Акт прысвячэння парафіі Божага Цела ў Мінску Маці Божай Шкаплернай |
10.08.2011 09:24 |
Тулімся сёння да Твайго сэрца, што б’ецца для Хрыста, каб знайсці абарону ў Тваіх абдымках, якія з матчынай пяшчотай аддаюць нам Езуса ў апеку. Прагнем Табе, Маці святога Шкаплера, даверыць усю нашу парафію і наш мікрараён. Пакажы ласкава сваё Аблічча, Маці ціхая, нашым біскупам, святарам, дыяканам, братам і сёстрам законным. Учыні, каб пад Тваім кіраўніцтвам і Тваёй апекай бяспечна вялі народ ім даручаны да Твайго Сына. Будзь ім успамогай у кожным кроку дзеля хвалы Твайго Сына, Езуса Хрыста. Няхай будуць ціхімі і прыгожымі, як зорка. Любячая Маці! Даручаем Табе сёння нашыя сем’і. Учыні, каб клопаты, з якімі змагаюцца: недахоп любові і часу для сябе, беспрацоўе, алкагалізм, наркаманія, маральны разлад былі пераможаны моцай дабра і спакою, якія дрэмлюць у сэрцы кожнага чалавека. Выпрасі ў Твайго Сына, каб у нашых сем’ях панавалі любоў і згода. Асабліва просім за тых, хто забыўся пра Пана Бога, пра Касцёл і пра пакліканне да жыцця вечнага. Учыні, каб вярнуліся да жыцця ў асвячальнай ласцы і адкрылі ў сабе невымоўны дар Божага сыноўства. Пакажы сваё ласкавае аблічча ўсім маці і жонкам. Ты ведаеш, Маці Шкаплера, што такое мацярынства, бо сама была і ёсць Маці. Просім, каб маці і жонкі нашай парафіі чувалі і сцераглі хатнюю цеплыню, якая абапіраецца на веры ў Твайго Сына і евангельскай любові. Пакажы сваё ласкавае аблічча бацькам і мужам, каб, будучы галовамі сям’і, як Хрыстус ёсць Галавой Касцёла, баранілі ад зла і маральнага ўпадку сваіх найбліжэйшых, і былі аўтарытэтам для сваіх дзяцей. Пакажы сваё ласкавае аблічча ўсім бабулям, дзядулям, старэйшым асобам, хворым і церпячым. Прыпомні ім, Марыя — Маці, што сведчанне і выхаванне маладога пакалення з’яўляецца іхнім заданнем і абавязкам, а пакуты і цяжкасці, якія спадарожнічаюць іхняму ўзросту, ахвяраваныя Хрысту, ёсць вялікай дапамогай для Касцёла і свету. Пакажы сваё ласкавае аблічча моладзі і дзецям нашай парафіяльнай супольнасці. Гэта яны незадоўга будуць фарміраваць аблічча гэтай зямлі, нашай Айчыны. Акружы іх, о Маці Кармэлю, асабліва плашчом святога Шкаплера, бо яны больш, чым іншыя, падлягаюць небяспецы ўкрадання ў іх зла і сапсаванасці, якія пранікаюць у іхнія пачуцці, сэрцы і сумленні маладога пакалення. Дапамажы, каб трывала і ахвотна выконвалі свае абавязкі дзяцей, вучняў, сыноў і дачок беларускай зямлі. Пакажы сваё ласкавае аблічча над нашай парафіяльнай супольнасцю, якая сёння аддаецца пад Тваю апеку, Пані і Маці святога Шкаплера. Пані Кармэлю, ствары ў нашай супольнасці такі клімат веры, які дазволіў бы маладым людзям — дзяўчатам і хлопцам адкрываць сваё пакліканне і ўвайсці на шлях служэння Богу і людзям у святарстве і манаскім жыцці. Беззаганная Панна, Маці і Каралева Кармэлю, Заступніца Святога Шкаплера. Ты вокам матчынай апекі спаглядаеш на кожнага, хто апрануты ў Тваю шату — у святы Шкаплер, зірні і на нас ласкава і ахіні нас плашчом сваёй мацярынскай апекі. Успамажы нашу слабасць сваёй магутнасцю, асвятляй сваёй мудрасцю цемру нашых сэрцаў; памнажай у нас веру, надзею і любоў. Упрыгож нашыя душы такімі цнотамі і ласкамі, каб заўсёды былі каштоўнымі для Твайго Сына, які жыве і валадарыць на вякі вечныя. Амэн. |
Адноўлена 10.08.2011 09:31 |