пакліканыя ў сваім асяроддзі былі прыкладам прабачэння, — просім Цябе, Пане.

С.: Які за нас цярпеў ад ранаў,
Усе: Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!

aСтацыя 12

Езус памірае на крыжы

С.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Усе: Бо праз Крыж і Муку сваю свет адкупіў Ты!

«Споўнілася». Ахвяра здзейснена. Пакліканне і алтар. Няма паклікання без ахвяры. Тваёй, Пане, і таго, каго Ты паклікаў.

Кожнае пакліканне выпрабоўваецца ў ахвяры. У такі час яно альбо расце, альбо адмірае. Чалавек, які не здольны прынесці ахвяру, не вытрывае на шляху паклікання. А калі ён усё ж такі застаецца на гэтым шляху, то толькі ўводзіць у зман сябе і іншых людзей. У час выпрабаванняў ён прайграе.

Каб заўсёды хапала людзей, здольных прынесці ахвяру, — просім Цябе, Пане.

С.: Які за нас цярпеў ад ранаў,
Усе: Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!

aСтацыя 13

Цела Езуса здымаюць з крыжа

С.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Усе: Бо праз Крыж і Муку сваю свет адкупіў Ты!

Паражэнне. Вялікае паражэнне. Цябе забілі, Пане. Ворагі — а іх у Цябе было шмат — атрымалі над Табой перамогу.

Пакліканы, калі ён хоча ісці за Табою, павінен лічыцца з тым, што з кожным днём будзе ўзрастаць колькасць яго ворагаў. Некалі настане такі момант, калі яны пададуць рукі адзін аднаму. Сябар здрадзіў, вучні ўцяклі. Пабожныя першасвятары — Каяфа і Анна — Твае ворагі. Ірад — вораг. Пілат — вораг.

Трэба ўмець прайграваць. Трэба дазволіць ім нацешыцца перамогаю. Пакліканага можна знішчыць, але каштоўнасці, пра якія ён сведчыць сваім жыццём, знішчыць нельга. Пасля яго смерці ззянне іх моцы яшчэ прыгажэйшае.

Каб пакліканыя палюбілі мудрасць крыжа, — просім Цябе, Пане.

С.: Які за нас цярпеў ад ранаў,
Усе: Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!

aСтацыя 14

Цела Езуса кладуць у грабніцу

С.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Усе: Бо праз Крыж і Муку сваю свет адкупіў Ты!

У грабніцу кладуць Цябе, Пане, пакліканыя: Маці, Ян, Нікадэм, Юзаф, Марыя Магдалена. Яны прайшлі з Табой увесь шлях. Яны вытрывалі.

Аб ласцы вытрываць на Тваім шляху — просім Цябе, Пане.

Ты сам сказаў: многа ёсць пакліканых, але мала выбраных. На пачатку дарогі паклікання стаіць шмат людзей, а на яе фінішы — толькі нямногія. За Табою вандравалі тысячы, і толькі некаторыя дайшлі да канца.

Аб ласцы вытрываць да канца для пакліканых да святарства, закону, кансэкраванага жыцця — просім Цябе, Пане.

С.: Які за нас цярпеў ад ранаў,
Усе: Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!

aМалітва на заканчэнне

Дзякуем Табе, Пане, за сустрэчу на Крыжовым шляху. Дзякуем за шчодрасць ласкаў, атрыманых праз разважанні над таямніцаю паклікання чалавека.

Учыні, каб у нашай краіне заўсёды хапала людзей вялікага сэрца і розуму, якія, верна ідучы з Табою і за Табою, будуць абвяшчаць нам і цэламу свету прыгажосць евангельскага жыцця.

Каб атрымаць адпуст, памолімся ў інтэнцыі Святога Айца:
Ойча наш... Вітай, Марыя... Хвала Айцу...

Паводле кнігі «Крыжовы шлях: разважанні для моладзі»
© «Pro Christo» 2005.

Адноўлена 19.08.2010 11:06
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.