Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Стаць перад Богам з «пустымі рукамі»: у Нарачы прайшлі рэкалекцыі для прыхільнікаў духоўнасці Кармэлю
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
13.12.2011 15:19

Вось ужо год, як у мінскай парафіі Божага Цела (вул. Ангарская) праходзяць сустрэчы з цыклу «Шляхам кармэлітанскай духоўнасці». Сустрэчы традыцыйна распачынаюцца святой Імшой, пасля чаго вернікі моляцца Нешпары і як абавязковы элемент адбываецца канферэнцыя на тэму духоўнасці ордэна. З 9 па 11 снежня 2011 г. рэкалекцыі для прыхільнікаў Кармэлю прайшлі ў Нарачы.

Жывучы ў кляштары кармэлітаў босых, праз увесь дзень вернікі маглі прысвяціць сябе малітве — згодна з тым раскладам, па якім законнікі кармэліты жывуць штодня. Тэмай рэкалекцый стала так званая «тэрэзіянская малітва» — адмысловы спосаб духоўнай медытацыі.

Святая Тэрэза, акрэсліваючы медытацыю, спасылаецца на фундаментальныя праўды хрысціянскага жыцця: «Бог у Трох Асобах жыве ў людской душы, дае сваё жыццё і заклікае да прабывання з сабою». Свой метад малітвы Тэрэза называе так: «Намагалася ўявіць Хрыста ў сваёй душы…» Прабыванне з Богам ва ўласнай душы і з’яўляецца сутнасцю тэрэзіянскай малітвы. «Унутраная малітва — гэта нішто іншае, як сяброўскія адносіны ў адзіноце з Тым, пра якога ведаем, што нас любіць», — гаварыла пра малітву св. Тэрэза ад Езуса.

«Для св. Тэрэзы малітва — нішто іншае, як прыязныя суадносіны чалавека з Богам, у якіх гэтыя дзве асобы знаходзяць адна адну, — адзначыў падчас рэкалекцый а. Пётр Фраштэнга OCD. — Святая Тэрэза лічыла, што якраз у медытацыі адбываецца гэтая сустрэча, таму такое духоўнае практыкаванне патрабуе рэгулярна адведзенага часу».

Святая Тэрэза вылучала наступныя элементы медытацыі: разважанне, размова, узаемаабмен любоўю, сустрэча і прыязнасць.

Разважанне — аснова медытацыі: святая з Авільё падкрэслівае асаблівыя задачы розуму ў медытацыі («для натхнення волі душа патрабуе розуму»): розум павінен даследаваць прычыны і ўводзіць у разважаную таямніцу.

Другім элементам медытацыі з’яўляецца размова: «Медытацыя — гэта ўзаемаабмен, слуханне і размова, — лічыла Тэрэза.  — (…) Калі, гледзячы на вашага Нарачонага…, пачуеце патрэбу звярнуцца да Яго, то гаварыце; але не шукайце прыгожых і вытанчаных слоў, а выключна простых і проста з сэрца, бо Ён толькі такія цэніць».

Сэрцам малітвы Тэрэза ад Езуса называе любоў: «Справа не ў тым, каб шмат разважаць, а ў тым, каб шмат любіць». Тэрэза трактуе малітву як выйсце з уласнага «я» і дасягненне асобы Хрыста: «Узвышэнне душы не палягае на тым, каб шмат разважаць, але толькі на тым, каб шмат любіць». «Унутраная малітва, на маю думку, — гэта нічога іншага, як даверлівыя і прыязныя адносіны з Богам, якія выяўляе паўтораная па некалькі разоў адасобленая малітва з Богам», — пісала Тэрэза ў «Кнізе жыцця». Аднак, як перасцерагае нас святая, шматлікія практыкі аказваюцца неэфектыўнымі, калі ў іх адсутнічае дух веры, любові і пакоры і калі яны не аб’ядноўваюцца ўнутранай свабодай. Святая Тэрэза вучыць «станавіцца перад Богам з пустымі рукамі»: «пустыя рукі» як вобраз чалавека, адкрытага на дар малітвы, пакорнага і гатовага прыняць Божае дзеянне ў сваім сэрцы.

«Хрысціянская малітва — перш за ўсё дар ласкі, а не ўласнае ўменне, — падвёў выснову падчас канферэнцыі а. Пётр Фраштэнга OCD. — Гэта дар ласкі, якую Бог улівае ў сэрца таго, хто моліцца. Таму толькі пакорны, адкрыты на ласку чалавек, можа прыняць дар малітвы».

Ілья Лапато

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме