Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Слова Жыцця на красавiк 2013
02.04.2013 14:16


Прэзентацыя на красавік >>>

«Не наракайце, браты, адзін на аднаго» (Як 5, 9).

Каб лепш зразумець Слова Жыцця, прапанаванае на гэты месяц, трэба мець на ўвазе абставіны, пры якіх Апостал напісаў дадзеныя словы. Гэта было падчас адмоўных з’яваў, што адбывалiся ў хрысціянскiх супольнасцях, у якія i быў адрасаваны ліст святога апостала Якуба. Гаворка iдзе пра сварку з прычыны сацыяльнай няроўнасці, эгаістычнага выкарыстоўвання багаццяў і людской працы, пра тое, што вера выяўлялася больш на словах, чым у справах... Усё гэта прыводзiла да ўзаемнай варожасці і крыўдаў, выклікаючы заклапочанасць ва ўсёй супольнасці.


«Не наракайце, браты, адзін на аднаго»

Ужо ў апостальскія часы можна было заўважыць тое, што мы бачым і сёння ў нашым грамадстве. Самыя вялікiя цяжкасцi ў веры найчасцей прыходзяць не звонку, гэта значыць не са свету, а знутры — з неадпавядаючых хрысціянскім ідэалам сітуацый і паводзін нас саміх, а таксама нашых братоў і сясцёр. А гэта выклікае пачуццё трывогі, недавер, разгубленасць.


«Не наракайце, браты, адзін на аднаго»

Калі, аднак, усе гэтыя больш-менш сур’ёзныя супярэчнасці і неадпаведнасці маюць свае карані ў слабой, недаспелай веры і ў яшчэ вельмі недасканалай любові да Бога і бліжняга, то першай рэакцыяй хрысціяніна павінна быць не горыч ці нецярплівасць, а пастава, якой навучае Езус. А Ён чакае ад нас цярплівасцi, разумення і міласэрнасцi, каб тое зярнятка дабра, якое было пасеяна ў нас, мела магчымасць развівацца, як тлумачыцца гэта ў прыпавесцi пра пустазелле (пар. Мц 13, 24–30, 36–43).


«Не наракайце, браты, адзін на аднаго»

Задумаемся, як нам выконваць Слова Жыцця ў гэтым месяцы. Складаны аспект хрысціянскага жыцця ўздымае яно перад намі. Мы належым да розных супольнасцяў (сям’я, парафiя, працоўнае асяроддзе, розныя грамадскія і свецкія суполкi), дзе, на жаль, можам адчуць шматлiкiя сімптомы чагосьцi, на нашу думку, дрэннага — як у сферы поглядаў, так i ў сферы ўчынкаў і iх наступстваў, пра якiя мы шкадуем і якiя выклікаюць агіду.

Такім чынам, ёсць шмат магчымасцяў добра рэалізаваць Слова Жыцця гэтага месяца. Замест скаргаў ці асуджэння — калі прыйдзе такая спакуса — будзем талерантнымі і спагадлівымі, а потым — наколькі гэта магчыма — будзем рабіць заўвагі ў братэрскім духу. Перш за ўсё дадзім хрысціянскае сведчанне, адказваючы на магчымы недахоп любові або заангажаванасць іншых большай любоўю і большым удзелам з нашага боку.

К’яра Любіч
Надрукавана: «Nowe Miasto» 1989/22

Адноўлена 02.04.2013 14:20
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.