Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Слова жыцця на верасень 2011
30.08.2011 11:41


«А цешыцца і весяліцца трэба было таму, што гэты брат твой быў мёртвы і ажыў, прапаў і знайшоўся» (Лк 15, 32).

Гэтыя словы, змешчаныя ў канцы добра знаёмай прыпавесці пра блуднага сына, раскрываюць перад намі веліч Божай Міласэрнасці. У Евангеллі паводле Лукі імі завяршаецца тая глава, у якой Езус распавядае і іншыя дзве прыпавесці на гэтую тэму. Памятаеш эпізод пра авечку, якая заблукала? Каб знайсці яе, гаспадар пакідае 99 іншых авечак у пустыні (гл. Лк 15, 4–7). А ці памятаеш прыпавесць пра згубленую драхму і радасць жанчыны, якая, адшукаўшы манету, паклікала сябровак і суседак, каб падзяліцца з імі сваёю радасцю (гл. Лк 15, 8–9)?


«А цешыцца і весяліцца трэба было таму, што гэты брат твой быў мёртвы і ажыў, прапаў і знайшоўся» (Лк 15, 32).

Для цябе і для ўсіх хрысціянаў гэтыя словы з’яўляюцца Божым запрашэннем цешыцца разам з Ім, святкаваць і раздзяліць з Ім радасць вяртання грэшнага чалавека. У прыпавесці гэтымі словамі айцец звяртаецца да старэйшага сына. Ён усё сваё жыццё быў побач з айцом, аднак пасля цяжкага працоўнага дня адмаўляецца ўвайсці ў дом, дзе святкуецца вяртанне яго брата.

Айцец выходзіць насустрач вернаму сыну так жа, як выйшаў насустрач марнатраўнаму сыну, і стараецца пераканаць яго. Кантраст паміж пачуццямі айца і старэйшага сына відавочны: айцец — з сэрцам, перапоўненым бязмернай любоўю і радасцю і жаданнем падзяліццa гэтым з усімі, і сын — поўны пагарды і зайздрасці ў адносінах да свайго брата, якога нават больш не прызнае братам. Зрэшты, так кажа пра яго: «...гэты сын твой, які змарнаваў тваю маёмасць...» (пар. Лк 15, 30).

Радасць айца і яго любоў да сына, які вярнуўся, яшчэ больш вылучаюць крыўду старэйшага сына — крыўду, якая выяўляе ягоныя халодныя і, можна сказаць, нават фальшывыя адносіны да самога айца. Для гэтага сына галоўнае праца, выкананне сваіх абавязкаў. Ён не любіць айца як сын, а хутчэй падпарадкоўваецца яму як свайму гаспадару.


«А цешыцца і весяліцца трэба было таму, што гэты брат твой быў мёртвы і ажыў, прапаў і знайшоўся» (Лк 15, 32).

Гэтымі словамі Езус папярэджвае аб небяспецы, у якую ты таксама можаш трапіць: жаданне пражыць жыццё як «прыстойны чалавек», але ў пошуках сваёй дасканаласці, асуджаючы менш «здольных» за цябе братоў. Прывязаны да асабістай дасканаласці, ты будуеш сваю ўласную асобу, ты ў захапленні самім сабой, ты запаўняеш сябе сабою. І такім чынам, паводзіш сябе як сын, які застаўся дома, які пералічвае айцу свае добрыя заслугі: «Я столькі гадоў служу табе і ніколі не парушыў загаду твайго» (Лк 15, 29).


«А цешыцца і весяліцца трэба было таму, што гэты брат твой быў мёртвы і ажыў, прапаў і знайшоўся» (Лк 15, 32).

Гэтымі словамі Езус выступае супраць такіх паводзін, у якіх адносіны з Богам базуюцца выключна на выкананні Яго прыказанняў. Аднак такога захавання недастаткова. І габрэйская традыцыя добра гэта ведае.

У прыпавесці Езус падкрэслівае Божую любоў, паказваючы нам, што Бог, які ёсць Любоў, сам робіць першы крок насустрач чалавеку, незалежна ад таго, заслугоўвае ён гэтага ці не, і прагне, каб чалавек адкрыўся Яму, каб змагчы наладзіць з ім сапраўдныя адносіны еднасці.

І відавочна, як ты сабе можаш уявіць, што галоўнай перашкодай для Бога-Любові з’яўляецца менавіта жыццё тых, хто «назапашвае» ўчынкі і справы, у той час як Бог прагне іх сэрцаў.


«А цешыцца і весяліцца трэба было таму, што гэты брат твой быў мёртвы і ажыў, прапаў і знайшоўся» (Лк 15, 32).

Гэтымі словамі Езус запрашае цябе мець у адносінах да грэшнага чалавека тую ж самую любоў, якую мае да яго Айцец. Ён заклікае цябе не мерыць па сваіх мерках любоў Айца да кожнага чалавека. Айцец, запрашаючы старэйшага сына раздзяліць з Ім радасць аб сыне, які знайшоўся, просіць таксама і цябе змяніць твой спосаб бачання: неабходна, каб ты прыняў як сваіх братоў і сясцёр нават тых, да каго ты адчуваеш толькі пагарду і пачуццё асабістай перавагі.

Гэта выкліча ў тваёй душы сапраўдную перамену: ачысціць цябе ад імкнення быць «лепшым», дапаможа пазбегнуць рэлігійнай нецярпімасці і прыняць здабытае для цябе Езусам збаўленне як чысты дар Божай любові.

К’яра Любіч
апублікавана ў 2004 г.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.