«Шукаць Бога ўсім сэрцам»: фармацыйная сустрэча свецкіх кармэлітаў босых |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
25.06.2012 17:27 |
23 чэрвеня ў капліцы Маці Божай Шкаплернай ў Мінску адбылася фармацыйная сустрэча свецкага ордэна кармэлітаў босых (OCDS). Сустрэча, у якой разам з членамі Трэцяга ордэна прымалі ўдзел і патэнцыйныя кандыдаты да ўступлення ў ордэн — асобы, якія цікавяцца духоўнасцю Кармэлю, распачалася малітвай Літургіі Гадзін і знайшла працяг у адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту — малітоўным разважанні ў цішыні. У другой частцы сустрэчы, якой папярэднічала супольная малітва Вяночка да Божай Міласэрнасці, удзельнікі разважалі над правіламі Канстытуцыі Супольнасці свецкіх кармэлітаў босых. У прыватнасці, быў зачытаны і абмеркаваны Дэкрэт Канстытуцыі, у якім адзначалася, што «стрыжнем вялікай сям’і Кармэлю з’яўляецца кангрэгацыя кармэлітаў босых, у якую ўваходзяць браты-законнікі, закрытыя сёстры-законніцы (мнішкі) і свецкія людзі. Гэта адна і тая ж кангрэгацыя з адной харызмай, якая жывіцца гістарычнай традыцыяй Кармэлю і выяўляецца ў правіле св. Альберта і дактрыне кармэлітанскіх доктараў Касцёла і святых кангрэгацыі». Дадаткова былі абмеркаваны некаторыя пытанні адносна структуры свецкага ордэна кармэлітаў босых. Адным з цэнтральных момантаў сустрэчы стала канферэнцыя а. Пятра Фраштэнгі OCD, прысвечаная вучэнню св. Яна ад Крыжа — пошуку чалавекам Бога. «Усё, што мы робім, што сабой уяўляем, а таксама ўсе нашы думкі, мова і ўчынкі павінны быць цалкам скіраваны да Бога, — адзначыў а. Пётр Фраштэнга. — Толькі тады мы зможам Яго сустрэць. Святы Ян заахвочвае нас да таго, каб мы шукалі Бога ўсім сваім сэрцам. У сваіх лістах ён падкрэслівае, што па дарозе пазнання Бога мы не павінны ісці адны: яна настолькі цяжкая, што на ёй вельмі лёгка заблукаць». Як адзначыў айцец кармэліт, адной з важных умоў на шляху да Бога з’яўляецца духоўнае таварыства іншых людзей: не варта адмаўляцца ад іх парадаў і павучанняў — Бог недарэмна ставіць гэтых людзей на нашым шляху. «Трэба давяраць Богу ва ўсім і заўсёды і запрасіць Яго на наш шлях да дасканаласці, — адзначыў святар. — Тады мы сапраўды, як навучае нас св. Ян ад Крыжа, „навучымся любіць, і ўсё астатняе стане на свае месцы“». Заключнай часткай сустрэчы стала супольная малітва Нешпарамі, якая дапоўнілася ружанцовай малітвай. Завяршылася сустрэча ўдзелам у набажэнстве да Найсвяцейшага Сэрца Езуса і вечаровай святой Імшой, падчас якой яшчэ адзін кандыдат, які прайшоў неабходную падрыхтоўку, быў прыняты ў навіцыят Трэцяга ордэна кармэлітаў босых. Ілья Лапато |
Фотарэпартаж |