Ці прыцягвае сёння маладых св. Ян ад Крыжа? Канферэнцыя а. Пятра Фраштэнгі OCD |
Напэўна, незвычайна прагучыць сцверджанне, якое цяпер пачуеце, але яно безумоўна праўдзівае. Я хацеў бы сказаць, што св. Ян ад Крыжа вельмі блізкі маладым людзям. Ён блізкі моладзі праз сваё навучанне і пакінутую спадчыну, не толькі ў якасці тэстамэнту, але перш за ўсё як шлях паяднання з Богам. Сёння маладыя патрабуюць канкрэтных прыкладаў і патрабуюць канкрэтных указанняў. А святы Ян ад Крыжа з’яўляецца для іх канкрэтным чалавекам, які без кампрамісаў імкнецца на гару, на якой жыве Бог. Ён канкрэтны праз сваю духоўную спадчыну і праз мову. Што азначае, што ён быў і ёсць канкрэтны праз сваю спадчыну? Наш святы быў чалавекам, які бязмежна верыў у любоў Бога і прытым адразу. Але ёсць таксама іншы бок медаля. Чалавек, будучы ўпэўненым у любові Бога, ёсць радыкальным, каб хутка і па-сапраўднаму адказаць узаемнасцю на любоў Бога, а не толькі абмяжоўвацца да мінімалізму. Аднак, каб хутка і пэўна дасягнуць таго, што Найвышэйшае, трэба прыняць тое, што ёсць у нас – цёмную ноч, акцэптацыя якой дапаможа быць моцным і рашуча накіраваным на любоў Бога. А мова? Калі чытаем ягоныя творы, то бачым, што тэкст, поўны вобразаў і далікатнасці, з’яўляецца нашым таварышам і аднадумцам. Менавіта ў словах знаходзім даступнасць таго, пра што агульна кажацца, як пра недасяжнае. Ён з’яўляецца вельмі даступным, бо Хрыстус стаўся ягоным сябрам ужо ад пачатку. І менавіта адносіны з Хрыстом, удзел у сяброўстве з Ім прыцягнулі яго да сур’ёзнага ўспрыняцця дарогі на гару Кармэль. Менавіта сяброўскія адносіны, характэрныя для маладога ўзросту, дазваляюць маладым людзям адкрыць у ім чалавека, падобнага да іх саміх. Што ж яшчэ прыцягвае чалавека ў св. Яне ад Крыжа? Акрамя таго, што я напісаў, здаецца слушным звярнуць асаблівую ўвагу на яго падыход да таго, што ўкрыта ў глыбіні кожнага чалавека: сэрца. Ён умеў аналізаваць балючыя моманты і прагненні чалавечага сэрца. Вось менавіта! Прагненні чалавечага сэрца могуць быць абсалютна рознымі. Усё залежыць ад таго, як мы імі пакіруем. Дарогу, на якой навучымся накіроўваць свае прагненні паказвае нам св. Ян ад Крыжа. Вучыць нас на ёй, як паступаць, каб нашыя прагненні былі скіраваныя толькі на Бога. У супраціўным выпадку яны могуць стаць для нас прычынай фрустрацыі і незадаволенасці. А скіраваныя да Бога – дапаўняюць і напаўняюць чалавека. Прыходзяць мне на думку словы благаслаўлёнага Яна Паўла ІІ, які, звяртаючыся да моладзі, казаў, што павінны ад сябе патрабаваць, нават калі іншыя ад іх не патрабуюць. Менавіта гэта рашуча і прыцягвае маладых людзей у св. Яне ад Крыжа. Прыцягвае іх яго ўражлівасць на ідэалы і ўнутраная празрыстасць. Калі будзем ад сябе патрабаваць, то мэта, якая ў прынцыпе даступная, становіцца праз нашыя ўчынкі яшчэ больш блізкай для дасягнення і яшчэ больш выключнай. Ці св. Ян ад Крыжа прапануе маладым людзям іншы свет, чым той, які ёсць на самой справе? І так і не. Аднак, уваход і сузіранне свету ўнутры чалавека, дазваляе інакш глядзець на акаляючы нас свет. І ў гэтым значэнні свет, які нас акружае, можа быць іншым, больш святым праз нашую асабістую святасць. Што яшчэ прыцягвае нас у св. Яне ад Крыжа? Хіба тое, што ён такі чалавечы, з аднаго боку, такі святы, а з іншага – ведае чалавечыя слабасці. Веданне таго, што ёсць падзеннем, дазваляе мне ўзнесці свае прагненні ажно на вышыні святасці. Нашае жыццё не ёсць іншым. Каб інакш паглядзець на сваё жыццё, каб адкрыць, што, падобна св. Яну ад Крыжа, я пакліканы да святасці, я павінен добра пазнаць тое, што называецца ўпадкам. Але не пагадзіцца з гэтым. Наадварот, заахвоціць да яшчэ больш рашучага з’яднання з Хрыстом. Гэты святы паказвае нам, што патрабаванне ад сябе больш, чым ад іншых, не азначае абмежавання любові. Хутчэй наадварот. Менавіта любоў мабілізуе нас да патрабавання ад сябе. Скажу больш. Любоў да Бога чыніць, што мы здольныя, у залежнасці ад жадання, дасягнуць акрэсленай мэты, пакінуць усё і рашуча імкнуцца да святасці. Гэта тое, што прыцягвала некалі і прыцягвае сёння маладых людзей у гэтым святым. Ён не ёсць святым толькі для кансэкраваных асоб, для тэрцыяраў, але святым для кожнага, хто вырашыў змяніць сваё жыццё. |
Адноўлена 28.01.2013 17:32 |