Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Цуд веры і даверу Богу, або благаслаўлёная пара Святланы і Андрэя
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
07.07.2016 17:01

Святлана і Андрэй Галушкі — удзельнікі мінскай пакутнай пілігрымкі ў Будслаў, якія ў гэтым годзе ішлі да Маці Божай, каб скласці падзяку за дар зачацця дзіцяці. Гэтай падзеі ў сваім сужэнскім жыцці яны чакалі 8 гадоў, кожны год ідучы ў пілігрымку з гэтай інтэнцыяй.

Сакавітыя суніцы і буйныя чарніцы ў вялікім прыгожым кошыку прынесла благаслаўлёная пара ў працэсіі прынясення дароў на галоўнай Імшы ў Будславе 2 ліпеня.

Гэта знак іх вялікай удзячнасці Богу за дзіця, якое яны выпрошвалі на працягу 8 гадоў, а таксама сведчанне перад іншымі вернікамі пра тое, што Бог у жыцці хрысціяніна чыніць сапраўдныя цуды.

Гісторыя Святланы і Андрэя

«У 2009 годзе мы пабраліся шлюбам у мінскім касцёле свв. Сымона і Алены. Галоўнай нашай марай было мець вялікую сям’ю, — распачынае аповед Андрэй. — Але прайшоў год, другі, а дзяцей у нас не было».

Сям’я хадзіла кожны год у Будслаў з адной інтэнцыяй — «каб Маці Божая адарыла патомствам».

«Урачы спачатку казалі, што патрэбна пачакаць, раілі розныя лекі, але ніяк не маглі дапамагчы», — прыгадвае Святлана.

Ужо на трэцім годзе сямейнага жыцця ім прапанавалі скарыстацца штучным апладненнем, але маладая сям’я не згадзілася, а працягвала маліцца.

«Аднойчы мы ішлі ў пілігрымцы ў Будслаў, і адна жанчына здагадалася аб нашай праблеме і параіла з’ездзіць у Рось — да ксяндза Чэслава Паўлюкевіча. Яна распавяла, што многія сем’і, якія маюць праблемы з нараджэннем дзіцяці, пасля яго малітвы ў хуткім часе даведваюцца, што Бог благаслаўляе іх».

Часта ў Рось вернікі прыязджаюць у кожную другую суботу месяца, каб памаліцца перад цудадзейнай фігурай Езуса Журботнага ва ўсіх сваіх інтэнцыях.

Суніцы і чарніцы з кошыка сям'і Галушкаў у Будславе

Сям’я Галушкаў прыехала ў Рось таксама ў другую суботу кастрычніка.

«Ксёндз Чэслаў вельмі цёпла нас сустрэў і прывітаў, хоць мы яго дагэтуль зусім не ведалі. Кожны з нас у яго персанальна паспавядаўся, а потым святар запрасіў нас паўдзельнічаць у спецыяльных рэкалекцыях, на якія прыязджаюць сем’і, што маюць цяжкасці з нараджэннем дзяцей.

Мы думалі, што людзей на іх будзе няшмат, але сабраўся цэлы касцёл. Увечары над кожнай парай памаліліся святары», — прыгадаў Андрэй.

Цуд зачацця

Пасля сям’я вярнулася ў Мінск і працягвала маліцца. Набліжаўся час Адвэнту, кожную раратнюю Імшу якога муж і жонка ахвяравалі ў сваёй вялікай інтэнцыі.

Між тым Святлана была запісана на сакавік наступнага года на аперацыю, якая змагла б павялічыць верагоднасць зацяжарыць. Аднак ужо на пачатку студзеня пара даведалася, што яны чакаюць дзіця, — так сакавіцкая аперацыя аказалася непатрэбнай.

У гэтым годзе ў сям’і была ўжо іншая мэта пілігрымкі — выказаць падзяку Богу за дар, які Ён ім даў. Дар, які аказаўся вельмі доўгачаканым і вялікім.

Перад уваходам у Будслаў гэтая благаслаўлёная пара разам з 48 пілігрымамі-спадарожнікамі назбіралі кошык суніц і чарніц, каб скласці яго як падзяку за благаслаўленне дзіцём на алтар Пана.

Андрэй і Святлана са слязьмі на вачах распавядалі сваю гісторыю, па чарзе дапаўняючы адно аднаго. Хутчэй за ўсё, гэта не адзіная пара, у жыцці якой здзейсніўся цуд веры, умення чакаць і давяраць Богу…

Аксана Ючкавіч, фота аўтара і Аляксандры Шчыглінскай

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.