Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Мінск мае новую каталіцкую святыню
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
04.07.2012 09:29

У жніўні мінулага года ў мінскім мікрараёне «Ангарская» адбылося асвячэнне пляцу пад будаўніцтва капліцы, а пасля і касцёла. Але ніхто і падумаць не мог, што ўжо 3 ліпеня 2012 г. Касцёл Беларусі атрымае новую святыню — капліцу ў гонар Маці Божай Шкаплернай.

«Так хутка пабудаваць капліцу ўдалося толькі дзякуючы Божай дапамозе, заступніцтву Маці Божай і вялікаму прагненню святароў і перш за ўсё парафіянаў», — адзначае пробашч парафіі кс. Сяргей Трысцень OCD.  

Першае набажэнства ў новапабудаванай капліцы прайшло на Божае нараджэнне, калі сцены былі яшчэ не патынкаваныя, а сама святыня была без святла і атаплення. Пастаянна маліцца тут пачалі ўжо з Вялікадня.

Сама парафія была зарэгістравана ў 2007 г. Спачатку, як адзначае святар кармэліт, маліліся па дамах (8–10 чалавек). На пачатку стварэння парафіі члены руху «Легіён Марыі» хадзілі па дамах і распавядалі пра існаванне парафіі, збіралі кантакты католікаў. Дзякуючы гэтаму, з часам на набажэнствы пачало прыходзіць усё больш і больш людзей. Пасля пачалі сустракацца ў ЖЭСе і ўжо ён, можна сказаць, стаў цэнтрам парафіяльнага жыцця, дзе праводзілася катэхеза для дзяцей і моладзі, сустрэчы розных суполак, набажэнствы.

Цяпер кожную нядзелю на малітву ў капліцы збіраецца каля 400 вернікаў. Разам з тым, як адзначае пробашч парафіі, мікрараён «Ангарская» налічвае каля 40 тысяч жыхароў. І калі ўявіць, што католікі складаюць прынамсі 5%, то іх павінна быць каля 2 тысяч. «Так што перад намі наперадзе вялікая задача і шмат працы», — дадаў святар.

«Я думаю, што няправільна будаваць святыню, не маючы вернікаў. Святыню не павінны пабудаваць святары, а толькі пасля хадзіць і запрашаць у яе. Капліца, касцёл — гэта Божы дом для парафіянаў. Святар толькі кіруе, дапамагае. Можна мець касцёл, але ён будзе пустым. Таму наша заданне перш за ўсё стварыць жывы Касцёл, а ўжо пасля разам з вернікамі будаваць дом Божы як знак, які шукаюць многія», — падкрэслівае кс. Трысцень.

І сапраўды, жыццё парафіі багатае і насычанае. Тут існуе супольнасць свецкага ордэна кармэлітаў босых. Праз спецыяльную фармацыю, падрыхтоўку і складанне абяцанняў яны выконваюць сваю місію ў Касцёле. Маюць свае сустрэчы раз на месяц, рэкалекцыі, канферэнцыі. Пры парафіі існуюць таксама рух «Легіён Марыі», групы жывога Ружанца, «Маргарыткі», якія моляцца за святароў і аб пакліканнях.

Раздзяліць радасць асвячэння ў Мінску новага месца малітвы для католікаў прыбылі святары кармэліты босыя з розных гарадоў Беларусі, правінцыял Варшаўскай правінцыі кармэлітаў босых а. Раман Хэрнога OCD, святары з мінскіх парафіі, сёстры законныя і шматлікія вернікі. Узначаліў літургію Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч.

«Гэта новае, ужо дзявятае месца спаткання чалавека з Богам (з сённяшняга дня ў Мінску 4 касцёлы і 5 капліц). А спатканне адбываецца праз чытанне і тлумачэнне Божага слова і ўдзел у сакрамэнтаў, — адзначае Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч. — Каб жыць паводле Божага права неабходна быць моцным духоўна, як і каб стаць чампіёнам свету, неабходна быць моцным фізічна. Духоўную моц атрымліваем у Касцёле».

Вядома, капліца — гэта першы этап будаўніцтва. Але яна — гэта ўжо не толькі месца культу, але і знак для парафіянаў і ўсіх жыхароў мікрараёна аб тым, што тут ужо распачалося рэгулярнае парафіяльнае жыццё.

Капліца адзначаецца і тым, што ў яе галоўным алтары захоўваецца ўнікальнае драўлянае распяцце, якое, паводле экспертаў, паходзіць з канца XVII стагоддзя. Яно знойдзена ў адным са старажытных касцёлаў на Белагрудчыне. Касцёл не захаваўся, а людзі захавалі распяцце.

3 ліпеня ў парафіі Божага Цела стала сапраўдным святам для парафіянаў і гасцей урачыстасці. Завяршылася яно абедам і канцэртам для ўсіх вернікаў.

Святлана Жылевіч

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.