Свецкія кармэліты разважалі над постаццю св. Яна ад Крыжа як чалавека веры |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
15.10.2012 20:17 |
Святому Яну ад Крыжа як чалавеку веры была прысвечана сустрэча свецкіх кармэлітаў босых (OCDS), якая прайшла ў суботу 13 кастрычніка ў парафіі Божага Цела ў Мінску. «Жаданне напоўніць сваё сэрца Богам, спаткацца з Ім, не згаджаючыся нават на мінімальнае спазненне. Матывам гэтага спаткання з’яўляецца любоў. Менавіта ў ёй Ян прагне спаткацца з Богам, крочачы да Яго дарогай, якая вядзе на самую вяршыню дасканаласці». Кім быў св. Ян ад Крыжа і якім яго ведалі сучаснікі? У чым была моц яго веры і чым прыклад яго веры так захапляў сясцёр, якія выбіралі айца ў якасці спаведніка?«Ян ведае, што, каб быць падобным да Хрыста, трэба стаць падобным да Яго ва ўсім, нават у цярпенні: быць прыніжаным і пагарджаным. І калі цяперашняе жыццё не з’яўляецца наследаваннем Хрыста, то такое жыццё не вядзе да Бога. Самавырачэнне ў духу Евангелля, аб чым кажа Хрыстус, з’яўляецца вызнаннем любові», — адзначыў у дакладзе святар. Асаблівая ўвага была звернута на моц любові і моц веры кармэлітанскага святога. «Святы Ян ад Крыжа ставіць вялікі акцэнт на бескарысную любоў, якая нічога не патрабуе ўзамен. Ён сам быў чалавекам, які празмерна не клапаціўся пра сябе і не імкнуўся звяртаць на сябе ўвагу». «Тое, што Ян ад Крыжа быў чалавекам веры, дазваляла яму выдатна выконваць функцыю настаўніка і выхавацеля. Гэтую функцыю ён выконвае ад моманту рэформы ордэну, даючы базу для саліднага і агульнаасабовага выхавання, пры гэтым выкарыстоўваючы своеасаблівы стыль, які характарызаваўся вялікім узроўнем разважлівасці і лагоднасці. Жаданне напоўніць сваё сэрца Богам, спаткацца з Ім, не згаджаючыся нават на мінімальнае спазненне. Матывам гэтага спаткання, вядома, з’яўляецца любоў. Менавіта ў ёй Ян прагне спаткацца з Богам, спаткацца ў хуткім часе, крочачы да Яго дарогай, якая вядзе на самую вяршыню дасканаласці». Поўны тэкст даклада тут>>> Сустрэча свецкіх кармэлітаў ўключала ў сябе таксама чытанне Канстытуцыі свецкага ордэна. Асаблівая ўвага падчас чытання статута свецкіх кармэлітаў была ўдзелена фармацыі ў школе Кармэлю, прынцыпам кармэлітанскай духоўнасці, а таксама правам і абавязкам, якімі валодаюць тэрцыярыі. Заключнай часткай сустрэчы стала супольная малітва Нешпарамі, якая дапоўнілася ружанцовай малітвай. У завяршэнне свецкія кармэліты прынялі ўдзел у вечаровай святой Імшы. Ілья Лапато |
Фотарэпартаж |