Сёлета ўпершыню адбудзецца асобная скаўцкая пілігрымка ў Будслаў |
Анонсы |
03.05.2016 14:38 |
Сёлета ўпершыню адбудзецца асобная пешая пілігрымка беларускіх каталіцкіх скаўтаў у Будслаў. Яна пройдзе з 25 чэрвеня па 2 ліпеня. Пра гэта паведамляе беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё. Хлопцы і дзяўчаты выйдуць да Маці Божай ад возера Свір – знакавага месца каталіцкага скаўтынгу. Менавіта тут адбываўся першы адукацыйны курс, на якім прадстаўнікі Федэрацыі еўрапейскага скаўтынгу навучалі беларускіх хлопцаў і дзяўчат. Якраз сёлета парафіяльныя групы скаўтаў святкуюць 15-годдзе свайго існавання ў Беларусі. У першую скаўцкую пілігрымку зарэгістраваліся ўжо больш за сто чалавек, распавёў у інтэрв’ю беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё шэф пілігрымкі, генеральны камісар парафіяльных груп скаўтаў Павел Бельскі.
«Вырашылі адсвяткаваць сваё 15-годдзе скаўцкім мерапрыемствам, каб яно было падзякай Богу. Вырашылі гэта зрабіць у форме пілігрымкі, але ў скаўцкім стылі. Вельмі важна і цікава скаўтам пайсці ў гэту пілігрымку, бо яна будзе адначасова і падзякай, і святам. Мы сустрэнемся ўсе разам як адна сям’я, пагуляем, адсвяткуем і скажам Богу дзякуй за тое, што мы ёсць, за гэты дар пазнаваць Бога праз скаўтынг», — адзначыў арганізатар пілігрымкі. Цікава, што скаўтынг з’явіўся ў Беларусі сто гадоў таму — памежнае геаграфічнае становішча краіны адыграла вялікую ролю. З аднаго боку скаўтынг прыйшоў у Беларусь з Польшчы, з іншага — з Расіі. З 1912 года ў Гомелі, а з 1917 года пад Гродна пачалі існаваць скаўцкія дружыны. Пасля 1921 году пачалі дзейнічаць скаўцкія адзінкі ў Клецку і Нясвіжы. Крыху пазней яны з’явіліся ў Крэве, Баранавічах, Барунах і Вільні. У 1922 годзе скаўтынг забаронены. У 1926 годзе адбыўся масавы арышт скаўтаў, лідары руху былі сасланы на Салаўкі, іншыя эмігравалі ў Англію, Германію, Францыю і Аўстрыю. Федэрацыя еўрапейскага скаўтынгу (FSE) узнікла пасля Другой сусветнай вайны, калі пасля глабальнага канфлікту жыхары многіх еўрапейскіх краін пачалі з вялікім недаверам ставіцца да сваіх суседзяў. У 1956 годзе на урачыстасць Усіх Святых група маладых людзей розных хрысціянскіх веравызнанняў з Германіі і Францыі разам склала асноўныя прынцыпы новай Федэрацыі, якая ў будучыні мусіла аб’яднаць маладых хрысціянаў розных краін Еўропы на базе хрысціянскай веры і скаўтынгу. У 2003 годзе «FSE» была прызнана Святым Пасадам арганізацыяй свецкіх вернікаў папскага права, тым самым de facto стаўшы каталіцкай арганізацыяй.
Каталіцкі скаўтынг у Беларусі ўзнік у 2000 годзе, выкарыстаўшы вопыт Федэрацыі еўрапейскага скаўтынгу, якая ў сваю чаргу стаіць на трох стаўпах — класічны скаўтынг, каталіцкі скаўтынг, еўрапейскае братэрства. Гісторыя паўстання парафіяльных груп, якія практыкуюць педагогіку Федэрацыі еўрапейскага скаўтынгу, звязана галоўным чынам з двума святарамі – грэка-каталіцкім айцом Андрэем Абламейкам і рыма-каталіцкім айцом дамініканінам Браніславам Дашкевічам. Зараз парафіяльныя групы, якія практыкуюць педагогіку Федэрацыі еўрапейскага скаўтынгу ў Беларусі, налічваюць больш за 300 чалавек – у парафіях Мінска, Гомеля, Гродна, Віцебска, Барысава, Івянца, Паставаў. (AYU) |