Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Чаму Тэрэза з Лізьё лічыцца апякункай місій у Касцёле
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
23.11.2011 17:29

Біскуп Гай Гаўчэр аднойчы адзначыў: «Дзіўны парадокс: манашка, якая з 15 гадоў ніколі не пакінула кляўзуры, была пастаўлена нароўні з іспанскім езуітам, які аддаў сваё жыццё ля межаў Кітаю…» Лагічнае пытанне. Жыццю св. Тэрэзы ад Дзіцятка Езус і місіям Касцёла была прысвечана канферэнцыя а. Пятра Фраштэнгі OCD на сустрэчы прыхільнікаў кармэліцкай духоўнасці 22 лістапада 2011 г. у мінскай парафіі Божага Цела.

У сваім дакладзе а. Фраштэнга звярнуў увагу найперш на размежаванне сутнасці місій і іх формаў. «Матывам існавання Касцёла з’яўляецца евангелізацыя, — адзначыў святар. — Евангелізаваць — значыць дзяліцца Богам з іншымі. Да ўсяго ж гэта яшчэ і сведчанні з жыцця. Хрысціянін дае аўтэнтычнае сведчанне, калі паказвае ўласным жыццём, якія вялікія рэчы здзейсніў у ім Бог. Такі сведка не патрабуе часам ніякіх слоў, хопіць таго, што ён ёсць, што існуе. Абвяшчэнне Добрай Навіны словам і сведчання евангельскага жыцця стаяць побач. Некаторыя хрысціяне маюць у Касцёле місію абвяшчэння слова».

Своеасаблівай апостальскай місіяй ў Касцёле з’яўляецца і манаскае жыццё. У чым яго сутнасць? «Манаскае жыццё — гэта рэпрэзентатыўны знак у Касцёле, гэта перадусім само жыццё, радыкальнае сведчанне евангельскага жыцця, — патлумачыў у сваёй канферэнцыі а. Пётр Фраштэнга. — У святле навучання Сабору харызма законнага жыцця (ва ўсіх яго формах) перадусім місійная».

Сваю місію ў сэрцы Касцёла св. Тэрэза цалкам адкрыла толькі пад канец свайго жыцця. «Я зразумела, — пісала яна, — што Касцёл мае Сэрца і што гэтае Сэрца ПАЛАЕ ЛЮБОЎЮ, што толькі любоў падштурхоўвае членаў Касцёла да дзеяння; калі б выпадкова знікла Любоў, апосталы перасталі б абвяшчаць Евангелле, мучанікі не хацелі б праліваць сваю кроў… Я зразумела, што ЛЮБОЎ ЗАКЛЮЧАЕ Ў САБЕ ЎСЕ ПАКЛІКАННІ, ШТО ЛЮБОЎ ЁСЦЬ УСІМ, АГОРТВАЕ ЎСЕ ЧАСЫ І ЎСЕ МЕСЦЫ… АДНЫМ СЛОВАМ — ЯНА ВЕЧНАЯ!..»

Святая Тэрэза рэалізуе апостальскае пакліканне ў Кармэлі праз любоў. Закрываючыся за кратамі кляўзуры, яна працягвае маліцца за тых, чыя місія — гэта абвяшчэнне словам: за святароў. І ўсё гэта — праз любоў да Хрыста. Тэрэза знаходзіць спосаб евангелізацыі ўласным жыццём, калі адкрые сэрца Касцёла і сэрца справы евангелізацыі.

«…Узнесеная шаленствам радасці, я ўсклікаю: О, Езу, Любоў мая… нарэшце я знайшла маё пакліканне, МАІМ ПАКЛІКАННЕМ ЁСЦЬ ЛЮБОЎ! Так, я знайшла сваё месца ў Касцёле, а гэтае месца, мой Божа, Ты сам мне ахвяраваў… У сэрцы Касцёла, маёй Маці, буду Любоўю… такім чынам буду ўсім, і маё прагненне збудзецца!!!» — адзначала св. Тэрэза.

Поўны тэкст канферэнцыі а. Фраштэнгі тут>>>

Ілья Лапато


 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме