Правінцыял кармэлітаў босых а. Раман Хэрнога: асвячоная капліца дасць пачатак новаму развіццю супольнасці кармэлітаў у Беларусі |
Інтэрв'ю |
04.07.2012 16:57 |
Больш за 50 правінцый ордэну кармэлітаў босых налічваецца сёння па ўсім свеце. Касцёлы і кляштары ў Беларусі, якімі апякуюцца айцы кармэліты, структурна належаць да правінцыі Варшаўскай у Польшчы. Айцец Раман-Ян Хэрнога OCD, правінцыял Варшаўскай правінцыі кармэлітаў босых, прыехаў у Беларусь на асвячэнне новай кармэліцкай капліцы ў парафіі Божага Цела ў Мінску. У інтэрв’ю Catholic.by законнік расказаў, якое значэнне мае новая капліца для кармэліцкай супольнасці ў Беларусі. — Айцец Раман, Беларусь Вы наведваеце не ўпершыню. Як змяняюцца Вашы ўражанні? — Першы раз я наведаў Беларусь дастаткова позна — у 2005 годзе. Але нават за гэтыя сем гадоў у Беларусі шмат чаго змянілася. Нават у візуальным плане: калі едзеш праз беларускія гарады, то, узгадваючы 2005 год, цяпер яны забуялі новымі фарбамі, паступова адыходзячы ад той савецкай шэрасці. Аблічча краю змяняецца і найперш, што найбольш заўважна, у жыцці Каталіцкага Касцёла. Касцёльныя структуры ўжо сфарміраваныя, манаскія супольнасці развіваюцца — Касцёл малады, мае сілы і поўны імпэту. — Колькі айцоў працуе сёння ў Варшаўскай правінцыі кармэлітаў босых? — Калі казаць пра лічбу, то варта назваць 120 братоў, айцоў і таксама тых, хто толькі ўступіў у навіцыят закону. У Беларусі 19 членаў нашага ордэну: 13 святароў, два браты і 4 клерыкі. Першым кармэлітам з Беларусі (пасля вяртання нашага закону на беларускія землі) стаў а. Юрый Находка OCD, які вучыўся ў Познані. — Наколькі вялікая Варшаўская правінцыя ордэну і якое месца ў ёй займаюць кляштары з тэрыторыі Беларусі? — Варшаўская правінцыя кармэлітаў босых існуе з 1993 года і ўтварылася ў выніку падзелу польскай правінцыі на Кракаўскую і Варшаўскую. Тэрытарыяльна да нашай правінцыі належыць поўнач Польшчы. Там мы маем восем супольнасцей. Акрамя гэтага вядзецца праца ў Флорыдзе, працуюць айцы і ў Рыме, дзе мы ўтрымліваем парафію. Акрамя гэтага нашы браты працуюць у Расіі ў Сібіры (недалёка ад Іркуцка і воз. Байкал) — гэта збольшага місійная пляцоўка. Менавіта ў тых мясцінах адбываў ссылку св. Рафал Каліноўскі. У Беларусь мы вярнуліся як толькі гэта стала магчыма — пасля распаду Савецкага Саюза. З гэтай хвіліны, калі можна так сказаць, у нас ёсць шэсць пляцовак, дзе працуюць айцы нашага ордэну: Пінск (у пінскай семінарыі вучацца нашы клерыкі), Гудагай (тут знаходзіцца санктуарый Маці Божай Шкаплернай), Нарач, Мядзел, Канстанцінава, а з нядаўняга часу яшчэ і Мінск. — Ці ўступалі ў савецкія часы ў ордэн кармэлітаў юнакі з Беларусі? — У савецкія часы пакліканняў з Беларусі ў нас не было. Першыя пакліканні «прыйшлі» ў канцы 1990-х пасля першых гадоў працы нашых айцоў у Беларусі. — Ці шмат кармэліцкіх кляштараў захавалася ў Беларусі з часоў 1864 года, калі пасля паўстання 1863-64 гг. кляштары былі зачынены, а законнікі высланы з Расійскай імперыі? — Да скасавання кармэліцкіх сядзібаў у 1864 годзе ў межах былой Літоўскай правінцыі айцы кармэліты босыя працавалі ў Вільні, Коўне, Гродне, Глыбокім і Мядзелі. І калі казаць пра сённяшнюю Беларусь, то кармэліты вярнуліся ў Мядзел. Мядзельскі касцёл захаваўся, кляштар жа, на жаль, быў знішчаны ў часы вайны, у 1941–1945 гг. Зараз вядзецца праца па яго адбудове. У архіве нашага ордэну, які знаходзіцца ў кляштары ў Чорным (Польшча), можна знайсці звесткі пра тое, чым жылі ў той час кармэліцкія сядзібы на тэрыторыі сённяшняй Беларусі. У Мінску раней мы не працавалі, таму асвячэнне новай капліцы і паўстанне тут нашай супольнасці не можа не радаваць. — Ці ёсць у Беларусі супольнасць другога ордэну кармэлітаў — сясцёр кармэлітанак? — У Беларусі сёстры кармэлітанкі босыя не працуюць. Аднак я зразумеў, з кім вы маглі іх пераблытаць. Справа ў тым, што варта размяжоўваць кармэлітанак ад Св. Тэрэзы ад Езуса і кармэлітанак ад Дзіцятка Езус. Першыя бяруць сваю назву ад Св. Тэрэзы ад Езуса (пры жыцці яна заснавала 17 кляштараў) — іх закон кляўзуровы. У Польшчы налічваецца 29 супольнасцей кармэлітанак босых, яшчэ 9 сядзібаў — за межамі Польшчы. Сёстры ж, якія працуюць у Гудагаі, гэта кармэлітанкі ад Дзіцятка Езус. На пачатку ХХ ст. гэтую супольнасць заснаваў кармэліт босы а. Анзэль Гонвэк OCD. Гэта так званыя чынныя кармэлітанкі — супольнасць да нашага ордэну афіліяваная. Калі мы гаворым пра кармэлітанак босых (сёстры ад Св. Тэрэзы ад Езуса), то з імі мы прэзентуем адну сям’ю: першы і другі закон кармэлітаў. Супольна з трэцім законам свецкіх усе разам мы ўтвараем адзіны ордэн кармэлітаў босых. Сёстры кармэлітанкі ад Дзіцятка Езус, якія працуюць у Гудагаі, пад Гродна ў Адамавічах, у Брэсце, маюць сваю асобную генеральную сястру. Супольнасць яднаецца з намі духоўна, але не структурна. Аднак важна паўтарыць, што па духу мы блізкія адзін аднаму. — Што б Вы пажадалі айцам кармэлітам і парафіянам новаасвячонай капліцы? — Безумоўна, асвячэнне капліцы — вялікая радасць для ўсёй парафіяльнай супольнасці і таксама для нас, кармэлітаў босых. Гэтае месца, як адзначыў падчас асвячэння капліцы арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, сапраўды святое — менавіта тут Езус прабывае з намі ў Насвяцейшым Сакрамэнце. Таму капліцу можна назваць і месцам, дзе б’ецца сэрца парафіі. Хачу скласці вернікаў сардэчныя віншаванні і мяркую, што асвячоная капліца дасць пачатак новаму далейшаму развіццю як парафіяльнай, так і кармэліцкай супольнасці ў Беларусі. Хочацца верыць, што з Божай дапамогай і дзякуючы апецы Маці Божай Шкаплернай неўзабаве ў Мінску паўстане і цэлая кармэліцкая сядзіба: парафіяльны касцёл і кляштар. Парафіяльнай супольнасці я хачу пажадаць толькі росту і ўзмацнення на шляху веры. Знак яе жывой веры Пан Бог няхай узмацняе, а Маці Божая з гары Кармэль благаслаўляе. Размаўляў Ілья Лапато |