Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Канферэнцыя а. Пятра Фраштэнгі OCD на сустрэчы прыхільнікаў духоўнасці Кармэлю

22 лістапада 2011 г., Мінск, парафія Божага Цела

Чаму св. Тэрэза ад Дзіцятка Езус з’яўляецца апякункай місій?

Пытанне, вынесенае ў загаловак, можа нас здзівіць. Біскуп Гай Гаўчэр фармулюе гэтае здзіўленне наступным чынам: «Дзіўны парадокс: манашка, якая з 15 гадоў жыцця ніколі не пакінула кляўзуры, была пастаўлена нароўні з іспанскім езуітам, які аддаў сваё жыццё ля межаў Кітаю». Каб адказаць на пастаўленае вышэй пытанне, недастаткова пазнаць толькі жыццё Тэрэзы, варта таксама вывучыць праблему місій Касцёла.

У гутарковай мове слова «місіі» азначае абвяшчэнне Евангелля людзям, якія не ведаюць Хрыста, абвяшчэнне перадусім святарамі або кангрэгацыямі законных сясцёр. Таму некаторым здаецца ненармальным, што кляўзуровая сястра можа мець нейкі сур’ёзны ўдзел у місійнай працы. Пра законнае жыццё вельмі часта думаюць толькі ў катэгорыях асабістага асвячэння. Нехта ідзе ў кляштар, каб збавіць сваю душу, неаднойчы гэтую асобу лічаць лепшай за іншых. Ужо з дзяцінства была пабожнай, таму нічога дзіўнага, што стала законніцай.

Другі Ватыканскі Сабор бачыць манаскае жыццё ў самім сэрцы Касцёла і як жыццё Касцёла. Адсюль робіцца выснова: тое, што гаворыцца пра місію Касцёла, датычыць таксама місіі законнага жыцця. Тут трэба размяжоўваць сутнасць місій і іх розныя формы.

Азначэнне місій, якое бярэ пачатак з грэчаскай мовы, азначае пасланніцтва, пасаду пасланніка. Такім чынам, гэта будзе ўсялякая дзейнасць Касцёла, скіраваная на распаўсюджванне і ўмацаванне Хрыстовага Валадарства на зямлі. Сэнс і значэнне місіі Божага народа, а таксама місіі законных асоб, заключаецца ў шуканні Езуса Хрыста. Ён прыйшоў у гэты свет, каб прапаведаваць. Чыніў гэта не толькі словам, але ўсім сваім жыццём. Дзеля працягу справы евангелізацыі паклікаў вучняў і апосталаў. Такім чынам, матывам існавання Касцёла з’яўляецца евангелізацыя.

Што значыць евангелізаваць?

Евангелізаваць — гэта абвяшчаць, дзяліцца Богам з іншымі. Дзяліцца Богам, які аб’явіўся нам як любоў і стварыў з намі супольнасць любові, заключыў з намі вечны запавет, збаўляе нас і вызваляе сваёй любоўю праз пасрэдніцтва Езуса Хрыста.

Евангелізаваць — гэта таксама даваць сведчанне. Чым больш яскравае сведчанне жыцця, тым большую моц мае абвяшчэнне Хрыста. Прадметам сведчання з’яўляецца асабісты ўдзел у збаўчай таямніцы Хрыста. Сведчым пра тое, што самі перажылі, а сведчанне мае каштоўнасць у залежнасці ад таго, у якой ступені мы прымалі ўдзел у гэтай справе. Хрысціянін дае аўтэнтычнае сведчанне, калі паказвае ўласным жыццём, якія вялікія рэчы здзейсніў у ім Бог. Такі сведка не патрабуе часам ніякіх слоў, хопіць таго, што ён ёсць, што існуе. Абвяшчэнне Добрай Навіны словам і вызнанне сведчання евангельскага жыцця ідуць у пары. Некаторыя хрысціяне маюць у Касцёле місію абвяшчэння слова. Яны таксама, нароўні з іншымі, а можа яшчэ больш, павінны даваць сведчанне евангельскага жыцця.

Спецыфічнай з’яўляецца місія законнага жыцця ў Касцёле.

Манаскае жыццё — гэта рэпрэзентатыўны знак у Касцёле і мае спецыфічную апостальскую місію. Законныя асобы на моцы асаблівага выбару і паклікання знаходзяцца ў такой жыццёвай сітуацыі, якую выбраў сабе Езус, каб выражаць найбольш істотныя для чалавека каштоўнасці. Што ж, аднак, заключае ў сабе спецыфіка законнага жыцця ў справе евангелізацыі? Гэта перадусім само жыццё, радыкальнае сведчанне евангельскага жыцця. У святле навучання Сабору харызма законнага жыцця (ва ўсіх яго формах) перадусім місійная.

У св. Тэрэзы з Лізьё не было нават найменшага намеру, каб стаць апякункай місій. Гэты факт быў укаранаваннем пэўнага працэсу, які меў сваю крыніцу ў яе асабістым жыцці. Таму трэба спачатку задаць пытанне: якую сувязь з каталіцкімі місіямі магло мець жыццё кармэлітанкі босай?

Частка адказу на гэтае пытанне ўжо ёсць. Святая Тэрэза ад Дзіцятка Езус была апосталам і місіянеркай у тым сэнсе, што місія законных асобаў — гэта евангелізацыя. Нас, аднак, цікавіць яе місійная самасвядомасць.

Сваю місію ў сэрцы Касцёла Тэрэза цалкам адкрыла толькі пад канец свайго кароткага, дарэчы, жыцця. У ёй павінен быў адбыцца пэўны ўнутраны працэс, які скончыўся радасцю знаходжання сябе ў Богу і ў Касцёле.

Пад канец ХІХ стагоддзя Францыя мела велізарныя калоніі. Узнікалі розныя місійныя таварыствы, такія, як Белыя Айцы і Белыя Сёстры кардынала Лавіжэ.

У той час паўсюдна казалі пра збаўленне душаў для Хрыста, пра хрост маленькіх кітайцаў. Тэрэза Мартэн павінна была чуць у сваёй глыбока хрысціянскай сям’і пра хвалебныя дасягненні місіянераў.

Падчас падарожжа ў Рым яна чытала твор Missionary Annals («Місіянерскі летапіс»). Цэліна расказвае пра Тэрэзу, што, маючы 14 гадоў, тая чытала некаторыя старонкі з Annales пра сясцёр місіянерак, але хутка спыніла чытанне, каб сказаць: «Не хачу болей чытаць. Маю ўжо дастаткова вялікае прагненне стаць місіянеркай: што б сталася, калі б я пашырыла свае імкненні яшчэ і на гэтае апостальства? Хачу быць кармэлітанкай». Думка, якая спантанна нараджаецца пасля прачытання гэтага тэксту, такая, што ў 14 гадоў Тэрэза яшчэ не заўважала цеснай сувязі, якая існуе паміж Кармэлем і місіяй. Патрэбна было крыху часу, каб у ёй адбыўся сінтэз паміж пакліканнем кармэлітанкі і місіямі. Аднак трэба адзначыць, што Тэрэза была асобай, якая вельмі рана дайшла да пэўнага сінтэтычнага бачання жыцця, не абмяжоўваючы стаўлення да адной дробязі. Прыкладам гэтага можа быць сцвярджэнне: «выбіраю ўсё».

У Кармэлі Тэрэза не страціла сваёй вялікай здольнасці адкрывацца на іншых і любові да іх, якую мела ўжо раней. Гэтаму спрыяла пакліканне ў Кармэль, які жыве жыццём Касцёла, яго найважнейшымі заданнямі. Святая Тэрэза Авільская, калі засноўвала першы кляштар кармэлітанак босых, кіравалася апостальскай матывацыяй.

Гэтая традыцыя прысутнічае ў Кармэлі ХІХ стагоддзя. Сёстры моляцца не толькі за абвяшчальнікаў Евангелля, але і ствараюць кляштары на далёкіх місійных тэрыторыях. Для прыкладу: Кармэль у Сайгоне быў створаны Кармэлем з Лізьё ў 1861 г. Тэрэза ў «Дзеях душы» ў 1895 г. піша: «Якім будзе заканчэнне гэтых „дзеяў белай кветкі“? — Можа, малая кветка будзе сарвана ў сваім росквіце або перанесена на іншыя берагі…» Гэта гаворка пра магчымасць свайго выезду ў Сайгон, які прасіў аб дапамозе для сваёй новай фундацыі ў Ганоі.

Тэрэза, напэўна, з радасцю дала б пазітыўны адказ на гэтую прапанову расстання. «Я пакінула б усё, што для мяне каштоўнае». Да канца жыцця захавала сваё перакананне пра місійнае пакліканне. У апошніх нататках піша: «Не! Я не выехала б з думкай пра збіранне плёну маіх намаганняў; калі б так было, я не адчула б супакою, якім цешуся цяпер, і, напэўна б, пакутавала, што не магу канкрэтызаваць майго паклікання да місій у далёкіх краінах».

Якім чынам Тэрэза рэалізуе сваё апостальскае пакліканне ў Кармэлі? Напэўна, адказ на місійнае пакліканне яна дасць згодна з уласным пакліканнем кармэлітанкі. Жыццё кармэлітанкі зводзіцца да аднаго: да любові. Калі дабравольна закрываецца за кратай кляўзуры, то таму, што прагне — праз гэтую няпростую любоў разам з Хрыстом — працягваць справу збаўлення і маліцца асабліва за тых, чыя місія — гэта абвяшчэнне словам: за святароў. Тэрэза знаходзіць спосаб евангелізацыі ўласным жыццём, калі адкрые сэрца Касцёла і (што за гэтым ідзе) сэрца справы евангелізацыі.

«Я зразумела, што Касцёл мае Сэрца і што гэтае Сэрца ПАЛАЕ ЛЮБОЎЮ, што толькі любоў падштурхоўвае членаў Касцёла да дзеяння; калі б выпадкова знікла Любоў, Апосталы перасталі б абвяшчаць Евангелле, Мучанікі не хацелі б праліваць сваю кроў… Я зразумела, што ЛЮБОЎ ЗАКЛЮЧАЕ Ў САБЕ ЎСЕ ПАКЛІКАННІ, ШТО ЛЮБОЎ ЁСЦЬ УСІМ, АГОРТВАЕ ЎСЕ ЧАСЫ І ЎСЕ МЕСЦЫ… АДНЫМ СЛОВАМ — ЯНА ВЕЧНАЯ!..»

«Таму, узнесеная шаленствам радасці, я ўсклікаю: О, Езу, Любоў мая… нарэшце я знайшла маё пакліканне, МАІМ ПАКЛІКАННЕМ ЁСЦЬ ЛЮБОЎ! Так, я знайшла сваё месца ў Касцёле, а гэтае месца, мой, Божа, Ты сам мне ахвяраваў… У сэрцы Касцёла, маёй Маці, буду Любоўю… такім чынам буду ўсім, і маё прагненне збудзецца!!!...»

Адноўлена 24.11.2011 12:39
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме

Выступленні

01.07 13:08Акт прысвячэння Беззаганнаму Сэрцу Марыі з нагоды 100-годдзя Яе аб’яўленняў у Фаціме
15.05 15:02Даклад арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на сімпозіуме да 100-годдзя фацімскіх аб’яўленняў
05.05 15:04Паведамленне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды ўрачыстасці св. Андрэя Баболі, апекуна Пінскай дыяцэзіі
02.05 12:53Даклад Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на тэму «Узаемадзеянне Касцёла і дзяржавы ў наш час»
13.04 13:51Прамова Апостальскага Нунцыя арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас пастырскай сустрэчы ў Вялікі чацвер
30.01 12:53Прамова Апостальскага Нунцыя ў Беларусі арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас урачыстасці св. Яна Боско ў Мінску
21.01 19:01Прамова Мітрапаліта Кандрусевіча падчас набажэнства ў межах Тыдня малітваў за адзінства хрысціянаў
23.12 16:38Пастырскае пасланне арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на Божае Нараджэнне 2016
23.12 11:36Адкрыты ліст Мітрапаліта Кандрусевіча міністру аховы здароўя РБ Васілю Жарко
18.12 16:24Прамова Апостальскага Нунцыя арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас адвэнтавага чування моладзі ў Мінску