Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Рэкалекцыі для свецкіх кармэлітаў у Нарачы: навучыцца малітве па прыкладзе Хрыста |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
26.11.2012 04:10 |
У чым заключаецца медытацыйная малітва Кармэлю? Які час найбольш зручны для яе і наколькі важна абіраць месца для сваёй малітвы? Прыродзе малітвы і наследаванню малітвы Хрыста былі прысвечаны разважанні падчас рэкалекцый Трэцяга ордэна кармэлітаў босых, якія прайшлі ў Нарачы з 23 па 25 лістапада.
Маліцца, наследуючы Хрыста «А ты, калі будзеш маліцца, увайдзі ў свой пакой і, зачыніўшы дзверы, маліся да Айца свайго ў скрытасці, а Айцец твой, які бачыць скрытае, узнагародзіць цябе». У цішыні кляштарных муроў малітву сапраўды перажываеш па-іншаму. Часам здаецца, што ты чуеш нават свае думкі, хоць услых іх не прамаўляеш…Твой слых нібы абвастраецца. І нават рэха касцёльных званоў падаецца новым. Атмасфера суцішанасці і незвачайнага спакою пануе ў тваёй душы, адкрываючы яе на Божы заклік... Рэкалекцыі для свецкіх кармэлітаў (OCDS) сталіся чарговай прыступкай на шляху да іх кармэлітанскай фармацыі. Разважаючы над таямніцай малітвы «Ойча наш», тэрцыярыі паглыбілі свае веды ў пытанні духоўнай лучнасці чалавека з Богам, а таксама ўзбагаціліся тымі містычнымі разважаннямі, якія пакінулі для нашчадкаў святыя Кармэлю. У канферэнцыях, якія падрыхтаваў на час рэкалекцый а. Пётр Фраштэнга OCD, свецкія кармэліты здабылі веды пра важнасць малітвы і яе складнікаў. Поўны тэкст канферэнцый тут «Абба» — што значыць «тата» Аналізуючы адносіны да Бога ў малітве, адзін з пунктаў кармэлітанскай дактрыны – навука св. Тэрэзы ад Дзіцяткі Езус — сведчыць пра тое, што Бога варта адкрываць нанова, як Айца. Тэрэза падкрэслівае, што людзі прысвячаюць мала часу для Бога Айца, больш канцэнтруючыся на Яго справядлівасці. Аднак кармэлітанка адкрывае новую дарогу — дарогу Духоўнага Дзяцінства, якая абапіраецца на абсалютным даверы чалавека: як дзіця давярае свайму Айцу, так чалавек давярае Богу, які ёсць Любоўю. Тэрэза адкрывае іншае бачанне Бога, бачанне Яго вокам дзіцяці. Быць як дзіця перад Богам Айцом. Гэтая пастава ў Тэрэзы нараджаецца з яе асабістай малітвы, сузірання і бачання Хрыста, які прабачае і аздараўляе ўсіх. Важным словам, якім Езус звяртаецца да Айца, ёсць слова «Абба» — арамейскі зварот малога дзіцяці да свайго таты. Даслоўна яно і азначае «тата». Паколькі аўтары Евангелля захавалі гэтае слова — «Абба» — у арыгінале, можна меркаваць, што яно было нейкім асаблівым зваротам да Бога. «Ойча наш, які ёсць у небе…» Падчас зямнога жыцця Хрыстус шмат разоў маліўся, а Яго апосталы і вучні, бачачы гэта, пачыналі ўсведамляць годнасць і вартасць малітвы. Яны неаднаразова бачылі, як іх Настаўнік адыходзіў, каб усю ноч правесці на малітве з Айцом. Назіраючы за Хрыстом, апосталы звярталіся да Яго: «Пане, навучы нас маліцца». Адказваючы ім на пытанне, Езус прадстаўляе кароткую малітву «Ойча наш». У ёй змяшчаюцца ўсе істотныя просьбы, якія мы можам накіроўваць да Бога, а таксама ў гэтай малітве паказана сапраўдная пастава і адносіны чалавека да Бога. Чалавек, хрысціянін, заўсёды бачыў у гэтай малітве ўзор малітвы Хрыста. Малітва «Ойча наш» змяшчае ў сабе разуменне Божага айцоўства. Бог з’яўляецца нашым Айцом, які ўдзяляе нам сваё Божае жыццё, уваходзіць у нас і робіць з нашай душы сваё памяшканне, як сам кажа: «Калі хто Мяне любіць…то Айцец Мой яго палюбіць, і прыйдзем да яго, і будзем у ім прабываць». У малітве Пана Езус вучыць, што малітва з’яўляецца поўным зваротам даверу да Бога ва ўсіх справах нашага жыцця. Як дзіця звяртаецца да роднага бацькі ва ўсіх патрэбах, так і хрысціянін з сыноўскім даверам звяртаецца да нябеснага Айца. «Ойча наш» — гэта істотна скарочаны варыянт усялякай хрысціянскай малітвы, пачынаючы ад вуснай асабістай і заканчваючы ўрачыстай літургічнай малітвай Касцёла; ад малітвы разважання, сяброўскай размовы з Богам, да малітвы супольнай, падчас якой верныя яднаюцца супольным праслаўленнем адзінага Айца. Святая Тэрэза, каментуючы «Ойча наш», далучае туды своеасаблівую дактрыну малітвы. Кажа, што малітва актуальная не толькі для пачынаючых, але і для людзей глыбока практыкуючых малітву разважання і медытацыю. Малітва «Ойча наш» — таксама малітва супольнасці. У маўчанні і самотнасці Выкананне Божай волі для хрысціянаў з'яўляецца заданнем. Для асобаў, якія прысвячаюць сябе малітве, вялікае значэнне мае духоўнае кіраўніцтва. Усе святыя настаўнікі малітвы кажуць пра ролю, якую выконвалі ў іх жыцці духоўныя кіраўнікі. Напрыклад, св. Тэрэза ад Езуса паказвае, наколькі вялікі цяжар заключаны ў тым, калі чалавек ідзе дарогай духоўнага жыцця ў самоце, не маючы падтрымкі ў настаўніку... Дарога малітвы нялёгкая. Той, хто крочыць па ёй, патрабуе падтрымкі, накіравання, распазнання, правадніка. Жыць у Божай прысутнасці — не што іншае, як дазволіць, каб малітва трывала па-за акрэсленым для яе часам і распаўсюджвалася на ўвесь дзень. Калі чалавек прывык да ўнутранай малітвы, то перажыванне Божай прысутнасці з’яўляецца спантанным і пастаянным. У Кармэлі вялікую ўвагу заўжды надзялялі трыванню ў Божай прысутнасці. Калі хто хоча прыстасавацца да малітвы, ён павінен прыняць цвёрдае рашэнне: на працягу дня ўзносіць свой дух, а перадусім сваё сэрца да Бога. Хрысціянская медытацыя існуе як запрашэнне да дыялогу. Перадусім яна патрабуе слухання. Дапамагаюць у гэтым маўчанне і самотнасць. Бог, які справядлівы Кожны чалавек прагне быць шчаслівым. Гэтае прагненне чалавечага сэрца можа рэалізавацца толькі ў Богу і праз дыялог з Ім. Бог сам з’яўляецца ініцыятарам гэтай адвечнай размовы з чалавекам. Але ад таго, наколькі чалавек адкрыецца дзеянню ў сабе Божага Провіду, будзе залежыць далейшы шлях чалавечай душы. Богу нельга схлусіць. Бога нельга ашукаць, крывадушнічаючы. Як навучаў Езус у казанні на Гары: «Не кожны, хто кажа Мне: Пане, Пане, увойдзе ў Валадарства Нябеснае, але той, хто выконвае волю Айца Майго, які ў нябёсах». Мы павінны быць шчырымі ў сваіх малітвах. І павінны разумець: малітва — самы просты шлях да размовы з Езусам. І тое, ці пачуем мы Божы голас, залежыць толькі ад нас. Падрыхтаваў Ілья Лапато |
Фотарэпартаж |
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.