24 мая 2012 г. у парафіі Божага Цела ў Мінску адбылася вялікая ўрачыстасць. Біскуп Антоні Дзям’янка цэлебраваў у капліцы святую Імшу, у якой удзельнічалі вернікі, што цікавяцца духоўнасцю Кармэлю і яго святых — св. Тэрэзы ад Езуса, св. Яна ад Крыжа, св. Тэрэзы ад Дзіцятка Езус і іншых.
Падчас літургіі адбылося ўрачыстае накладанне кармэліцкага шкаплера 14 чалавекам, якія пастаянна ўдзельнічаюць у сустрэчах «Шляхам святых Кармэлю». Накладанне шкаплера з’яўляецца знакам і сімвалам прыналежнасці да вялікай сям’і Кармэлю. Такім чынам свецкія вернікі жадаюць паўней увасабляць у сваім жыцці духоўнасць св. Тэрэзы ад Езуса і св. Яна ад Крыжа.
Пасля святой Імшы адбыўся пачастунак, падчас якога прысутныя падзяліліся сваім досведам і перажываннямі, звязанымі з сустрэчамі са святымі Кармэлю.
Наступная сустрэча супольнасці і ўсіх, хто цікавіцца кармэліцкай духоўнасцю, адбудзецца ў капліцы Маці Божай Шкаплернай (вул. Герасіменкі) 23 чэрвеня ў 11 гадзін.
Кармэліцкі шкаплер — знак мацярынскай апекі Марыі
На пераломе ХІІ–ХІІІ стагоддзяў на гары Кармэль у Палестыне ўзнікла новая супольнасць пустэльнікаў, якіх пазней назвалі кармэлітамі. Яны вялі жыццё, поўнае малітвы і пакуты, па прыкладзе св. Іллі і называлі сябе Братамі Найсвяцейшай Панны Марыі з Гары Кармэль. У першай палове ХІІІ стагоддзя пераслед з боку мусульманаў прымусіў манахаў пакінуць Святую Зямлю і перабрацца ў Еўропу. Новы лад жыцця, іншая культура, а таксама непрыняцце манахаў мясцовым духавенствам сталі прычынай крызісу, у якім апынуліся кармэліты. Тады генерал ордэна Сымон Сток, пабожны англійскі кармэліт, прасіў Панну Марыю, каб захавала прысвечаны ёй ордэн. Паводле традыцыі, Маці Божая з’явілася яму ноччу з 15 на 16 ліпеня 1251 года і, паказаўшы шкаплер, які быў верхняй часткай манаскага габіта, учыніла яго знакам сваёй асаблівай матчынай апекі: «Гэта будзе прывілея для цябе і для ўсіх кармэлітаў: хто ў ім памрэ, не спазнае агню пякельнага».
Праз семдзесят гадоў пасля гэтай падзеі папа Ян ХХІІ у так званай суботняй буле ад 3 сакавіка 1322 г. да ранейшых прывілеяў (захаванне ад агню пякельнага, асаблівая апека ў небяспецы душы і цела) дадаў яшчэ суботнюю прывілею, якая датычыць абяцання Маці Божай, што ў першую суботу пасля смерці яна выбавіць з чысца таго, хто пабожна насіў шкаплер. Сёння Касцёл таксама памятае і развівае гэтую пабожнасць. У 1950 годзе, з нагоды 700-годдзя аб’яўлення Панны Марыі Сымону Стоку, папа Пій ХІІ скіраваў да генеральных настаяцеляў абодвух кармэліцкіх ордэнаў спецыяльны ліст, у якім нагадаў пра суботнюю прывілею. Папа Ян ХХІІІ назваў суботнюю прывілею «вельмі каштоўнай для пабожнасці вернікаў». Папа Ян Павел ІІ сказаў: «У шкаплернай духоўнасці ёсць вельмі моцны і глыбока ўкаранёны хрыстацэнтрычны і марыйны парастак: ісці за Хрыстом, наследуючы Марыю! Гэтая духоўнасць мае свой бачны знак — шкаплер, які нашу ўжо даўно. Я застаўся верным шкаплеру, ён з’яўляецца маёй сілай. Дзень Маці Божай Шкаплернай для мяне вельмі дарагі». Кармэліты босыя з Мінска
|