Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Слова Жыцця на чэрвень 2011
30.05.2011 15:32


І не дастасоўвайцеся да гэтага веку, але перамяняйцеся праз абнаўленне розуму вашага, каб вы пазналі, якая воля Божая — добрая, прыемная і дасканалая (Рым 12, 2)

Гэтыя словы змешчаны ў другой частцы Паслання святога Паўла да Рымлянаў. Апостал апісвае ў ім паводзіны хрысціяніна, у якіх адлюстроўваецца новае жыццё, сапраўдная любоў, радасць, свабода, падараваныя нам Хрыстом. Хрысціянскае жыццё — гэта новы спосаб падыходу — са святлом і моцай Святога Духа — да разнастайных абавязкаў і праблем, з якімі мы можам сутыкнуцца.

У гэтым вершы апостал кажа пра мэту і паводзіны, якімі павінны характарызавацца ўсе нашыя ўчынкі: зрабіць нашае жыццё гімнам хвалы Богу, адзіным учынкам любові, расцягнутым у часе, у нястомным пошуку Яго волі, таго, што Яму найбольш падабаецца.


І не дастасоўвайцеся да гэтага веку, але перамяняйцеся праз абнаўленне розуму вашага, каб вы пазналі, якая воля Божая — добрая, прыемная і дасканалая (Рым 12, 2)

Вядома, каб выконваць Божую волю, трэба перш за ўсё яе ведаць. Але, як нам дае зразумець апостал, гэта нялёгка. Немагчыма пазнаць Божую волю без дапамогі асаблівага святла, якое дазваляе нам адрозніць у розных сітуацыях тое, што жадае ад нас Бог, пазбягаючы ілюзій і памылак, у якія мы лёгка можам упасці. Тут ідзе гаворка пра дар Святога Духа — так званы дар адрознівання, распазнавання — незаменны для будавання ў нас аўтэнтычнага хрысціянскага светапогляду.


І не дастасоўвайцеся да гэтага веку, але перамяняйцеся праз абнаўленне розуму вашага, каб вы пазналі, якая воля Божая — добрая, прыемная і дасканалая (Рым 12, 2)

Але як набыць і развіваць гэты важны дар? Без сумнення, з нашага боку патрабуецца добрае веданне хрысціянскага вучэння. Але гэтага недастаткова. Як нам падказвае апостал, перш за ўсё гэтае пытанне датычыцца нашага жыцця: з якой душэўнай шчодрасцю і запалам мы будзем жыць словам Езуса на практыцы, адкідваючы ўбок нашыя страхі, няўпэўненасць і мяшчанскія падлікі, настолькі мы будзем адкрытыя на Божую волю і гатовыя яе выконваць. Вось шлях, каб набыць святло Святога Духа і будаваць у нас той новы светапогляд, які ад нас патрабуецца.


І не дастасоўвайцеся да гэтага веку, але перамяняйцеся праз абнаўленне розуму вашага, каб вы пазналі, якая воля Божая — добрая, прыемная і дасканалая (Рым 12, 2)

Як нам жыць Словам Жыцця ў гэтым месяцы, стараючыся заслужыць гэтае святло, так неабходнае, каб добра выконваць Божую волю?

Прапануем сабе імкнуцца яшчэ больш і лепш пазнаваць Божую волю. Яна ўвасабляецца ў Яго слове, у вучэнні Касцёла, у выконваемых абавязках і г. д. Але перш за ўсё пастараемся засяродзіцца на жыцці Словам, таму што, як мы толькі што ўбачылі, сапраўднае святло выходзіць менавіта з жыцця, з любові. Езус аб’яўляецца таму, хто Яго любіць, а значыць тым, хто жыве на практыцы Яго запаведзямі (пар. Ян 14, 21).

Такім чынам, выконванне Божай волі стане найлепшым дарам, які мы зможам ахвяраваць Богу. І Яму будзе прыемна не толькі таму, што Ён адчуе нашу любоў, адлюстраваную ў гэтым дары, але таксама дзеля таго святла і плёнаў хрысціянскага аднаўлення, якія праз Яго ўзнікаюць вакол нас.

К’яра Любіч
апублікавана ў 1993 г.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.