|
«Паведаміце братам Маім, каб ішлі ў Галілею, і там Мяне ўбачаць»
У той час: Жанчыны, хутка адышоўшы ад магілы, са страхам і вялікай радасцю пабеглі паведаміць вучням Ягоным. І вось Езус, выйшаўшы ім насустрач, сказаў: Вітайце. Яны ж, падышоўшы, абнялі ногі Ягоныя і пакланіліся Яму. Тады кажа ім Езус: Не бойцеся. Ідзіце, паведаміце братам Маім, каб ішлі ў Галілею, там Мяне ўбачаць. Калі яны былі ў дарозе, некаторыя з варты прыйшлі ў горад і паведамілі першасвятарам пра ўсё, што сталася. Тыя сабраліся са старэйшынамі, параіліся і далі жаўнерам даволі шмат сярэбранікаў, кажучы: Скажыце, што вучні Ягоныя прыйшлі ўначы і выкралі Яго, калі мы спалі. І калі гэта дойдзе да вушэй намесніка, мы пераканаем яго і ўратуем вас ад непрыемнасцяў. Яны ж узялі сярэбранікі і зрабілі так, як іх навучылі. І разнеслася чутка пра гэта сярод юдэяў аж да сённяшняга дня.
|